Цяпло дамашняга ачага


Са сваім будучым мужам Мікалаем Цыбульскім студэнтка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Вольга Барысенка пазнаёмілася ў 1998 годзе ў родных Хойніках. Як высветлілася, юнак у той час вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні таго ж інстытута. Шлюбы, як вядома, заключаюцца на нябёсах, таму нельга з упэўненасцю сказаць, ці то вучоба ў адной ВНУ, ці агульныя захапленні, ці яшчэ нейкія іншыя акалічнасці зблізілі маладых людзей, але факт застаецца фактам: у 2002 годзе ў нашым горадзе з’явілася яшчэ адна маладая сям’я. На дзень вяселля Вольга Міхайлаўна ўжо 2 гады адпрацавала афтальмолагам у нашай раённай бальніцы. А Мікалай Уладзіміравіч закончыў медінстытут у 2005 годзе і таксама стаў тут дыпламаваным ЛОР-урачом.

У 2003 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся першынец – сын Саша, у 2007-м – другі сын Андрэй. А ў ліпені гэтага года на свет з’явіўся Ванюша. Адметна тое, што старэйшыя хлопцы сябруюць паміж сабой: малодшы Андрэй заўсёды з нецярплівасцю чакае, калі Саша вернецца дамоў з гімназіі, першакласнікам якой ён стаў гэтай восенню. Светлавалосаму кучарашку Андрэйку, гарэзніку і непаседзе, больш падабаюцца рухомыя гульні. А вось Саша, як і належыць старэйшаму брату, больш спакойны і разважлівы. Яго цягне да камп’ютэра, падабаюцца кніжкі-расфарбоўкі і дзіцячыя часопісы.

За хлопцамі, калі яны дома, заўсёды ўважліва назірае маці: дзеці ж ёсць дзеці. Хаця ў Вольгі Міхайлаўны зараз хапае клопатаў з трохмесячным Ванюшкам. Тым не менш, на абед і пасля работы мужа сустракае чысцінёй, парадкам і смачнымі, разнастайнымі стравамі. Гатаваць Вольга Міхайлаўна любіць і ўмее.

– Усё, прыгатаванае нашай любімай мамай, вельмі смачнае, – гаворыць Мікалай Уладзіміравіч, – супы і баршчы, салаты і мяса. Але больш за ўсё нашым мужычкам падабаюцца чэбурэкі і чахахбілі – курыца, засмажаная па-грузінску з памідорамі і вялікім мноствам спецый.

Канешне, справіцца з трыма хлопцамі няпроста. А яшчэ ж трэба і на кухні, і ў ваннай з мыццём справіцца, і ўборкай заняцца. Аднак жанчына паспявае ўсюды і ў іх невялікай двухпакаёвай кватэры трывала ўсталяваліся ўтульнасць, чысціня і асаблівае сямейнае цяпло, да якога заўсёды так прыемна вяртацца. Галоўная заслуга ў гэтым, канешне ж, Вольгі Міхайлаўны, якая з гонарам спраўляецца з абавязкамі захавальніцы дамашняга ачага. 

Многа дапамагаюць бацькі – Міхаіл Мікалаевіч і Алена Міхайлаўна Барысенка, маці і бацька Мікалая Таццяна Мікалаеўна Сямёнава і Рыгор Аляксандравіч Пінчук. А калі ўсе родныя і блізкія на выхадных збіраюцца разам, то ўжо і цеснавата становіцца ў двухпакаёвай кватэры ўрачоў Цыбульскіх.

Перад пачаткам будаўніцтва першага кааператыўнага дома сям’я Цыбульскіх мела намер уступіць у кааператыў. Аднак, падумаўшы, Вольга Міхайлаўна і Мікалай Уладзіміравіч вырашылі пабудаваць свой дом – вялікі і ўтульны.

Ужо вызначаны ўчастак на вуліцы Берагавога, а зараз сям’я займаецца афармленнем неабходных дакументаў.

– Наш будучы дом будзе не толькі ўтульным, але і прасторным: каб было дзе і гасцей прыняць, і дзецям пабегаць. А яшчэ вельмі падабаюцца мне зялёныя насаджэнні – кветкі, вазоны, кустоўе, дрэвы. Іх таксама многа будзе і ў доме, і на ўчастку. Абавязкова паставім сваю лазнечку, у якой можна будзе не проста папарыцца і прыемна правесці час, але і выганяць прастуды, іншыя хваробы, – марыць Вольга Міхайлаўна.

Верыцца, што планы гэтыя здзейсняцца. І яшчэ адной шчаслівай і забяспечанай сям’ёй у нашай краіне стане больш.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *