Каб трымацца на плаву


У нашым аўтапрадпрыемстве стала добрай традыцыяй заахвочваць лепшага вадзіцеля новым аўтобусам для працы. У мінулым годзе такога гонару ўдастоіўся В.М. Валяваты, якому далі выдзелены за бюджэтныя сродкі “МАЗ-256”.  Сёлета атрыманы па лізінгу аўтобус “Радзіміч” з тэлевізарам, DVD і кандыцыянерам і перададзены В.М. Лук’яненку для  абслугоўвання міжгародніх маршрутаў.

Новую тэхніку трэба акупляць. Таму плануем павялічыць колькасць маршрутаў на Мінск. Але гэта будзе зроблена толькі пасля таго, як папярэдняя пракатка на працягу месяца пакажа, што гэты маршрут рэнтабельны і патрэбен людзям.

З мэтай паляпшэння абслугоўвання насельніцтва былі распрацаваны міжгароднія маршруты “Мінск – Хойнікі” і “Хойнікі – Мінск”, а таксама “Мазыр – Хойнікі”, “Хойнікі – Мазыр”. Раней яны абслугоўваліся Брагінскім АТУП. З мінулага года дзейнічае такая паслуга, як заказныя перавозкі. Тарыфы невысокія. На цяперашні час ёсць заказы на аўтобус ад завода гідраапаратуры і Мазырскага бюро падарожжаў.

Дзве грузавыя машыны МАЗ-5516 з красавіка па ліпень былі задзейнічаны ў дарожных арганізацыях Магілёўскай вобласці. Потым займаліся  перавозкай сельскагаспадарчай прадукцыі ў КСУП імя Мележа.

З ліпеня бягучага года для зручнасці пасажыраў працуе платная даведачная служба. Цяпер не патрэбна нагружаць касіраў аўтастанцыі лішнімі пытаннямі. Па тэлефоне 114 любы жадаючы можа атрымаць інфармацыю аб раскладах руху гарадскіх і міжгародніх аўтобусаў.

Затрацілі сёлета ўласныя сродкі на выраб таблічак з раскладам руху аўтобусаў і вывесілі іх на прыпынках. Аднак несвядомыя людзі ўжо прыклалі свае сілы, каб нанесці ўрон: каля аптэкі таблічку пагнулі, а на прыпынку “ДАК” увогуле адарвалі. Хочацца звярнуцца да насельніцтва з просьбай беражліва адносіцца да грамадскай маёмасці. Мы заказалі новыя таблічкі, але ж гэта зноў затрачаныя сродкі.

Да свайго прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста правядзём урачысты сход, на якім будуць адзначаны і ўзнагароджаны лепшыя работнікі. А добрых слоў у нашым прадпрыемстве заслугоўваюць многія. Карыстаючыся магчымасцю, праз газету шчыра віншую нашых ветэранаў, цяперашніх работнікаў з нашым прафесійным святам. Моцнага здароўя ўсім, шчасця, аптымізму, дабрабыту і бяспечных дарог.


В. ГАЙКОЎ,
дырэктар РДАУП “АТУП-14”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *