Бягучы год для нашага раёна быў адным з самых паспяховых за апошнія гады ў плане нарыхтоўкі кармоў для зімоўкі грамадскага статка. Па стану на 14 кастрычніка ў сярэднім па раёну нарыхтавана 28,18 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А ў сельгаспрадпрыемствах імя Мележа і “Веляцін” гэты паказчык перавысіў за 30 ц к.а. – адпаведна 30,39 і 30,15. Такія паказчыкі дасягнуты не толькі дзякуючы ў цэлым спрыяльным умовам надвор’я, але і самаадданай працы ўсіх, хто быў заняты на нарыхтоўцы кармоў.
Калі разглядваць сітуацыю асобна па відах кармоў, то найбольш паспяхова папрацавалі гаспадаркі раёна па закладцы сіласу. Пры плане 103 тысячы тон па стану на 14 кастрычніка ў траншэі закладзена 146212 тон (улічваючы травяны і кукурузны сілас). Асабліва пастараліся ў сельгаспрадпрыемствах імя Мележа (29027 т), “Веляцін” (25278 т), “Аравічы” (23987 т). Добра ўрадзіла сёлета і кукуруза: па стану на гэтую ж дату ў гаспадарках раёна закладзена 83698 тон кукурузнага сіласу.
Не падкачала і якасць закладзенага сіласу: з даследаваных нашай лабараторыяй 116285 тон па сухому рэчыву 75 працэнтаў кваліфікавана вышэйшым класам, 19% – першым і 6% – другім. Па ўтрыманню караціну да вышэйшага класа аднесена 14 працэнтаў даследаванага сіласу, да першага класа – 26%, другога – 29%, трэцяга – 19% і 12 працэнтаў кваліфікавана някласным.
Па закладцы сіласу пытанні ўзнікалі толькі ў сельгаспрадпрыемстве “Велікаборскі”, дзе ніяк не могуць захоўваць тэрміны закладкі траншэй. Напрыклад, першую з іх, ёмістасцю 1500 тон, у гаспадарцы пачалі закладваць 27 мая, а закончылі толькі 20 чэрвеня. Другую, на 1700 тон, клалі з 20 чэрвеня па 14 ліпеня. Хаця тэхналагічны тэрмін закладкі 3-5 дзён і ў тым жа сельгаспрадпрыемстве імя Мележа ямы на 2000 і болей тон закладваліся за 2-3 дні няспыннай трамбоўкі. Гэтак жа аптымальна клалі сілас у КСУП “Судкова”, слоў пахвалы заслугоўвае і агракамбінат “Віць”, дзе выправілі аналагічныя памылкі мінулага года.
Пры плане 25 тысяч тон у гаспадарках раёна закладзена 20481 тона сенажу. Перавысілі запланаваныя аб’ёмы сельгаспрадпрыемствы “Судкова” (пры плане 4 тыс. тон закладзена 6870 т), “Стралічава” (3758 пры плане 3500 т), “Веляцін” (3807 пры плане 3100 т), “Хойніцкі Аграсервіс” (2125 пры плане 2000 т).
Што датычыць якасці, то з даследаваных 16335 тон па сухому рэчыву ўся гэтая колькасць кваліфікавана першым класам. Па ўтрыманню караціну да першага класа аднесена 60 працэнтаў даследаванага сенажу, да другога – 33%, да трэцяга – 7%. Высокай якасці закладзенага сенажу спрыяла прымяненне кансерванта “Лаксіл”.
Пры нарыхтоўцы сена не ўдалося выйсці на запланаваныя рубяжы з-за дажджлівай першай паловы лета: нарыхтавана 11132 тоны замест 15500 тон. З гаспадарак раёна найбольш блізка да планавай лічбы падабраліся ў сельгаспрадпрыемствах імя Мележа (нарыхтавана 2750 т пры плане 2800 т) і “Судкова” (2232 т пры плане 2400 т).
Тым не менш, нарыхтаванае сена атрымалі з добрай якасцю. Па сухому рэчыву ўсё яно кваліфікавана першым класам, а па ўтрыманню караціну малюнак такі: 37 працэнтаў – І клас, 46% – ІІ клас, 14% – ІІІ клас, някласным прызнана 14%.
Неабходна адзначыць і той факт, што ў гаспадарках хутка і дакладна выконваліся ўсе выдадзеныя нашай лабараторыяй прадпісанні, аператыўна выконваліся вусныя заўвагі. А гэта сведчыць аб умацаванні выканаўчай дысцыпліны.
Л. СКВАРОК,
ветурач-таксіколаг ДУ “Хойніцкая ветстанцыя”.