Жыллё патрабуе парадку і чысціні


Дабрабыт і росквіт любой дзяржавы напрамую залежыць ад таго, наколькі спрыяе гэтаму кожны жыхар. Асаблівай увагі, клопату і гаспадарчых рук патрабуе да сябе жыллё. І вельмі прыемна ўсведамляць, што на Хойнікшчыне многа домаўладанняў і пад’ездаў шматкватэрных дамоў, якія могуць прэтэндаваць на званне ўзорных. Гэтаму прысвечаны шэраг публікацый  раённай газеты “Хойніцкія навіны”.

Аднак яшчэ далёка не ўсюды захоўваецца чысціня і дагледжанасць. Вось таму яскравыя прыклады.  Частковага рамонту патрабуюць пад’езды васьмікватэрнага двухпавярховага жылога дома па вуліцы Партызанскай райцэнтра. У гэтым доме толькі дзве дзяржаўныя кватэры, астатнія прыватызаваныя. Значыць, жыхары павінны нароўні з камунальнікамі ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні месц грамадскага карыстання, у даным выпадку, пад’ездаў. Жыльцам было прапанавана набыць фарбу, а зрабіць афарбоўку змаглі б работнікі ЖЭУ. Але водгуку не маем. Чакаюць, калі прыйдуць камунальнікі і зробяць рамонт, жыльцы чацвёртага пад’езда па вуліцы К. Маркса, 12, а таксама іх суседзі па вуліцы К. Маркса, 10. І гэта, на жаль, не адзінкавыя прыклады.

Яшчэ адзін бок праблемы, які заключаецца ў засмечванні каналізацыі. Чаго толькі тут не вышукваюць сантэхнікі, якія займаюцца ачысткай: ад рэшткаў ежы да прадметаў адзення. І калі “вылічыць” вінаватага ў гэтым жыхара дома прысядзібнага тыпу не складае цяжкасцей, то вырашэнне гэтага пытання ў шматкватэрным доме вельмі праблематычна.

Між тым, са строю выходзяць электрапомпы КНС, якія каштуюць мільёны рублёў. А гэтыя сродкі маглі б быць накіраваны на добраўпарадкаванне горада і населеных пунктаў раёна. Да таго ж, работы на прачыстцы каналізацыйных сетак адцягваюць ад выканання іншых, больш важных заявак жыхароў.

Хачу адзначыць, што за парушэнні правіл санітарнага ўтрымання ўнутрыдамавых тэрыторый існуе адміністрацыйная адказнасць. Напамінаю жыхарам яшчэ раз што:




  • усе домаўладальнікі павінны ўтрымліваць у чысціні і добрым стане пад’езды, падвалы, вуліцы, двары, праводзіць афарбоўку агароджы ад вуліцы, паляпшаць афармленне пад’ездаў жылых дамоў;


  • забараняецца выкідваць смецце, выліваць памыі ў каналізацыю і на вуліцу.

За парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжана пакаранне згодна з ч.2 арт. 21.14 КаАП Рэспублікі Беларусь – накладванне штрафаў на грамадзян у памеры ад 3 да 5 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 5 да 10, юрыдычную асобу – ад 10 да 20 базавых велічынь.

Давайце разам змагацца за ўзорны парадак жыллёвага фонду наша горада і вёсак раёна!


А. КЛЮКАЎКІН,
дырэктар КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *