Летам гэтага года галоўны інжынер завода гідраапаратуры Аляксандр Аляксандравіч Кажадуб пабываў з вытворчым візітам у Італіі. Гэтая паездка стала магчымай дзякуючы рэалізацыі праекта па інтэрнацыянальнаму супрацоўніцтву з італьянскім рэгіёнам Таскана пад назвай “Бусел. Карані і крылы Беларусі”.
Госць з Беларусі з мэтай павышэння кваліфікацыі і ў рамках абмену перадавым вопытам пабываў на прамысловых прадпрыемствах, а таксама ў арганізацыях, якія працуюць у сектары водазабеспячэння і знаходзяцца на тэрыторыі Тасканы – у гарадах Піза і Кашына. Зацікаўленасць сферай водазабеспячэння ўзнікла не выпадкова: яшчэ ў 2007 годзе ў рамках дзеяння названага вышэй праекта італьянцы зманціравалі ў вёсцы Судкова фільтр для ачысткі вады, а потым прапанавалі кансультатыўную дапамогу ў пытанні арганізацыі вытворчасці такіх фільтраў для малых населеных пунктаў на Хойніцкім заводзе гідраапаратуры.
Незабыўныя ўражанні пакінула наведванне прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, якое спецыялізуецца на выпуску мабільных домікаў для італьянскай арміі. З гэтага завода на радзіму Аляксандр Аляксандравіч прывёз узоры прадукцыі дрэваапрацоўкі, якімі ўжо зацікавіўся Хойніцкі дрэваапрацоўчы камбінат. Надоўга запомніцца і візіт на прадпрыемства па выпуску камплектуючых для галоўных канвеераў па зборцы аўтамабіляў “Фіат”, “Фальксваген” і “П’яджа”.
Па словах А.А. Кажадуба, найбольш уразілі тры рэчы: найвышэйшы ўзровень аўтаматызацыі вытворчасці, адладжанасць кааперацыі ўсіх суб’ектаў прамысловасці, адкрытасць і добразычлівасць як простых італьянскіх рабочых, так і службовых асоб самага рознага ўзроўню. Многае з таго, што давялося ўбачыць на прадпрыемствах Італіі, безумоўна, вартае пераймання і ў беларускіх рэаліях.
Віктар НАЗАРАНКА.