У сувязі з рэалізацыяй палажэнняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” ўспомніўся расказ былога загадчыка агульнага аддзела райкома партыі. Ен не мог запатрабаваць у маладога інструктара да ўказанага тэрміну адказ на паступіўшую ў рэдакцыю газеты “Звязда” скаргу ад вяскоўца і, адпаведна, своечасова накіраваць рэагаванне ў рэдакцыю. Хутка раён наведаў намеснік рэдактара гэтай газеты, і тое, што давялося перажыць інструктару, стала ўрокам для многіх: ён атрымаў вымову і не быў звольнены толькі таму, што не працаваў і паўгода.
Унікнуўшы ў сэнс Дырэктывы № 2, нельга не адзначыць строгіх і прынцыповых патрабаванняў да пасадавых асоб, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, да аналітычных служб, выкладзеных у кожным з пунктаў. Гаворыцца ў дакуменце і аб канкрэтных формах работы з грамадзянамі, якія неабходна ператвараць у жыццё. І калі некаторыя з іх, ужо правераныя часам, дзейнічаюць нефармальна, а тэлефонныя “гарачыя лініі”, сустрэчы з насельніцтвам па месцу жыхарства арганізоўваюцца не дзеля “галачкі”, то ўзнятыя грамадзянамі пытанні не застаюцца без увагі. Бо ў многіх выпадках, як паказвае практыка, з чалавекам трэба проста пагаварыць па душах, пастарацца зразумець яго, чэсна ўсё растлумачыць – і праблемы часта могуць быць утрэсены на месцы.
Іншы раз чыноўнікам можа хапіць самага малога – умення ўважліва выслухаць чалавека. Як гэта робяць супрацоўнікі дыспетчарскай службы “адно акно” пры райвыканкоме: начальнік аддзела па зваротах грамадзян, прававому забеспячэнню і справаводству райвыканкома (кіраўнік службы) А.М. Каток, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Л.В. Няволіна і юрыст райвыканкома Т.М. Яськова, спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А.Л. Гайдук.
…Жыхара горада Санкт-Пецярбурга В.А. Махнача сюды прывяла патрэба ў даведцы аб тым, што ён пражываў у горадзе. Выслухаўшы прыйшоўшага, Людміла Віктараўна Няволіна прапанавала напісаць заяву аб аказанні прававой дапамогі.
– А калі даведку можна атрымаць? – спытаў заяўнік.
– На працягу сённяшняга дня, – пачуў у адказ.
Гэты тэрмін падышоў наведвальніку, і ён, падзякаваўшы, чакаў даведку з добрым настроем.
Другому наведвальніку, Я.М. Драздову, які прыехаў з Херсонскай вобласці Украіны, спатрэбіўся дакумент, які б засведчыў яго пражыванне ў адселенай зоне – вёсцы Бабчын. Было растлумачана, што спатрэбіцца звяртацца ў Рэчыцкі архіў. А работнікі службы дапамаглі сабраць неабходныя даведкі для гэтага.
Як расказалі работнікі службы “адно акно”, за 9 месяцаў сёлета прынята 1387 чалавек, задаволена 1426 заяў. Больш усяго – 549 – выдадзена даведак на рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі з уласнага падвор’я. 177 чалавек атрымалі пасведчанне пацярпеўшага ад катастрофы на ЧАЭС. Выдадзены 273 даведкі аб ільготах для непаўналетніх па адпаведных артыкулах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС”.
Як і раней, за ажыццяўленнем адміністрацыйных працэдур звярталіся за гэты перыяд не толькі жыхары нашага горада і раёна, але з многіх куткоў Беларусі, краін СНД.
Клаўдзія МІКАЛАЕВА.