Ведаць правы, выконваць абавязкі


Пешаход – самы масавы ўдзельнік дарожнага руху, згодна з патрабаваннямі ПДР надзелены правамі і абавязкамі. Статыстыка аварыйнасці сведчыць аб тым, што пераважным відам ДТЗ з’яўляюцца наезды на пешаходаў. Прычын многа, але галоўнымі з’яўляюцца невыкананне імі сваіх абавязкаў і няведанне навыкаў бяспечных паводзін на дарогах.

Асабліва небяспечна перасякаць праезную частку дарогі ў цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці, бо пешаход бачыць аўтамабіль з уключанымі фарамі, а вадзіцель можа не заўважыць пешахода. Ен пры руху ў цемры па неасветленых дарогах бачыць толькі тую частку шляху, якая асветлена фарамі аўтамабіля. Невыразны сілуэт пешахода або гужавай павозкі поўнасцю зліваецца з цемрай і становіцца практычна нябачным. У цемры вадзіцель заўважае чалавека без флікера ў сярэднім на адлегласці 25 метраў. У яго застаецца вельмі мала часу для манеўравання. Пры гэтым цёмнае адзенне паглынае святло і, як правіла, менш прыкметнае для вадзіцеля. У сувязі з гэтым дзецям рэкамендуецца насіць светлую вопратку.

Адзенне з устаўкамі з святловяртаючага матэрыялу, а таксама павязкі і значкі з яго робяць пешахода прыкметным у цемры з месца вадзіцеля пры бліжнім святле фар на адлегласці каля 140-180 метраў, пры дальнім – 400 метраў. Многія пешаходы, асабліва дзеці, гэтага не ведаюць і падвяргаюць сябе небяспецы.

І ў Правілах не ўказана, што нашэнне святловяртаючых элементаў абавязковае для пешаходаў толькі пры руху за горадам, як лічаць некаторыя грамадзяне. У гарадах ёсць участкі, дзе адсутнічаюць тратуары (або іх зусім няма, або на іх месцы вядуцца якія-небудзь рамонтныя работы). Пры руху на гэтых участках у цёмны час сутак гараджанін абавязаны абазначыць сябе святловяртальнікам.

Найбольш эфектыўна, калі пешаход носіць святловяртаючыя павязкі на абедзвюх руках або нагах.  

З пачатку года за парушэнне правіл дарожнага руху ў нашым раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 696 пешаходаў, веласіпедыстаў, пагоншчыкаў гужавога транспарту. Лічба прымушае задумацца.


У. ТАЛЮК,
в.а. начальніка аддзялення ДАІ РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *