Навагоднія пажаданні канца 50-х гадоў

Рэха падзеі

DSC_0056Новы год ва ўсе часы быў самым доўгачаканым і вясёлым святам. Але пры гэтым журналісты нашай газеты ніколі не забывалі як пра дасягненні сваіх землякоў, так і пра тыя недахопы, якія не пажадана было браць з сабой у год новы.

ВОСЬ ЯКІМІ БЫЛІ НАВАГОДНІЯ ПАЖАДАННІ ДЗЕДА МАРОЗА, ЗМЕШЧАНЫЯ Ў ПЕРШЫМ НУМАРЫ «ЛЕНІНСКАГА СЦЯГА» ЗА 1957 ГОД.

ЗАХАВАНЫ ТАГАЧАСНЫ ПРАВАПІС І АРФАГРАФІЯ.

Калгаснікам сельгасарцелі «Камунар»
Не застанаўлівацца на дасягнутых поспехах у развіцці грамадскай гаспадаркі, працягваць работы па асушэнню балот, упарадкаванню лугоў, зрабіць жывёлагадоўлю самай высокадаходнай галіной гаспадаркі, у 1957 годзе падвоіць грашовы даход калгаса.
Старшыні калгаса «Большэвік» т. Стражнікевічу
Па-сур’ёзнаму ўзяцца за ўмацаванне працоўнай дысцыпліны ў калгасе, шырэй прымяняць прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў, больш бываць у паляводчых брыгадах, глыбока ўнікаць у іх справы, вучыцца вырошчваць і апрацоўваць лён у свайго суседа – калгаса імя Молатава, які ад ільнаводства атрымаў у 1956 годзе звыш 1,2 мільёна рублёў.
Дырэктару саўгаса «Судкова» т. Фісенку
Пакончыць з грубасцю ў абыходжанні з рабочымі, не зазнавацца, рэгулярна праводзіць сходы з рабочымі, лепш кіраваць гаспадаркай, прыслухоўвацца да голасу партыйнай і профсаюзнай арганізацыі.
Дырэктару Рудакоўскай МТС т. Малюціну
Не праследаваць у новым годзе былога селькора, работніка станцыі т. Вайтовіча, за тое, што ён пісаў крытычныя заметкі ў райгазету. Бо той, хто заціскае крытыку, наносіць вялікую шкоду нашай партыйнай і агульнадзяржаўнай справе.
Кіраўнікам райпромкамбіната
Пабудаваць спецыяльнае памяшканне для звалкі заўчасна паламаных стулляў з маркай райпромкамбіната, купленых у свой час жыхарамі раёна, высветліць прычыны выпуску нізкаякаснай мэблі.
Загадчыку дораддзела т. Акуленку
Адказацца ад паслуг Дзеда Мароза ў рамонце дарог зімою, ездзіць па прасёлкавых дарогах летам асцярожна, каб пазбегнуць розных непрыемнасцей у шляху.
Дырэктару электрастанцыі
Вышукаць усе рэзервы і магчымасці для таго, каб хутчэй здаць у эксплуатацыю новую электрастанцыю, забяспечыць яе дастатковай колькасцю палівам і даць у новым годзе такое электрасвятло, каб газавыя лямпы ў жыхароў горпасёлка сталі непатрэбнымі рэчамі ў быту.
Загадчыку райкомунгаса т. Казаку
Праяўляць ініцыятыву ў рабоце, весці рамонт кватэр у 1957 годзе не па начальніцкіх запісках, а згодна плана, устаноўленага спецыяльнай камісіяй абследавання жылфонду. Узяцца за азеляненне вуліц і ўпарадкаванне тратуараў. Накіраваць інжынера т. Цыхуна на курсы, каб ён навучыўся лепш планаваць будаўнічыя аб’екты, эканоміць дзяржаўныя сродкі, умеў кантраляваць якасць рамонтных работ.

А ВОСЬ ЯКІМІ ДАСЦІПНЫМІ І ТРАПНЫМІ БЫЛІ НАВАГОДНІЯ ТЭЛЕГРАМЫ ДЗЕДА МАРОЗА, ЗМЕШЧАНЫЯ Ў ПЕРШЫМ НУМАРЫ РАЁНКІ ЗА 1959 ГОД.

Членам сельгасарцелі «Сацыялізм»
Віншую з працоўнымі поспехамі, з мільённым даходам. Гэта дастойны падарунак святу. Жадаю ў 1959 годзе далейшых поспехаў.
Кавалю абоза-колавага завода Процку А.А.
Віншую вас з выкананнем гадавога задання на 170 працэнтаў. У 1959 годзе жадаю вам выканаць больш двух гадавых заданняў.
Дырэктару электрастанцыі Шытману В.Я.
Віншую Вас з… Выбачайце, што не дапісаў віншавальную тэлеграму: святло патухла.

З падшыўкамі працаваў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *