З 10 кастрычніка ўступіў у сілу Указ № 477 “Аб некаторых пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў і ўнясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2009 года № 194”, які дае індывідуальным прадпрымальнікам пэўныя паслабленні пры рэалізацыі беларускіх тавараў за межамі рэспублікі. Дзеянне Указа разлічана на 9 месяцаў. Аб тым, якія льготы дзяржава прадастаўляе прадпрымальнікам і што яшчэ неабходна, каб працэс быў узаемавыгадным для абодвух бакоў, разважае начальнік аддзела эканомікі райвыканкома Л.М. Лагвіненка.
– Індывідуальным прадпрымальнікам прадастаўляюцца льготы, якія будуць дзейнічаць да 1 ліпеня 2010 года. Згодна з Указам прадпрымальнікі могуць ажыццяўляць вываз тавараў за межы Беларусі без уплаты падаходнага падатку, падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, падатку на дабаўленую вартасць, а таксама мясцовых падаткаў і збораў. Замест гэтага ім прапаноўваецца заплаціць адзіны гандлёвы збор у памеры адной базавай велічыні ў 35 тысяч беларускіх рублёў за кожны каляндарны месяц, у якім ажыццяўляецца набыццё тавараў у мэтах іх вывазу за межы рэспублікі.
Калі задэкларыраваныя фактычныя даходы ад продажу тавараў перавысяць суму ў 3,5 мільёна беларускіх рублёў, прадугледжаны дадатковы збор у памеры 10 працэнтаў ад сумы гэтага перавышэння.
Тры з паловай мільёны, якія не абкладваюцца падаходным падаткам, гэта не так мала. Тым больш – пры ўплаце адной базавай велічыні замест падатку. Акрамя таго, простая арыфметыка паказвае, што нават пры ўмове перавышэння даходу будзе выгадней замест 13-працэнтнага падаходнага падатку заплаціць 10-працэнтны збор. Гэта не сувымяральныя лічбы, тым больш, што згодна з растлумачэннем інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Хойніцкаму раёну, з агульнай сумы даходу будуць вылічвацца затраты на закупку прадукцыі.
Акрамя таго, цяпер прадпрымальнікі змогуць вывозіць тавар на аўтамабілях без атрымання спецыяльнага дазволу і будуць вызвалены ад абавязковага залічэння наяўнай замежнай валюты, атрыманай ад рэалізацыі прадукцыі за межамі краіны, на рахункі ў беларускіх банках.
Трэба адзначыць, што Указ разлічаны, перш за ўсё, на індывідуальных прадпрымальнікаў з невялікімі абаротамі, якія змогуць хутка рэалізоўваць невялікія партыі тавараў.
Што датычыць закупак прадукцыі ў беларускіх вытворцаў, то паколькі гэтая прадукцыя бярэцца ў суб’ектаў гаспадарання, то і ўмовы аплаты, напрыклад, растэрміноўка, агаворваюцца непасрэдна з прадпрыемствамі. Абавязаць прадпрыемствы прадастаўляць бізнесменам тавар у растэрміноўку, прапісаўшы гэта ва Указе, было б няправільным, паколькі прадпрыемствы самі вызначаюць сваю фінансавую палітыку.
Такім чынам, улічваючы ўсе прынятыя льготы, можна выказаць спадзяванне, што прыняты Указ прынясе рэальную карысць у разгрузцы складаў нашых прадпрыемстваў. Аб тым, наколькі індывідуальныя прадпрымальнікі дапамогуць беларускім вытворцам, можна будзе меркаваць у бліжэйшы час.
Дарэчы, на сайце аблвыканкома ёсць інфармацыя аб таварах, якія хойніцкія прадпрыемствы прапаноўваюць для рэалізацыі індывідуальным прадпрымальнікам.