На Хойніцкім заводзе гідраапаратуры


В.Я. СМАЛЬЦАР: “Выходзім на ранейшыя аб’ёмы”.

За час існавання нашага прадпрыемства працоўнаму калектыву завода давялося перажыць самыя розныя часы. Былі сярод іх і перыяд эканамічнай неразбярыхі пачатку 90-х гадоў, і спробы самастойнага выхаду з крызісу на рубяжы стагоддзяў, і сапраўднае адраджэнне прадпрыемства, а потым і ўздым вытворчасці, які пайшоў пасля кааперацыі нашага завода гідраапаратуры з РУП “Мінскі трактарны завод”. Пасля таго, як мы адважыліся на гэты крок, сітуацыя на прадпрыемстве ў корані памянялася: завод, перайшоўшы на выпуск камплектуючых для галоўнага канвеера МТЗ, у адпаведнасці з графікам паставак запрацаваў стабільна і рытмічна, загружанымі сталі ўсе вытворчыя магутнасці, а асартымент выпускаемай прадукцыі набыў устойлівую тэндэнцыю да пашырэння.

У цяперашні час Хойніцкі завод гідраапаратуры пастаўляе на РУП “Мінскі трактарны завод” 28 відаў камплектуючых вырабаў, што ў агульным аб’ёме вытворчасці складае 85 працэнтаў.

Дапамагло і тое, што завод уваходзіць у Дзяржаўную праграму развіцця малых і сярэдніх гарадоў. Гэта дазволіла атрымаць шэраг ільгот для таго, каб прадпрыемства мела магчымасць укладваць сродкі ў развіццё вытворчасці.

У 2006 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 27 ад 13.01. 2006 г. атрымана адтэрміноўка і растэрміноўка крэдыторскай запазычанасці тэрмінам на 5 гадоў. Нагадаю, што пры аб’яднанні двух хойніцкіх заводаў –  “Салют” і “Гідраапаратура” ў 2000 годзе, доўг апошняга па энерганосьбітах і плацяжах у бюджэт складаў 1104 мільёны рублёў. 

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 265 ад 7.07.2007 г. атрымана льгота па падатку на прыбытак у памеры 50% стаўкі ўстаноўленай заканадаўствам і вызваленне ад уплаты падатку з карыстальнікаў аўтамабільных дарог.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 168 ад 5.07.2007 г. атрымана вызваленне ад вылічэння і ўплаты збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі сельгасвытворцаў.

Для атрымання льготы завод забяспечыў выкананне шэрагу паказчыкаў. За 8 месяцаў іх фактычнае выкананне склала: па тэмпу росту выпуску тавараў народнага спажывання – 126% (пры заданні 110%), рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі – 6,8% (3%), намінальна налічанай зарабатнай плаце – 607,4 тыс. руб. (604 тыс. руб.), аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал – 123 млн. руб. (37 млн.), выручцы ад рэалізаванай прадукцыі – 4141 мільён рублёў пры заданні 3987 мільёнаў.

Аднак дыялектыка жыцця, асабліва ў сферы індустрыі, дыктуе свае ўмовы, якія ў многім залежаць ад тэндэнцый прамысловага развіцця, або, наадварот, спаду ў глабальным, сусветным маштабе. Фінансава-эканамічны крызіс рэзка знізіў аб’ём вытворчасці на РУП “Мінскі трактарны завод” і патрэбнасць у нашай прадукцыі скарацілася з 85 да 30 працэнтаў. У сувязі з гэтым завод тэрмінова стаў асвойваць выпуск новых відаў прадукцыі для захавання аб’ёмаў вытворчасці – рэдуктараў ВОМ (гэта дадаткова ў аб’ёме дало 100-120 мільёнаў рублёў у месяц), пяці відаў шасцярэнек (яшчэ 40-50 млн. руб.), канечнай перадачы для РУП “Смаргонскі аўтаагрэгатны завод”. Акрамя таго, у паўтара раза павялічылі выпуск шасцярэнек для Коханаўскага экскаватарнага завода.

І ўсё ж для забеспячэння выканання ўсіх неабходных для захавання дзеяння льгот паказчыкаў, гэтых мер аказалася недастаткова. Аднак аптымізму не губляем. У кастрычніку на нашым прадпрыемстве пабывалі тэхнічны дырэктар, намеснік галоўнага дырэктара РУП “Мінскі трактарны завод” І.В. Емельяновіч, а таксама генеральны дырэктар РУП “Гомельскі завод “Гідрапрывад” С.М. Дзеравяга. На праведзенай з іх удзелам нарадзе прынята рашэнне аб тэрміновай перадачы зборачнай вытворчасці здвоеных фільтраў з Гомельскага завода “Гідраапаратура” на хойніцкі, што дасць дадаткова ў аб’ёме 100-120 мільёнаў рублёў штомесячна.

Таксама прынята рашэнне аб перадачы з МТЗ двух апрацоўваючых цэнтраў ІР-500 для апрацоўкі корпусных дэталяў для канечнай перадачы з перспектывай поўнай іх вытворчасці на нашым заводзе.

У выніку прынятых мер аб’ём вытворчасці за чацвёрты квартал года павінен скласці 130%, а гадавы аб’ём дасягне 100 працэнтаў.

Мінпромам Рэспублікі Беларусь прадпрыемству даручана падрыхтаваць пакет дакументаў для ўзгаднення і зацвярджэння ў Мінэканомікі па паказчыку тэмпу росту выпуску таварнай прадукцыі для захавання прадастаўленых ільгот.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *