Хто выхоўвае цялятак на Велікаборскай ферме
На гэтым тыдні пазнаёмілася з сапраўднымі гераінямі ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
Калі прыехала на малочна-таварную ферму аддзялення «Вялікі Бор» КСУП Эксбаза «Стралічава», актыўная і ветлівая брыгадзір Тамара Фурс адразу павяла знаёміцца з лепшымі цялятніцамі.
– Кажу пра іх лепшыя, бо гэта сапраўды так. Самі ў гэтым пераканаецеся. Дзяўчаты мае самыя працаздольныя, адгукнуцца на любую просьбу дапамагчы ў рабоце, – тлумацыць свой выбар брыгадзір.
Наталля Барысенка як раз завяршае кармленне цялятак. Іх у яе больш за 70 – усім падапечным не больш за месяц. З першай гадзіны цяля адсяляюць у асабісты домік, нягледзячы на тэмпературу паветра і надвор’е. Такая тэхналогія дазваляе папярэдзіць захворванні малога і яго гігіену. Тут ёсць свае асабістасці: як і з грудным немаўляткам, нованароджанае цяля трэба гадаваць з пільнасцю, упэўніцца, что жывёла дапіла ўсё адведзенае малозіва. Здараецца, карова не дае малака ў першыя суткі, тады цялятніца тэрмінова адпраўляецца ў банк малозіва: гэта маразільная камера з запасам такога малака. Яго награваюць да патрэбнай тэмпературы і харчаванне гатова.
Не першы раз заўважаю на фермах, як далікатна людзі адносяцца да жывёлы. Кожнае цяля тут мае імя. Часта прыдумваюць яго па даце нараджэння. Калі трэцяга кастрычніка – значыць, Троечка. Нарадзілася дваццатага дня – Дваццаткай зваць будуць. Але не толькі. У суседнім доміку Кнопачка ляжыць – наелася і адпачывае. Белка – таму што белая цёлачка. Дарэчы, цёзак тут няма: цялятніца Наталля ўсім назначае толькі ўнікальныя мянушкі.
Ураджэнка вёскі Восаў, яшчэ школьніцай Наталля з бацькамі пераехалі ў Вялікі Бор. Пажыла жанчына ў в. Партызанскай, ездзіла на заробкі ў іншыя мясціны. Але людзі на чужыне не спадабаліся. Хочаце – верце, але бываюць такія вёскі, дзе народ не вельмі сяброўскі: на рабоце ўсміхаюцца, а ўвечары дома зачыняцца і ніякіх больш зносін. Такі парадак Наталлю не задаволіў, паехала назад на малую радзіму.
Жанчына выхавала траіх дзяцей. Старэйшы – Барыс, зарабляе будаўніцтвам, яму хутка споўніцца 21 год. 17-гадовая Даша вучыцца ў Лоеўскім педагагічным каледжы, бачыць сябе настаўнікам. Малодшая Аліна пакуль вучыцца ў 10 класе. Дзеці дапамагаюць матулі з хатняй гаспадаркай, пакуль Наталля тройчы на дзень ездзіць гадаваць малышоў.
– Яны ж як дзеткі. Прыходжу – цяляткі цягнуць мусачкі да рук, радуюцца мне. Ну як іх не любіць!? Каля малышоў забываешся, што стамілася за дзень, адразу настрой паляпшаецца.
З калегай згаджаецца цялятніца Святлана Сарокіна. Яна ў гаспадарцы з 1992 года, а цялятак даглядае дзявяты год. Словам, паспрабавала многія віды сельскагаспадарчых работ. Але з жывёлай вазіцца – лепей падабаецца. На яе адказнасці 95 цялят узросту 3-6 месяцаў і 46 ва ўзросце да 3 месяцаў. За кожнага яна хвалюецца, кантралюе прывагі і стан здароўя.
– Я да іх ласку маю, – так паэтычна тлумачыць свой выбар прафесіі Святлана.
Як сапраўдная маці, яна пільна сочыць за іх вагой, раіцца з ветэрынарам з любой нагоды, каб не дазволіць малышам захварэць. Цялятніца шчодра поіць маладняк малаком толькі іх матуль, каб шпарка раслі і цяжэлі гэтыя мілыя кароўкі.
Сапраўды светлая жанчына, Святлана ў згодзе з мужам вырасціла дзвюх дачок – Ганну і Вольгу. Нават унукі ёсць. Ды і ў асабістай гаспадарцы ўсё больш-менш роўна – агародзік свой маецца ды птушка якая-ніякая.
Тым часам работа не церпіць прастояў. Жанчынкі развітваюцца, каб прыступіць да іншых абавязкаў. Я толькі паспела акінуць позіркам мініяцюрныя далоні працавітых цялятніц, каб запомніць – так выглядаюць рукі герояў сельскай гаспадаркі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.