Глінішчанскія грушовікі, або жартоўна мандолікі – смаката

Людзі і лёсы

DSC_0053Без гэтай стравы не абыходзіцца ў аграгарадку Глінішча ніводнае свята: ні сямейнае, ні дзяржаўнае. Частавалі ёй разнастайныя замежныя дэлегацыі, шаноўных гасцей нашага раёна.
Маленькія, акуратныя булачкі з традыцыйнай глінішчанскай начынкай – сушанымі грушамі – так добра разыходзяцца пад кубачак духмянага чаю. Ванільны водар дражніць, цукровая пудра вабіць пачаставацца яшчэ адным кавалачкам. Мясцовыя называюць смачную страву жартоўна – мандолікі.
Гатуе гэтыя салодкасці повар з 25-гадовым стажам Галіна Іванаўна Марчанка (на здымку). Раней жанчына працавала ў мясцовым кафэ «Беларускія прысмакі», цяпер гатуе стравы ў Глінішчанскім дзіцячым садзе. За ўвесь гэты час яна не памятае такога тыдня, каб не вырабляла гэту каронную выпечку.
Пра рэцэпт Галіна Іванаўна даведалася тры дзесяцігоддзі назад, навучыла яе калега, колішні повар кафэ Еўдакія Рыгораўна Казачэнка.
Мандолікі ядуць і гарачымі, толькі з печы, і халоднымі, і нанова разагрэтымі ў духоўцы. Галіна Іванаўна правяла майстар-клас па выпечцы салодкасці.
Спачатку 0,5 л малака падагрэць, дадаць 2 сталовыя лыжкі цукру і 10 г дражджэй, усё перамяшаць, пакінуць у цёплым месцы на 15 хвілін. Затым дадаём 3 яйкі, 1 чайную лыжку солі і націраем 150 г маргарыну ці масла на тарцы. Потым у сумесь дадаём 750 г прасеянай мукі, старанна замешваем. Шар з цеста патрэбна накрыць і пакінуць «адпачываць» у цяпле. Праз 10 хвілін можна гатаваць грушовікі.
Раскатайце тонкі слой цеста, на край лыжкай пакладзіце начынку з перацёртай сушанай грушы з цукрам ці джэмам (на ўласны густ), завярніце, шчыльна зашчапіце, адрэжце атрыманую стужку, парэжце яе на кавалкі. Іх патрэбна раскласці на змазаную алеем бляху, выпякаць у духоўцы або печы паўгадзіны да румянага колеру.
Хочаце палепшыць смак дэсерту – перад падачай паліце мандолікі смятанай з цукрам і адпраўце ў духоўку. Пухнатыя і лёгкія, быццам воблачкі, гарачыя кавалачкі будуць раставаць у роце. Галіна Іванаўна прапануе і такі варыянт: перад выпяканнем паліць кавалачкі цеста топленым маслам або маргарынам – печыва падымецца, прыме яркі жоўты колер, і з духоўкі выйдуць мякенькія, са сметанковым смакам мандолікі.
Паспрабуйце іншыя віды начынкі: перацёрты мак з цукрам, тады страва будзе называцца «маковікі», іх традыцыйна гатуюць у Дворышчы. Згадзяцца таксама тварог з яйкам, перацёртыя сухафрукты (курага, фінікі, чарнасліў, яблыкі).
Дзіўна, наколькі хутка і лёгка ежа здольная аб’ядноўваць людзей. Любыя цяжкасці, стрэсы знікаюць, як толькі родныя і сябры збіраюцца за адным сталом, ядуць з любоўю прыгатаваныя стравы, усе робяцца шчаслівымі, здаецца, нават спакайнейшымі. Пакуль назіраеш, як спрытна Галіна Іванаўна кончыкам нажа кладзе начынку, шпарка загортвае і наразае скібачкамі цеста, далікатна выкладвае нарыхтоўкі ў форму і адпраўляе яе ў духоўку, забываешся пра ўсе жыццёвыя дробязі – працэс прыгатавання быццам гіпнатызуе. Гаспадыня ўсміхаецца, заўважыўшы, з якім здзіўленнем сачу за яе лёгкімі рухамі, і тлумачыць:
– Працуючы ў кафэ, прывыкла рабіць вялікія порцыі, таму спекчы вялікае блюда грушовікаў – справа простая. Раней кілаграмамі выпякалі ды гасцей частавалі. А цяпер толькі для родных гатую – мужа, сына з нявесткай і двух унучанят – 6-гадовай Насцюшкі і 3-гадовага Віталіка.
Нетаропкая гутарка, цёплыя румяныя мандолікі, гарачы чай – і нікуды не трэба спяшацца, проста атрымлівайце асалоду ад ідылічных сямейных вечароў.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *