Недалёка той час, калі мы будзем адзначаць 500-годдзе першай згадкі пра нашы Хойнікі ў пісьмовых крыніцах. Добра, што ў гарадской гімназіі з 2007 года праводзяцца краязнаўчыя канферэнцыі, прысвечаныя, як зазначана арганізатарамі, менавіта названай падзеі. Праўда, дакладаў уласна гістарычнай тэматыкі прагучала на іх няшмат. Але гэта праблема вырашальная.
Мяркую, варта звярнуцца да больш істотнага пытання: на якую крыніцу мы спасылаемся, калі вядзём гаворку пра паўтысячагадовы юбілей? На так званы АКТ OGRANICZENIA HRABSTWA BRAHINSKIEGO? Але ж у ім наш востраў Хойнічак або чысты рог Хвойнічок фігуруе, як адзін з памежных пунктаў іншага ўладання. М. Любаўскі ў сваёй магістарскай дысертацыі прывёў вытрымку з каралеўскага прывілея 1512 г. князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму, які першы пачаў пісацца Вішнявецкім (ад замка Вішнявец на Валыні) і быў пачынальнікам аднаіменнага роду. У дакуменце сказана, што Збаражскі атрымліваў Брагінскую воласць на вечнасць “з местом и корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всеми селы и людьми, кроме тых сел, што первей того кому у той волости будем дали” *.
Што і каму аддалі раней? Прынамсі, Хойнікі і Астрагляды на той час ужо належалі Сямёну Палазовічу. Нездарма, як зазначыў складальнік акта Іван Кміціч, бацька апошняга Фёдар супрацівіўся правядзенню абмежавання, бо, відавочна, гэта магло паставіць пад сумненне правы Сямёна на асобныя сёлы Брагінскай воласці: “Сему моему смотреню хотяй зволил противитсе комисар князя его милости Збараскаго пан Хведос Полазович, толкож я по указу государским Его Милости Королевском тей лист рукою моею подписал в городе Брагинском (г.зн. у замку – не ў месце), апрытым были люде слушные шляхоцкого роду пан Андрей Киселев и пан Михайло Ельцов” (НГАБ. Ф.1728. Воп.1.А. з.19.А. 1050 адв.).
Уладанні Палазовіча, аднак, засталіся за ім. Нам пакуль недаступны тэкст адпаведнага прывілея, які можа быць пазначаны і больш раннім годам, чым 1512-ты. Але летась украінскім гісторыкам быў апублікаваны ліст караля Жыгімонта І Старога, складзены ў Кракаве 3 (13 н.с.) сакавіка 1532 г. Ен дазваляе сцвярджаць, насуперак энцыклапедычным артыкулам, што Хойнікі ні князям Вішнявецкім, ні іх продку князю М.В. Збаражскаму ніколі не належалі. Варта прывесці тэкст на мове арыгінала.
“Жикгимонт Божю милостю корол
Воеводе киевскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ нам дворянинъ нашъ княз Дмитрей Романович Виденецкий о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкий тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовичъ наймя Ухобное, Углядковичи, Белый Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвойники, Остроглядовичи, Новосёлки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые дей он вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королей ихъ милости и нашими, то пакъ дей твоя милость по животе его тыи вси именя къ своимъ рукамъ побралъ безвинне и ему, зятю его, поступити ихъ не хочешъ. А онъ як отца нашого Казимера, короля, такъ тежъ и брата нашого Александра, короля его милости, и наши листы твердости на вси тые именя в себе маеть и очъкольве бы онъ и тых твердостей на то в себе не малъ, а одинакъ же бы не малъ без воли нашой тых именей к своимъ рукамъ брати. До чого жъ мы послали дворянина нашаго Ивана Васильевича Выштравъку и приказуем тобе, ажо бы еси тых именей со всимъ с тымъ князю Дмитру поступилъ, съ чим будешъ побралъ перед тымъ дворяниномъ нашимъ конечъно, пакъ ли же бы еси не дбаючи о тое росказанье нашое, тыхъ всихъ именей ему ся поступити не хотелъ. Мы казали тому же дворянину нашому во вси тыи именя князя Дмитра моцъно увязати. А кгды дасть Богъ у паньстве нашом, великом князстве литовъскомъ, будемъ, окажемъ к сему на тые именя листы твердости перед собою положити, онъ ихъ мает тогды перед нами положити…
Михайло писаръ”
РДАСА (Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Масква). Ф. 389 (Літоўская метрыка). А. з.17.А. 251 адв. – 252.
Публікацыя:
Андрій Блануца // Украіна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8. С.69-70.
Акрамя іншага, прыведзены дакумент дазваляе зразумець, калі і як займеў дачыненне да Хойнік род Любецкіх. Справа ў тым, што названы ў ім князь Дзмітрый Раманавіч Відэніцкі быў сынам Рамана Васільевіча Друцкага-Любецкага, а прозвішча, якім часцей падпісваўся, узяў ад маёнтка Відэніцы. Пра астатняе больш падрабязна можна прачытаць у матэрыяле “Работа над памылкамі” (Уладальнік Хойнік. ЛС.18.Х.2008).
*Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки. Москва, 1892. С.239.
С. БЕЛЬСКІ,
настаўнік СШ № 3 г. Хойнікі.