Па праву сярод лепшых

Сельское хозяйство

IMG_1237Сельгаспрадпрыемства «Веляцін» па вытворчасці малака стабільна займае вядучыя пазіцыі ў раёне. А сярод лепшых па вытворчых паказчыках падраздзяленняў гэтай гаспадаркі гэтак жа стабільна знаходзіцца Лісцвінская малочнатаварная ферма. Вось ужо 6 гадоў яе калектыў узначальвае Раіса Васільеўна Півавар (на здымку).
У сферы жывёлагадоўлі яна працуе з 2002 года і таму добра ведае ўсе тонкасці прафесіі, выдатна арыентуецца ва ўсіх патрабаваннях сучасных тэхналогій і патрабуе ад усіх падначаленых іх строгага захавання і выканання. Напэўна пагэтаму на святкаванні ў 2014 годзе Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу і раённых «Дажынках» яе прозвішча прагучала ў ліку лепшых кіраўнікоў структурных падраздзяленняў гаспадарак.
Яе рабочы дзень пачынаецца вельмі рана. Пад’ём – у 4 гадзіны раніцы, у 5 – пачатак ранішняй дойкі. Потым – кармленне жывёлы, уборка памяшканняў, мыццё і санітарная апрацоўка даільнага і халадзільнага абсталявання. Наогул, захаванню належнага санітарнага стану ва ўсіх вытворчых і падсобных памяшканнях тут надаецца асаблівая ўвага. Уборка, мыццё падлогі і пліткі, як і мыццё тэхналагічнага абсталявання, на гэтай ферме сталі абавязковымі пасля кожнага ранішняга, абедзеннага і вячэрняга даення кароў. А кожная пятніца аб’яўлена санітарным днём, і ўдзел у падтрыманні належнай чысціні прымаюць нават даяркі, якія ў гэты дзень па графіку з’яўляюцца выхаднымі. Таму і не дзіўна, што ў такіх умовах большасць малака з Лісцвінскай МТФ рэалізуецца гатункам «экстра».
20 снежня споўніўся роўна год з таго дня, калі быў запушчаны ў эксплуатацыю новы даільна-малочны блок – так гэты аб’ект называецца па тэхнічнай дакументацыі. Па сутнасці ж гэта – сапраўдны новы жывёлагадоўчы комплекс з сучаснай даільнай залай, радзільным аддзяленнем і асобнымі памяшканнямі для ўтрымання дойнага статка і выгарадкамі для розных груп кароў.
Раіса Васільеўна ўспамінае, што ў першыя дні ў многіх узнікалі апасенні наконт таго, як хутка людзі засвояць навыкі работы з новым тэхналагічным абсталяваннем.
– Але нічога, – гаворыць яна, – нашым аператарам хапіла аднаго-двух паказаў брэсцкіх і гомельскіх наладчыкаў таго, як працаваць і кіраваць «ёлачкай». Вучыліся самі і вучылі адзін аднаго, а таму тэрмін асваення новага абсталявання не расцягнуўся надоўга. І цяпер былыя страхі і апасенні ўспамінаюцца з усмешкай.
На сённяшні дзень на ферме ўтрымліваецца 377 кароў і 110 цялят. Дойны статак абслугоўваюць аператары машыннага даення А.Ф. Шалкунова, Т.В. Камеш і Н.В. Шэнцяпіна, цялят даглядаюць В.Р. Кузуб і У.І. Палійчук, спраўляюцца са сваімі абавязкамі даглядчыкі жывёлы І.М. Міненка, І.Р. Сакоўскі і Л.Н. Горагляд. Кожны ведае і строга выконвае свае абавязкі, ва ўзаемаадносінах у калектыве наладжана атмасфера павагі і ўзаемадапамогі, а таму і вытворчы працэс на гэтай ферме адметны не толькі высокімі паказчыкамі, але і стабільнасцю, рытмічнасцю, разумнай эфектыўнасцю. У чым вялікая заслуга загадчыцы МТФ Раісы Васільеўны Півавар.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *