Быццам узор на ручніку

Людзі і лёсы

IMG_9816Ажыўлена і шматлюдна сёння ў доме № 67 па вуліцы Першамайскай аграгарадка Храпкава, дзе жывуць Іван Адамавіч і Марыя Сяргееўна Гушча. Яны адзначаюць 50-годдзе сумеснага жыцця. Па старадаўняй і прыгожай традыцыі гэтую дату ў народзе называюць залатым вяселлем.
Здавалася б, яшчэ нядаўна просты юнак Іван прыкмеціў вучаніцу Храпкаўскай школы прыгажуню Марыю Маркавец. Заляцаўся да яе вельмі прыгожа, і той першы букет півоняў, які падарыў ён дзяўчыне на заканчэнне мясцовай сямігодкі, можна сказаць, паклаў пачатак іх каханню і быў першым крокам да сумеснага жыцця. Іван, старэйшы на пяць гадоў, ужо вывучыўся ў Валгаградскім СПТВ на трактарыста і працаваў у Рудакоўскім будаўніча-мантажным упраў-ленні. Марыя працягвала вучобу ў Гноеўскай (цяпер Віцьеўскай) сярэдняй школе. Сустракаліся на танцах у клубе сваёй вёскі. Іван іграў на гармоніку, але калі Марыя збіралася дамоў, то адразу ішоў яе праводзіць. Вось чаму дзяўчаты прасілі: «Марыйка, не спяшайся, няхай Іван яшчэ пайграе». Ёй у каторы раз даводзілася і адмаўляць, бо назаўтра трэба было ісці ў школу, а шлях да яе зусім не блізкі.
Спачатку ён спадабаўся як цікавы субяседнік. Але пазней Марыя зразумела, што гэта той чалавек, з якім адчуваеш сябе сапраўды надзейна, спакойна, з якім хочаш звязаць сваё жыццё. Да таго, як узнікла цвёрдае рашэнне зарэгістраваць шлюб, прайшло чатыры гады. Часу, каб cпазнаць адзін аднаго, было дастаткова. І ў снежні 1964 года, калі Марыя закончыла дзесяцігодку, дарэчы, на добра і выдатна, згулялі сціплае вяселле.
Новаспечаныя муж і жонка разумелі, якую адказнасць ускладваюць на сябе. І сямейны човен не разбіўся аб быт, аб хвалі перашкод і цяжкасцей. Спачатку жылі з бацькамі мужа, потым разам з імі перасяліліся ў новы прасторны і светлы дом, тым больш, што і сям’я вырасла. Яркім сонечным праменьчыкам была дачка Галіна, якая нарадзілася першай, затым адна за адной з’явіліся на свет Наталля і Алена, а праз дзесяць гадоў – Ірына. Як любы мужчына, Іван Адамавіч марыў аб сыне, аднак вельмі клапаціўся і аб дочках, у вольны ад працы час, як кажуць, не спускаў іх з рук. Дочкі ж раслі паслухмянымі і працавітымі, з маленства дапамагалі бацькам у вядзенні хатняй гаспадаркі. А яна была немалой: карова, конь, свінні, гусі, качкі, куры. Аднак правільна кажуць, што калі ў сям’і спакой і лад, любы пласт работы перавярнуць можна.
Праз чатыры гады пасля нараджэння малодшай дачкі Марыя Сяргееўна з’агітавала мужа паступіць на завочную вучобу ў Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, абодва атрымалі дыпломы па спецыяльнасці «аграном-палявод». З таго часу і да выхаду на пенсію яны працавалі ў КСУП «Судкова»: Марыя Сяргееўна – брыгадзірам Храпкаўскага аддзялення, Іван Адамавіч – на інжынерных пасадах.
– Я вельмі любіла сваю работу, – згадвае Марыя Сяргееўна. – Вельмі прыемна было назіраць, як з маленькага зярняткі вырастае буйны колас, здаецца, толькі ўчора правялі сяўбу, а ўжо з зямлі прабіваецца зялёны парастак.
Яе брыгада была вялікай па плошчы, саўгасны палетак патрабаваў узорнага догляду. Марыя Сяргееўна – гаспадыня слаўная, калектыў пастаянна быў у ліку пераможцаў спаборніцтва. Такі ж шчыры ў грамадскай працы і Іван Адамавіч, аб чым сведчаць яго шматлікія граматы і юбілейныя медалі. Ганарыцца ён сваёй жонкай – за асабістыя поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Марыя Сяргееўна Гушча ўдастоена ордэна «Знак Пашаны».
У той летні вечар 1988 года жонку і маці вельмі чакалі дома. Дочкі накрылі стол прыгожым абрусам, паставілі багатую закуску – высокая ўрадавая ўзнагарода з’явілася падзеяй не толькі для віноўніцы ўрачыстасці, але і для ўсёй сям’і. І такая ўвага вельмі кранула. Тым больш, што так рэдка даводзілася разам пасядзець за святочным сталом, парадавацца дружнаму сямейнаму жыццю, сонцу, поспехам.
– Я сапраўды шчаслівая, – згаджаецца Марыя Сяргееўна. – Сваіх дочак мы вельмі любім, усе яны маюць адукацыю, стварылі свае сем’і. Галіна жыве ў Жлобіне, Наталля – у Касцюкоўцы, малодшыя Алена і Ірына – у Хойніках. У нас з мужам сямёра ўнукаў – пяць дзяўчынак і два хлопчыкі, старэйшы ўнук Вадзім жанаты ўжо, чакаем праўнукаў.
Сакрэтам сямейнага шчасця падзяліўся Іван Адамавіч:
– У сваёй жонцы я цаню цярплівасць, і ў першую чаргу, да мяне. Яна даравала і мой дрэнны настрой, і ўспышкі гневу, таму што разумее мяне. Заўважала, што я запальваюся, як запалка, але ўмела сябе тактоўна паводзіць пры гэтым.
Напэўна, так і ёсць – калі два чалавекі кахаюць адзін аднаго і не могуць адзін без аднаго, то яны абавязкова павінны быць разам. Бо яшчэ вялікі рускі пісьменнік Л.М. Талстой зазначыў: «Калі няма душэўнага спакою, то аб шчасці не можа быць і размовы».
І як добра, што ў Івана Адамавіча і Марыі Сяргееўны ёсць утульны дом, а значыць і душэўная раўнавага, якая з часам толькі нарастае. Апафеоз гэтага пачуцця – іх залатое вяселле.
Ад звонкай вясковай цішыні вярталіся да гарадскога тлуму, спешкі, клопатаў, несучы ў душы свята, якое жывяць розум і пачуцці, мудрыя словы мужа і жонкі Гушча, чыё жыццё немудрагелістае, простае, як узор на беларускім ручніку, і якія, дасць Бог здароўя, згуляюць і брыльянтавае, і кароннае вяселле ў коле дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



1 комментарий по теме “Быццам узор на ручніку

  1. Приятно видеть своих земляков. Дай Бог здоровья и счастья.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *