Насельніцтву — чыстае малако


Па даных абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, зарэгістраваны  выпадкі перавышэння ўтрымання стронцыю-90 у малацэ кароў прыватнага сектара (больш за 3,7 Бк/кг) з населеных пунтаў Малішаў, Навасёлкі і Стралічава Хойніцкага раёна. З мэтай максімальна магчымага зніжэння ўтрымання стронцыю-90 у малацэ кароў для гэтых населеных пунктаў у інстытуце радыялогіі г. Гомеля быў распрацаваны праект размяшчэння сенакосаў і пашаў для жывёлы прыватнага сектара. Улічваліся ў першую чаргу шчыльнасць радыеактыўнага забруджвання ўчасткаў, узровень урадлівасці глебы і аддаленасць ад населеных пунктаў (не больш чым 3 км).

Згодна з Інструкцыяй аб парадку арганізацыі і кантролю работ па стварэнню і выкарыстанню палепшаных кармавых угоддзяў для жывёлы, якая знаходзіцца ў асабістым карыстанні грамадзян, на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання гэтыя работы выконваліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У маі-чэрвені 2009 года згодна з рэкамендацыямі праекта, пры навуковым суправаджэнні інстытута радыялогіі, Хойніцкім ПМС былі выкананы работы па стварэнню кармавых угоддзяў у трох населеных пунктах для асабістай жывёлы насельніцтва з разліку 1 га на карову (0,5 га сенакосаў, 0,5 га пашаў). Для залужэння выкарыстоўваліся закупленыя ў КСУП “Насенне траў” шматкампанентныя сумесі, у састаў якіх уваходзілі аўсяніца трыснёгавідная, цімафееўка лугавая, яжа зборная, канюшына белая, канюшына лугавая. У жніўні супрацоўнікамі інстытута быў абследаваны стан травастою створаных кармавых угоддзяў і адабраны пробы зялёнай масы і глебы для вызначэння стронцыю-90. Для ўсіх пашаў характэрна добрая гушчыня бабова-злакавага травастою. З мэтай умацавання дзёрану першы ўкос сёлета выкарыстоўваўся для нарыхтоўкі сена, а выпас жывёлы будзе праводзіцца ў наступным годзе пры добра сфарміраваным дзёране.

Утрыманне стронцыю-90 у зялёнай масе створаных пашаў склала: н.п. Малішаў – 26 Бк/кг, Навасёлкі – 17,4 Бк/кг, Стралічава – 14,0 Бк/кг. Пры каэфіцыенце пераходу стронцыю-90 з рацыёна каровы ў малако, які складае 0,14 працэнта, утрыманне стронцыю-90 у малацэ кароў н.п. Малішаў будзе 1,82 Бк/л, Навасёлкі – 1,21 Бк/л, Стралічава – 0,98 Бк/л, што значна ніжэй устаноўленага нарматыву (3,7 Бк/л).


Л. ВАСПУКОВА,
вядучы інжынер РНДУП “Інстытут радыялогіі”.


Месцазнаходжанне створаных культурных кармавых угоддзяў


Для выпасу буйной рагатай жывёлы, якая знаходзіцца ў карыстанні жыхароў вёскі Стралічава, створана кармавое ўгоддзе паміж вёскамі Стралічава і Губарэвічы (каля возера).

Для выпасу кароў прыватнага сектара вёскі Навасёлкі – у 100 метрах ад вёскі Навасёлкі ў бок вёскі Дворышча.

Паша для выпасу жывёлы прыватнага сектара вёскі Малішаў створана ў канцы цэнтральнай вуліцы вёскі злева.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *