Бізнес малы — справы вялікія


Роля малога бізнесу вызначаецца яго ўплывам на павышэнне сацыяльнай стабільнасці, рэгіянальнае развіццё, паскарэнне ўкаранення інавацый, адаптацыю рыначнага попыту тавараў, работ, паслуг да наяўных патрэбнасцей. Але самае галоўнае тое, што з’яўленне прыватных прадпрыемстваў дае спажыўцу права выбару. Аб развіцці малога бізнесу на Хойнікшчыне размова карэспандэнта “ХН” з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкома Л.М. ЛАГВІНЕНКА.

– Людміла Мікалаеўна, раскажыце спачатку аб колькасным саставе прадпрыемстваў малога бізнесу і ў якіх напрамках яны працуюць.

– На цяперашні час у нашым раёне зарэгістравана 36 прадпрыемстваў малога бізнесу, з іх 29 уноўствораных, у тым ліку сёлета зарэгістравана 6 прадпрыемстваў. Асноўную ўдзельную вагу сярод іх займаюць 16 прадпрыемстваў рознічнага гандлю і 9 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Маецца па аднаму прыватнаму прадпрыемству, якія аказваюць наступныя паслугі: па рамонту сістэм ацяплення і водазабеспячэння, па зварцы металічных канструкцый, па вытворчасці вокнаў і дзвярэй з ПВХ, па рэкламе і аказанню цырульніцкіх паслуг. Таксама ў нашым раёне ажыццяўляе дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю “Экаформрэсурс”, якое займаецца вытворчасцю тарфяных брыкетаў.

– Як вядома, у Рэспубліцы Беларусь праводзіцца мэтанакіраваная работа па развіццю малога прадпрымальніцтва. Што робіцца, у прыватнасці, для таго, каб людзі маглі адкрыць сваю справу?

– Па-першае, прыняты шэраг мер па спрашчэнню працэдуры стварэння малога бізнесу, у тым ліку скарочана колькасць дакументаў, неабходных для рэгістрацыі прадпрыемства і атрымання спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), адпрацавана працэдура продажу дзяржаўнай маёмасці без праваўстанаўліваючых дакументаў з устанаўленнем пачатковай цаны продажу роўнай адной базавай велічыні.

Працэдура рэгістрацыі прадпрыемства пры падачы неабходнага пакета дакументаў зараз займае не больш чым паўгадзіны. Пры гэтым прадстаўніку прадпрыемства адразу выдаецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы і зарэгістраваны статут, з якім ён можа звяртацца па выраб пячаткі і адкрыцця рахунку ў банку. Акрамя таго, адменена ўзгадненне эскізу пячаткі, значна спрошчана працэдура адкрыцця рахунку. Немалаважна і тое, што адменены вызначаны раней мінімальны памер устаўнога фонду. Узгадніць назву прадпрыемства можна ў аддзеле эканомікі райвыканкома як асабіста, так і адправіўшы пісьмовую заяву.

Адным са стрымліваючых фактараў адкрыцця сваёй справы з’яўляецца адсутнасць неабходных ведаў пры падрыхтоўцы розных дакументаў, навыкаў вядзення бізнесу. Таму спецыялістамі нашага аддзела аказваецца кансультацыйная дапамога па пытаннях арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, па асвятленню норм дзеючага заканадаўства, у падрыхтоўцы неабходных дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі, атрыманні ліцэнзіі на права ажыццяўлення рознічнага гандлю і грамадскага харчавання. Таксама аказваецца суправаджэнне дзейнасці ўноўствораным юрыдычным асобам прыватнай формы ўласнасці. Падрабязная інфармацыя аб працэдуры рэгістрацыі прыватных прадпрыемстваў размешчана на афіцыйным сайце райвыканкома. Акрамя таго, у раёне функцыяніруе цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва пры ўстанове адукацыі “Дзяржаўны вучэбна-курсавы камбінат падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Хойніцкага райвыканкома”, якая размешчана па вуліцы Карла Маркса, 26 горада.

– Для стварэння прадпрыемства малога бізнесу ў першую чаргу неабходна памяшканне.

– Аддзел эканомікі вядзе актыўную работу па інфармаванню патэнцыяльных пакупнікоў аб наяўных у раёне невыкарыстоўваемых аб’ектах нерухомасці. Інфармацыя аб гэтым размешчана на стэндах у райвыканкоме, на афіцыйным сайце райвыканкома, а таксама публікуецца на старонках нашай раённай газеты. Вядзецца база даных патэнцыяльных пакупнікоў, якім потым паведамляецца час для правядзення аўкцыённых таргоў.

Так, сёлета на таргах ТДА “ПірамСервіс”, дырэктарам якога з’яўляецца Ігар Віктаравіч Сянгаеў, была набыта маёмасць КУП “Аравічы”, размешчаная каля рынку “Юбілейны”.  ТДА “ТаццянаЕўраГандаль” (дырэктар Наталля Уладзіміраўна Сянгаева) набыта маёмасць КДУПМС “Хойніцкае ПМС” для арганізацыі прыдарожнага сервісу.

Таксама ў верасні гэтага года для арганізацыі і вядзення гаспадаркі ў бязвыплатнае карыстанне перададзена маёмасць КСУП “Судкова” – збожжасклад і тры цялятнікі фермерскай гаспадарцы “Наш Пан”, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і гароднінных культур, а таксама займаецца вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі. Умовамі прадастаўлення гэтай маёмасці ў бязвыплатнае карыстанне  з’ўляюцца стварэнне не менш пяці рабочы месц і ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу тэрміна рэалізацыі інавацыйнага праекта, забеспячэнне захаванасці перадаваемай маёмасці.

29 верасня сёлета зарэгістравана прыватнае прадпрыемства па вытворчасці газасілікатных блокаў, тратуарнай і бардзюрнай пліткі, якому была аказана не толькі кансультацыйная дапамога ў асвятленні дзеючага заканадаўства па падаткаабкладанню, але і ў падборы будынка для вытворчасці прамысловай прадукцыі ў сельскай мясцовасці. Бо ў гэтым выпадку прадпрыемства карыстаецца льготамі пры падаткаабкладанні.

У цяперашні час спецыялістамі аддзела эканомікі рыхтуецца пакет дакументаў для арганізацыі і правядзення аўкцыённых таргоў з устанаўленнем пачатковай цаны продажу роўнай адной базавай велічыні будынка кацельні ў вёсцы Барысаўшчына.

– Людміла Мікалаеўна, чым могуць сёння пахваліцца нашы прадпрыемствы малога бізнесу, ці ведаюць аб іх за межамі раёна?

– ТДА “ПірамСервіс” па выніках работы за 2008 год прызнана лаўрэатам конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2008 года ў Гомельскай вобласці” ў сферы вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і ўзнагароджана Дыпломам. Гэта першае ў раёне прадпрыемства, якое займаецца не толькі ўстаноўкай, але і вытворчасцю вокнаў і дзвярэй з ПВХ і мае сертыфікат адпаведнасці на прадукцыю, якую вырабляе. У цяперашні час на прадпрыемстве працуе 7 чалавек, у перспектыве стварэнне яшчэ да 8 рабочых месц, а таксама адкрыццё магазіна па продажу будаўнічых матэрыялаў. Плануецца аказанне паслуг па рэзцы шкла, вырабу дахавых матэрыялаў, адліваў. Прадпрыемства працуе не толькі на рынку нашага раёна, але і аказвае паслугі па вытворчасці і ўстаноўцы вырабаў з ПВХ у горадзе Гомелі, Рэчыцкім, Брагінскім, Чачэрскім раёнах.

Яшчэ адным прыкладам паспяховага развіцця малога бізнесу можна назваць ТДА “Хойнікі-Люкс”, створанае дзвюма ініцыятыўнымі прадпрымальніцамі Алай Пятроўнай Шынкарэнка і Надзеждай Уладзіміраўнай Снапковай. Пачыналі яны з працы на рынку, затым адкрылі магазін “Усё для вас”. А ў снежні 2008 года з мэтай пашырэння бізнесу, адкрылі цырульню, дзе аказваюцца і паслугі манікюра.

Такім чынам, падводзячы вынікі размовы, хачу адзначыць, што ўсе ўмовы для развіцця малога бізнесу ў нашым раёне ёсць, патрэбны толькі жаданне і ініцыятыва.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *