На працягу трох дзён у спорткомплексе ВА “Гомсельмаш” праводзілася першынство вобласці па цяжкай атлетыцы сярод выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ алімпійскага рэзерву. Каманда нашай школы на гэтых прадстаўнічых спаборніцтвах у трэці раз запар становіцца пераможцай. На гэты раз яна абышла даволі моцныя каманды Мазыра і Гомеля. А ўсяго спаборнічала 16 каманд.
На першую прыступку п’едэстала гонару падняліся вучань СШ № 3 Павел Шышкін і Раман Касько, а таксама былы выпускнік гэтай школы, а зараз навучэнец Мінскага вучылішча алімпійскага рэзерву, Віталій Бабок і Андрэй Карась, які закончыў гімназію і цяпер навучаецца ў гэтым вучылішчы. Другія месцы занялі Андрэй Бойка (СШ № 1), Яўгеній Губанькоў (гімназія), Аляксандр Гардзейчык (СШ № 3). Трэцяе месца дасталося Івану Бажко (СШ № 3).
Каманду да спаборніцтваў рыхтавалі трэнеры А.Л. Шпарун і М.В. Глушакоў.
Клаўдзія МІКАЛАЕВА.