Рукавы, поўныя зерня

Сельское хозяйство

Актыўна вядуць уборку кукурузы на зерне ў сельгаспрадпрыемстве “Аравічы”. Кукурузны клін у гаспадарцы сёлета заняў 680 гектараў, з якіх 185 былі адведзены на вырошчванне кукурузы на зерне. Сярэдняя ўраджайнасць тут з’яўляецца самай высокай у раёне – 64,4 цэнтнера з гектара.

“Каралева палёў” у гэтым годзе ўрадзіла на славу –  амаль трохметровай сцяной узняліся пасевы, якія, як і патрабуе тэхналогія вырошчвання, былі падкормлены азотнымі ўгнаеннямі і своечасова, у поўным аб’ёме апрацаваны супраць пустазелля.

Уборку кукурузы на зерне вялі тры камбайны КЗС, на якіх працавалі Сяргей Леанідавіч Грытчанка (на здымку), Уладзімір Міхайлавіч Фешчанка і Аляксандр Іванавіч Краснаселец. Усе яны вопытныя механізатары, старанныя і руплівыя працаўнікі. Тэхніка, задзейнічаная на ўборачных работах, была належным чынам падрыхтавана, забяспечана палівам, таму і асаблівых праблем не ўзнікала. З уборачнай кампаніяй механізатары гаспадаркі справіліся на працягу дэкады.

Праўда, нельга не адзначыць шкоды, якую нанеслі пасевам кукурузы дзікі. Цэлымі статкамі пасвіліся лясныя жыхары на кукурузных палетках, знішчыўшы пры гэтым на розных участках ад 20 да 30 працэнтаў ураджаю.

З поля зерне дастаўлялася на спецыяльную пляцоўку для плюшчэння. Яго адвозкай на аўтамабілі МАЗ займаўся вадзіцель Уладзімір Вячаслававіч Цішкевіч.

Пасля таго як зерне праходзіла праз плюшчыльны агрэгат, да яго дадаваліся кансерванты, а потым яно з ушчыльненнем аўтаматычна ўкладвалася ў спецыяльныя рукавы, кожны з якіх умяшчае па 80 тон зерня. Усё яно зімой пойдзе на корм жывёле.

Плюшчанае зерне як каласавых культур, так і кукурузы, ахвотна паядаецца каровамі і таму з’яўляецца карыснай і неабходнай часткай сутачнага рацыёну жывёлы. Яго ўжыванне  спрыяе павышэнню вытворчасці малака, і таму ў “Аравічах” пры плане нарыхтоўкі 300 тон у рукавы закладзена 580 тон зерня.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *