Сагрэлі дабрынёй і гасціннасцю

Вёсачка мая

1Зіма – чароўны час года. За акном машыны – такое хараство! Быццам шчодры ювелір рассыпаў па зямлі самацветы. На календары 5 снежня. Мы едзем у чарговую вандроўку. Адкінуўшы ўсе думкі і турботы, углядаюся ў гэтую прыгажосць…. Зіма пачынае наводзіць свае парадкі: падшывае белыя каўнерыкі ў ледзяной сукенцы канавы, пакрывае дахі дамоў цёплымі шапкамі, развешвае на дрэвах гірлянды сярэбраных іголачак. З пячных труб сцелецца дымок… Сэрца напаўняецца трапяткім пачуццём нечага цудоўнага, незвычайнага.

3
Сагрэўшыся ў машыне, баязліва выходзіла з яе на холад. Але дарма – замерзнуць мне не далі дабрыня і гасціннасць тутэйшых жыхароў. А прыехалі мы ў вёску Алексічы. Першай, з кім мне пашанцавала пазнаёміцца, была Лідзія Андрэеўна Савянок. Яна якраз выйшла на двор, каб набраць дроў. Мілай бабульцы 76 гадоў. Жыве з мужам Станіславам Рыгоравічам. Яна родам з Алексіч, а ён – з вёскі Нарыманаў, што за Каранёўкай знаходзіцца. Пазнаёміліся ў клубе на танцах. Вяселле згулялі ў 1961 годзе. Усё жыццё працавалі ў калгасе: і ў паляводчай брыгадзе, і на ферме. Выхавалі 8 дзяцей, якія раз’ехаліся па розных гарадах, але часта наведваюць бацькоў.

2
Раней у Алексічах у кожнай хаце па чатыры-пяць дзяцей было. Да вайны тут налічваўся 141 двор, пражывала 580 жыхароў. Меліся школа-сямігодка і царква. Чорным днём у гісторыі вёскі стала 8 жніўня 1942 года, калі карны атрад з Жытоміра спаліў усе хаты. У сярэдзіне дня могілкі і дарогу нечакана запрудзілі некалькі дзесяткаў грузавых машын. Не паспелі людзі апомніцца, як загарэлася крайняя хата Сцяпана Лаханскага. У другім канцы вёскі ворагі запалілі дом Вольгі Яноўскай. Неўзабаве полымя ўзнялося над усёй вёскай. Агонь, аўтаматныя чэргі, крыкі і плач старых, дзяцей і жанчын зліліся ў адзін жудасны стогн. Трыццаць пяць сем’яў было знішчана ў той дзень. Фашысты сабралі кароў, свіней, авечак і пагналі ў Барысаўшчыну. Праз год на папялішчы ўзнялося 20 хацін. Аднак у канцы верасня 1943 года фашысты зноў спалілі вёску. Непадалёку ад Алексіч, на могілках, у 1968 годзе быў устаноўлены абеліск ахвярам таго жудаснага жнівеньскага дня. Яшчэ грымелі баі па краіне, а на вызваленай тэрыторыі (Алексічы вызвалілі 26 лістапада 1943 года) пачалася стваральная праца па аднаўленню разбуранай вайной гаспадаркі.

5
Цяжкі быў час. Грамадская гаспадарка была поўнасцю разбурана. Перш за ўсё стварылі калгас «Мічурын». Калгаснікі вывелі з лясоў жывёлу. Крыху дапамаглі партызаны, пакінуўшы калгасу некалькі коней, кароў. Аднак гэтага было вельмі мала, каб пачаць гаспадарыць. І зноў хлебаробы кінуліся ў пошукі закінутых і захаваных плугоў, барон і іншага сельскагаспадарчага інвентару. Па жменях збіралі збожжа, каб засеяць першыя невялікія плошчы. Араць даводзілася каровамі, аб якой-небудзь тэхніцы не было і размовы. З вялікімі цяжкасцямі ўзводзілі першыя жывёлагадоўчыя памяшканні, але людзі шчыра радаваліся, калі паступова мацнела матэрыяльна-тэхнічная база, стаў паляпшацца дабрабыт.

12
Пасля вайны ў Алексічах пачала працаваць пачатковая школа. Яе дырэктарам была Яўгенія Міхайлаўна Кананчук, якой у 1973 годзе прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь». У вёсцы запрацавала бібліятэка, клуб, бальніца, аптэка, аддзяленне паштовай сувязі, магазін. Зноў заквітнелі сады. У 1952 годзе калгас узначаліў Лаўрэнцій Кірылавіч Каваленка, які працаваў да аб’яднання гаспадарак «Рассвет» і «Камунар». Пасля іх аб’яднання быў арганізаваны калгас «Ленінскі шлях».

11
Цяпер у Алексічах, акрамя жылых дамоў, нічога не засталося – усе сацыяльныя аб’екты «перамясціліся» ў Глінішча. Там жа, у аграгарадку, цяпер знаходзіцца і сельсавет, які быў створаны ў Алексічах пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

6
Але мясцовыя жыхары не адчайваюцца, прыкіпелі душой да гэтых мясцін і лічаць сваю вёску самай лепшай. Да ліку такіх адносяцца муж і жонка Андрэй Пятровіч і Вольга Міхайлаўна Бандарчукі.
– Ён тубяльны (мясцовы), а я са Слабажанкі. Разам жывём ужо сорак шэсць гадоў. У нас двое дзяцей і ўжо шэсць унукаў. Куры і кабылка, кот ды сабачка – уся наша гаспадарка. Агарод невялікі маем, бульбачку, цыбульку, агуркі, памідорчыкі вырошчваем. А так аўталаўка ездзіць, якраз насупраць нашага дома спыняецца, можна набыць усё неабходнае. У вольны час глядзім тэлевізар. Вось новы прыёмнік набылі, слухаем навіны і песні, – запрашаючы ў хату, расказвала Вольга Міхайлаўна. – А яшчэ па вечарах у даміно гуляем. Я захапляюся вязаннем, зараз чарговую пару шкарпэтак заканчваю. А гаспадар мой умелы цясляр – то сякеру, то малаток зробіць.
– У печы гатуеце? – пытаюся.
– А як жа, донька, канешне! Такія баршчы, бульба, катлеты атрымліваюцца – смаката! Раней вёска гудзела. Святы добра гулялі – сталы ламіліся. Зараз жа так: то мы да суседзяў сходзім, то яны да нас завітаюць. Пасядзім за кубачкам чаю, пагаворым, паўспамінаем… А ўзгадаць ёсць што, дружныя Алексічы былі, прыгожыя.
Выходзім з хаты. На двары заўважаю ступу.
– Гэта майго бацькі яшчэ. На ёй проса таўклі, ячмень, – заўважыўшы, як заблішчэлі ад цікаўнасці мае вочы, растлумачыў Андрэй Пятровіч.

9
На вуліцы марозіць. На шкле – чароўныя ўзоры, намаляваныя марозам-мастаком. Сняжынкі ўсё апускаліся і апускаліся на валасы, павекі, твар. Я ніяк не магла развітацца з сямейнай парай Бандарчукоў, бо яны такія шчырыя і цікавыя суразмоўцы. Расказалі, як у клуб раней хадзілі на ёлку, пра новы жывёлагадоўчы комплекс, што пабудавалі ў іх вёсцы, пра тое, што ўсё сваё свядомае жыццё выпісваюць раённую газету, гэта было асабліва прыемна пачуць.
Ужо амаль на выездзе з Алексіч сустрэлі Веру Фамінічну Баглей, якая ішла па ваду да калодзежа. Крыху пагутарыўшы з ёй, у чарговы раз злавіла сябе на думцы, што ў нас вельмі гасцінныя і добрыя людзі – чым толькі бабулька не прапаноўвала пачаставацца: і капустачкай, і цыбуляй, і белымі семачкамі. Ад пачастункаў адмовілася, але добры след у душы застаўся.

4
Хутка Новы год, хочацца пажадаць, каб на вашым жыццёвым шляху, паважаныя хайнічане, сустракаліся выключна добрыя і чулыя людзі. Няхай будзе больш цеплыні, хатняй утульнасці, любві і нагод для радасці. Каб Новы год стаў годам новых уражанняў, адкрыццяў і падарожжаў, у тым ліку разам з намі!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *