Жыве духоўнасць
Нешта адбылося ў свеце гэтым
І на зло прырода плоціць злом,
То задуе сухавеем-ветрам,
То залье ў Піліпаўку дажджом.
Воблакі плывуць шматкамі веры
У дабро, спагаду і любоў.
Дзе ж нас навучылі піць без меры,
Па разліку выбіраць сяброў?
У якую ж гэта было лету,
Каб усё хавалі пад замок?
Невук сябе лічыць пупам свету,
Бо з пасады ўварваў кусок.
Калі ноч чарней, то быць світанню,
Скрадуць цемру сполахі зарніц.
Вось таму і не зацягне тванню
У народзе чысціню крыніц.
Бо жыве духоўнасць, не забіта,
Заўжды к сонцу цягнецца расток.
Будзем жыць пакуль мы сеем жыта,
Пакуль верша пішацца радок.
Красавала ніва каб улетку,
Шчодра адплаціла каб жніўё,
Трэба каб насенне на палетку
Не склявала прагна вараннё.