Да юбілею раёнкі: 40 гадоў у журналістыцы
Гэта было так даўно, што часам здаецца: а ці было ўвогуле?
…Стылая вясна 1981 года. Вёска Клівы. Хата бабы Суздаліхі, дзе я, загадчыца вясковай бібліятэкі, здымаю кватэру. Нехта паведаміў, што да мяне прыехалі людзі з раёна. «Напэўна, з цэнтральнай бібліятэкі з праверкай», – думаю, усцягваючы гумавыя боты – інакш па нашай вуліцы не пройдзеш – і накідваючы на плечы лёгкі палітончык, куплены на першым курсе бібліятэчнага тэхнікума за першыя заробленыя на студэнцкай «бульбе» грошы.
Але з «газіка» выходзіць не маё непасрэднае начальства, а рэдактар раённай газеты Арсен Андрэевіч Сакун. Разгубілася: сорамна за свой выгляд, не ведаю, куды падзець вочы…
– Ты, помніцца, на журфак паступаць збіралася? То давай да нас на працу, а вучыцца і завочна можна. Прыходзь заўтра ў рэдакцыю, пагутарым…
Газік ад’язджае, а я стаю разгубленая… Няўжо? Няўжо мая мара пра журналістыку, да якой я так доўга ішла блытанымі шляхамі – праз бібліятэчны тэхнікум, допісы ў розныя газеты, спробы паступіць на журфак і ўладкавацца на работу ў рэдакцыю, год працы ў сельскай бібліятэцы – нарэшце здзейсніцца?!!
Пазней я зразумела, што Арсен Андрэевіч запрасіў на работу вясковую бібліятэкарку, якая час ад часу дасылала ў рэдакцыю свае «пробы пяра», не таму, што былі тыя пробы нейкімі асабліва таленавітымі. Проста выйсця ў яго не было: Паша Якіменка з дэкрэтнага адпачынку яшчэ не выйшла, а Клава Босак толькі нарадзіла, Іван Лазовік пайшоў на пенсію, пачынаецца лета – пара адпачынкаў… А газету ж тры разы на тыдзень выпускаць трэба! Вось і ўспомніў ён пра дзеўчынёху, якая летась мела нахабства прасіць характарыстыку-рэкамендацыю для паступлення на журфак, маючы ў «раёнцы» толькі адну публікацыю, а астатнія – ў іншых, хай сабе абласных і цэнтральных, але ж чужых газетах.
Так у маі 1981 года пачалася мая журналісцкая кар’ера – мяне прынялі на работу карэспандэнтам аддзела сельскай гаспадаркі. Вядома ж, з выпрабавальным тэрмінам: дасылаць раз у месяц заметку ці замалёўку ў газету – гэта адно, а працаваць у рэжыме нон-стоп – зусім іншае.
Выходзіць, сёлета быў юбілей – сорак гадоў споўнілася, як я ем журналісцкі хлеб? Толькі зараз зразумела…
Першае заданне
Загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі тады працаваў Мікалай Цітавіч Шчука – чалавек гарачы і канкрэтны, без усялякіх там «мусі-пусі».
– Так, пойдзеш у калгас імя Калініна – тут недалёка, без машыны абыдзешся. Знойдзеш там парторга, распытаеш, як падрыхтаваліся да нарыхтоўкі кармоў, – даў загадчык аддзела першае заданне пачынаючай журналістцы – быццам сляпое шчаня кінуў у ваду.
Прызнаюся: я «патанула».
Даклыпаўшы да калгаснай канторы, знайшла-такі парторга, прадставілася – рэдакцыйных пасведчанняў у нас не было: Сакуна, Грудніцкую, Кузьменку, Шчуку, Казмерчука і без іх усе ведалі, а маладыя… Хай працуюць так, каб і іх ведалі!
– Раскажыце, як у вас ідзе падрыхтоўка да ўборкі кармоў, – дрыжачым голасам ледзь чутна спытала я сярэдніх гадоў мужчыну: твар і сёння стаіць у вачах, а прозвішча, на жаль, сцёрлася з памяці.
– Вы хацелі сказаць – да нарыхтоўкі кармоў? – з усмешкай пацікавіўся парторг.
Я залілася чырванню: «Божа, які сорам!» – і ўсё, што далей гаварылі, не чула і не разумела.
Словам, першае заданне я праваліла: пра «ўборку кармоў» у калгасе так і не напісала.
Але потым было другое, трэцяе, пятае, дзясятае і наступныя заданні – з імі я справілася больш паспяхова. І ўрэшце выпрабавальны тэрмін прайшла – і засталася ў штаце рэдакцыі.
Першы поспех
У чэрвені таго ж 1981 года настаўніца пачатковай школы з маёй вёскі Уласы, Марыя Адамаўна Палазнічэнка, расказала пра сустрэчу праз сорак гадоў аднакласнікаў, якія закончылі школу ў 1941 годзе. Я, што называецца, праніклася: хлопцы і дзяўчаты адгулялі выпускны вечар – а заўтра была вайна, з якой многія не вярнуліся…
Матэрыял атрымаўся добры, эмацыянальны, шчымлівы. Гэта, па сутнасці, была мая першая журналісцкая ўдача, першы поспех.
На рэдакцыйнай лятучцы мяне хвалілі – і за спіной вырасталі крылы!
А сталічны журналіст-пенсіянер, які падпрацоўваў у нас тым летам, дапамагаючы газеце закрываць кадравыя прарэхі, а сабе – палепшыць матэрыяльнае становішча, тыя крылы абламаў.
– Добры матэрыял, малайчына, – даў ён важкую ацэнку. І дадаў: – Вядома, калі сама напісала…
Не ведаю, як я не расплакалася ў той момант.
Рэдактар паспрабаваў падсаладзіць пілюлю, таксама пахваліў, пажадаў пабольш такіх артыкулаў.
А ў мяне ў душы доўга сядзела стрэмка крыўды: мне не паверылі…
Першая няўдача
Матэрыялы на тэмы маралі ў нас пісала пераважна Тамара Грудніцкая – гэта была яе неаспрэчная прэрагатыва. Але аднойчы я, неаперыўшаяся яшчэ пацанка, нават не разумеючы, што лезу ў чужы агарод, таксама вырашыла паспрабаваць…
Тэму мне падкінула сяброўка. На ферме ў нашай вёсцы пабіліся дзве даяркі. Не з-за палюбоўнікоў і не з-за грошай – з-за дзяцей. Адна на другую раз’юшана кінулася з віламі і нават параніла. Сяброўка ўсё маляўніча расказала, я яшчэ больш маляўніча напісала, адназначна стаўшы на бок адной з жанчын.
– Што, у Грудніцкай хлеб забіраеш? – пажартавала Клава Босак, калі артыкул «Жорсткасць» пад рубрыкай «На тэмы маралі» быў надрукаваны ў газеце.
На лятучцы мяне зноў хвалілі, і ніхто ўжо не дадаваў «Калі, вядома, сама напісала».
А калі прыехала дахаты, мама сказала:
– Не трэба было табе, дачушка, пісаць пра гэта, не разабраўшыся…
…На самой справе ў тым канфлікце ўсё было не так адзначана, як расказвала сяброўка. Я ж, пагнаўшыся за выйгрышнай тэмай, не пагутарыла з даяркамі – ні з адной, ні з другой, палічыла, што і так ўсё зразумела. А калі быць да канца шчырай, то проста пабаялася. І ў выніку пакрыўдзіла чалавека.
Тая незаслужана зняслаўненая мной даярка аказалася мудрай жанчынай – ніколі не ўспамінала мне той артыкул. Але я памятаю пра яго ўсё жыццё. І, пакуль яна жыла, пры сустрэчы заўсёды апускала вочы: папрасіць прабачэння так і не здолела.
Той матэрыял стаў для мяне ўрокам на ўсё жыццё. Ён навучыў, што ў любой канфліктнай сітуацыі заўсёды трэба выслухаць абодва бакі.
А яшчэ – што за маральна-этычныя тэмы трэба брацца, калі ўжо маеш што сказаць, калі за душой пэўны жыццёвы багаж: для таго, каб рабіць важкія высновы, мала ўмець прыгожыя словы складваць у ёмістыя сказы…
Першы «аблом»
Аднойчы – рэдактарам працаваў ужо Уладзімір Сямёнавіч Далгалычанка, а я вырасла з кароткай спаднічкі «пачынаючай», у рэдакцыю завітаў чалавек – звычайны вясковец у картовых штанах і цёмнай (не маркай!) кашулі. З сабой ён прынёс пачатую бутэльку малака, на дне якой сядзела… жаба!!! «Вось, патлумачыў мужчына, – купіў, адкрыў, пачаў піць, а там…»
Я адразу паверыла мужчыну: такія людзі, простыя і шчырыя, не могуць прыйсці у рэдакцыю, каб узвесці на некага паклёп. Але аргумент «Я яму веру» не спрацоўваў. Таму я падключыла да разбіральніцтва санстанцыю, пагутарыла са спецыялістамі сыраробчага камбіната, якія, вядома ж, адмаўлялі саму магчымасць падобнага надзвычайнага здарэння. Тым не менш, я напісала «забойны» фельетон пра жабу ў малацэ. А рэдактар яго «зарэзаў»…
Я вырашыла – пабаяўся начальства ці не захацеў псаваць адносіны з калегамі-кіраўнікамі.
Тады я пакрыўдзілася, доўга дулася на Уладзіміра Сямёнавіча.
А цяпер разумею – напэўна, ён меў рацыю. Ва ўсякім выпаду, стаўшы рэдактарам, я, напэўна, паступіла б гэтак жа. Даказаць стопрацэнтна паходжанне жабы ў малацэ было немагчыма, а нарвацца на непрыемнасці – лёгка.
Настаўнікі
Яны, старэйшыя і больш вопытныя калегі, вучылі не тым, што тлумачылі, як, пра што, якімі словамі трэба пісаць, а ўласным прыкладам.
– Гэта праклён – быць журналістам! Нават у кіно немагчыма схадзіць спакойна! – абуралася ранкам Тамара Грудніцкая – і літаральна праз гадзіну на стол адказнага сакратара лажыўся крытычны матэрыял аб парадках у кінатэатры. А я рабіла для сябе выснову: трэба ўсё заўважаць, прыкмячаць – і ніколі не заставацца раўнадушным: работа ў мяне такая.
– Нінка, напішы подпіс да здымка на 20 радкоў, – з ліслівай усмешкай падыходзіў да стала «аўта-мота-фота-хват», як ён сам сябе празваў, фотакарэспандэнт Анатоль Казмярчук. А на маё абурэнне: дык што ж я напішу, калі вядома толькі прозвішча і месца работы, адказны сакратар Мікалай Крупейчанка філасофскі заўважаў:
– Ну, калі столькі інфармацыі, то можна нарыс пісаць, а не подпіс да здымка.
І расказваў, як яны з сябрам юнацтва Уладзімірам Далгалычанкам, пачынаючыя журналісты, пісалі ў свой час такія нарысы. Я, пасмяяўшыся, таксама пачынала нешта прыдумляць пра сонца ў небе і вецер у жыце…
– Трэба скараціць радкоў 30 – не лезе, – лажыў на стол гранкі майго артыкула Мікалай Крупейчанка.
І на шчырае абурэнне, што скараціць немагчыма ні радка, ні слова, бо там усё – самае-самае, браў аловак – і крэмзаў, рэзаў па-жывому нованароджанае «дзіця», прыгаворваючы: «Падумаеш, вялікія пісьменнікі…». І я выхоплівала аловак і беражліва, стараючыся не пашкодзіць сутнасць, выкрэслівала патрэбныя 30 радкоў, успамінаючы выказванне Чэхава пра тое, што сцісласць – сястра таленту, дапоўненае невядомым журналістам, што яшчэ і мачыха ганарару.
Арсен Сакун, Уладзімір Далгалычанка, Тамара Грудніцкая, Мікалай Кузьменка, Мікалай Крупейчанка, Клаўдзія Босак, Праскоўя Якіменка, Мікалай Шчука, Генадзь Чачанкоў, Анатоль Казмярчук, Надзея Ходас, я вучылася ў вас усяму – прафесіяналізму, адносінам да справы і да жыцця, таму, як трэба і як не варта рабіць.
Я пакінула Хойнікі напрыканцы 1989 года. У Астраўцы мне доўга не хапала нашай рэдакцыі, дзе ўвесь час нешта адбывалася, жыццё кіпела і віравала.
Без залішняй сціпласці магу сказаць, што адбылася як журналістка: на працягу 26 гадоў працавала галоўным рэдактарам Астравецкай раённай газеты, неаднаразова перамагала ў рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах, выдала чатыры кнігі прозы і публіцыстыкі, на падыходзе пятая.
А ўсё дзякуючы таму, што некалі, больш як 40 гадоў таму, Арсен Андрэевіч Сакун паверыў, што з сарамлівай, закамплексаванай вясковай бібліятэкаркі ў гумовых ботах можа атрымацца сапраўдная журналістка.
Ніна РЫБІК, член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі.