З 14 па 24 кастрычніка ў нашай рэспубліцы праводзіцца чарговы перапіс насельніцтва. Ен дазволіць атрымаць дакладныя, падрабязныя і унікальныя даныя аб колькасці насельніцтва па стану на 14 кастрычніка, яго размяшчэнні на тэрыторыі краіны, размеркаванні па полу, узросту, знаходжанні ў шлюбе, узроўні адукацыі, нацыянальнасці, роду дзейнасці.
Збор персанальных даных будзе ажыццяўляцца шляхам апытання і запаўнення перапісных лістоў пры наведванні дамоў і кватэр жыхароў раёна. Апытанне праводзяць спецыяльна падрыхтаваныя работнікі – перапісчыкі, якія наведаюць вас, паважаныя хайнічане, не менш 2 разоў. У першы раз – з 9 па 12 кастрычніка з мэтай удакладнення зручных для вас даты і часу апытання, у другі – з 14 па 24 кастрычніка непасрэдна для запаўнення перапісных лістоў. Перапісчык у абавязковым парадку павінен прад’явіць пасведчанне перапіснога персаналу.
Калі вы па нейкай прычыне не хочаце, каб перапісчык наведаў вас дома, можаце прыйсці на стацыянарны ўчастак у зручны для вас час, паведаміць свае персанальныя даныя.
На час перапісу ў раёне з 8.00 да 12.00 і з 17.00 да 21.00 будуць функцыяніраваць стацыянарныя ўчасткі: у горадзе – адміністрацыйны будынак райпо (вул. Калесніка, 61), адміністрацыйны будынак Хойніцкага торфабрыкетнага завода (вул. Міра,11), ДПТВ-183 (вул. Калесніка, 2а), ЖЭУ (вул. Лермантава, 1), адміністрацыйны будынак аддзела адукацыі (вул. К. Маркса, 19); у вёсках – адміністрацыйныя будынкі Велікаборскага, Стралічаўскага і Дварышчанскага сельскіх Саветаў.
Канфідэнцыяльнасць персанальных даных гарантуецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб перапісу насельніцтва”. Тэхналогія апрацоўкі даных да мінімуму скарачае кола асоб, якія маюць доступ да перапісных лістоў. Электронная база не будзе ўтрымліваць прозвішчаў, імён і імён па бацьку.
Акрамя таго, з 9 кастрычніка ў аддзеле статыстыкі па Хойніцкаму раёну будзе арганізавана з 8.00 да 21.00 “гарачая лінія”. Па тэлефону 2-10-83 можна будзе атрымаць адказ на любое пытанне, якое датычыць перапісу насельніцтва.
У праграме перапісу, якая зацверджана ўрадам краіны, – 37 найбольш важных пытанняў. Яны датычаць грамадзянства, нацыянальнасці, валодання мовамі, адукацыі, крыніц сродкаў да існавання, колькасці народжаных дзяцей, жыллёвых умоў і г.д. Гэтая інфармацыя мае выключнае значэнне для выяўлення сучасных працэсаў і тэндэнцый у развіцці грамадства ў цэлым, асобных груп насельніцтва і рэгіёнаў. Вынікі перапісу будуць шырока выкарыстоўвацца ў сферы дэмаграфічнай і сацыяльнай палітыкі, для выпрацоўкі прагнозаў і праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Першыя вынікі перапісу мяркуецца атрымаць да 1 верасня 2010 года. Яны будуць выдадзены ў друкаваным варыянце, а таксама размешчаны на web- сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Т. ПІВАВАР,
начальнік аддзела статыстыкі па Хойніцкаму раёну.