У перапісу насельніцтва ў нашым раёне задзейнічана 100 спецыяльна падрыхтаваных людзей. Большая частка – 79 перапісчыкаў, ажыццяўляе збор персанальных даных шляхам апытання і запаўнення перапісных лістоў пры наведванні дамоў і кватэр, для 8 чалавек асноўным месцам працы сталі стацыянарныя перапісныя ўчасткі. Кожнаму перапісчыку неабходна сабраць персанальныя даныя ў сярэднім з 300 рэспандэнтаў.
Арганізацыі правядзення перапісу ў нашым раёне нададзена вялікая ўвага. З 9 па 12 кастрычніка праходзіў першы этап перапісу насельніцтва. На працягу чатырох дзён перапісчыкі абыходзілі ўчасткі з мэтай удакладнення зручных для жыхароў даты і часу апытання. У апошні дзень перад пачаткам асноўнай работы задзейнічаныя людзі займаліся сістэматызацыяй папярэдне сабраных даных і распрацоўкай графіка перамяшчэння і прыёму наведвальнікаў на стацыянарным участку.
14 кастрычніка роўна ў 0.00 запрацаваў перапісны механізм агульнарэспубліканскага маштабу. З 8.00 перапісчыкі прыступілі да апытання і запаўнення першых перапісных лістоў. За 11 дзён, менавіта столькі працягваецца перапіс, маладым людзям з зялёнымі сумкамі на рамяні прадстаіць наведаць кожную кватэру, дом. На іх ускладзена адказная місія: нікога не прапусціць і сабраць максімальна аб’ектыўную інфармацыю. Калі гаварыць аб самой кампаніі, стаўка зроблена на зручнасць рэспандэнтаў. Нагадаю, калі чалавек па нейкай прычыне не хоча, каб перапісчык яго наведаў на даму, ён можа прыйсці для паведамлення сваіх персанальных даных на стацыянарны ўчастак.
Хайнічанам неабходна памятаць, што перапісчык узору 2009 года павінен мець пасведчанне перапіснога персаналу з фотаздымкам, пячаткай і ахоўным знакам, зялёны партфель з лагатыпам і святлоадлюстроўваючым элементам, а таксама нагрудны значок з фірменнай сімволікай перапісу. Але калі вы ўсё роўна сумняваецеся, можаце пазваніць на “гарачую лінію” па тэлефоне 2-10-83, назваць прозвішча перапісчыка, які да вас прыйшоў і ўдакладніць, ці сапраўды ён працуе на вашым участку. Адказ атрымаеце неадкладна.
Перапісчык не мае права патрабаваць у вас ніякіх дакументаў і задаваць дадатковыя пытанні, якія не ўтрымліваюцца ў перапісным лісце. Пры гэтым ён павінен прапанаваць грамадзяніну на выбар руска- або беларускамоўную форму апытання. Сама працэдура перапісу займае не больш чым 10-15 мінут.
Т. ПІВАВАР,
начальнік аддзела статыстыкі па Хойніцкаму раёну.