У зладжанасці — сіла і поспех


Згуртаваны адной справай, адным клопатам, калектыў аддзялення крымінальнага вышуку нашага аддзела заўсёды гатовы да напружанай самаадданай працы. Ніхто не лічыцца з асабістым часам, таму і прыйшлі да свайго прафесійнага свята супрацоўнікі з добрымі вынікамі, занялі лідзіруючае становішча сярод аднайменных падраздзяленняў раёнаў вобласці.

З пачатку года на тэрыторыі раёна здзейснена больш  за 200 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. З іх 80,6 працэнта раскрыта. Не ў крыўду суседзям, але, скажам, у Брагінскім раёне гэтая лічба склала 71,7, Лоеўскім – 65,1, Калінкавіцкім – 57,4 працэнта. З ліку здзейсненых злачынстваў 42 адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх (забойствы, разбоі, згвалтаванні і інш), 40 з якіх ужо раскрыта.

Трэба адзначыць, што супрацоўнікі аддзялення праводзяць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы не толькі па ўстанаўленню асоб, якія здзейснілі злачынствы сёлета, але і па нераскрытых у мінулыя гады. Так, устаноўлены злачынца, які ў маі 2007 года забіў састарэлую жанчыну ў раёне адміністрацыйнага будынка райпо. У бліжэйшы час ён прадстане перад судом. Шмат сіл і ўмення спатрэбілася, каб выйсці на след злачыннай групоўкі, якая пазбавіла жыцця вартаўніка ПМК, затрымаць членаў яе і вярнуць украдзеныя краны будаўнічай арганізацыі.

Па абавязках службы я курырую работу аддзялення крымінальнага вышуку і з задавальненнем хачу адзначыць, што ў калектыве падабраліся граматныя, прафесійна падрыхтаваныя людзі, якім пад сілу выкананне самых складаных задач па прадухіленню і раскрыццю злачынстваў. Яны шукаюць новыя падыходы ў рабоце, шырока выкарыстоўваюць розныя формы і метады аператыўна-вышуковай дзейнасці, дакладна ўзаемадзейнічаюць з іншымі падраздзяленнямі аддзела і праваахоўнымі структурамі. Ганаруся, што ў падначаленні маім афіцэры, якія гатовы ў любое надвор’е, днём і ўначы з гонарам выконваюць свой прафесійны абавязак. Гэта начальнік аддзялення маёр міліцыі В.В. Каток, старшыя оперупаўнаважаныя маёр А.П. Лушч і капітан В.А. Котчанка, оперупаўнаважаныя маёр І.М. Дземідзенка і старшы лейтэнант М.М. Якунін.

Напярэдадні прафесійнага свята асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць ветэранам, якія ўнеслі дастойны ўклад у навучанне і выхаванне новага пакалення хойніцкіх сышчыкаў і перадалі сваю справу ў надзейныя рукі. Гэта падпалкоўнікі запаса Л.В. Грыгаровіч, У.А. Шаўчук, А.У. Ільічоў. Іх веды і вопыт сёння запатрабаваны і вельмі важныя для навучання і выхавання маладых вартавых правапарадку.

Шчыра жадаю ўсім супрацоўнікам і ветэранам крымінальнага вышуку добрага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, поспехаў у справе служэння Айчыне.


С. БАРЫСЕНКА,
першы намеснік начальніка РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *