Спартыўнымі гульнямі і спаборніцтвамі, фізічнымі практыкаваннямі і тэматычнымі інсцэніроўкамі была насычана праграма раённага семінара пад назвай “Фізкультура і спорт – здароўе нацыі”, які прайшоў у Судкоўскай сярэдняй школе. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкома, кіраўнікі і настаўнікі фізічнай культуры школ і загадчыкі дзіцячых садоў раёна.
Увага была сканцэнтравана на вопыце сумеснай работы школы з сельвыканкомам, медустановай, СДК, сельгаспрадпрыемствам па арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце з моладдзю.
Шчыра вітала ўдзельнікаў семінара дырэктар школы Ж.А. Сяргеенка. Яна падкрэсліла, што спорт развівае не толькі цела, але і дух, таму прывіваць любоў да фізічнай культуры і актыўнага адпачынку ў рабят – важная задача ўзначальваемага калектыву.
Права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым спартсменам школы Ганне Жаўняк і Дзмітрыю Сянько. Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства закіпелі спартыўныя страсці: за права быць лепшай змагаліся дзве каманды. Вучні школы прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку і інтэлектуальныя здольнасці.
Ноткі запалу і бадзёрасці ў свята здароўя і маладосці прыўнеслі скамарохі, якія забаўлялі гасцей разнастайнымі гульнямі. Не абышлося без задорных песень і танцаў. Іх падарылі прысутным удзельнікі ансамбля “Судкаўчанка”, а таксама баяністы і вакалісты Судкоўскай сярэдняй школы.
Мерапрыемства пакінула ў прысутных добрыя ўражанні і шмат пазітыўных эмоцый. Пры падвядзенні вынікаў семінара адзначалася важнасць уцягнення дзяцей у спорт пры дапамозе заняткаў фізічнай культуры і сумеснай работы з тэрытарыяльнымі сацкультустановамі.
Наталля ЧЭКАН.