Валянціна дапамагае людзям. І гэта для яе як лякарства

Общество

У студзені Валянціна Карасцялёва адзначыць 25 гадоў сваёй працоўнай дзейнасці ў якасці сацыяльнага работніка.

У рэдакцыю трапіў ліст хайнічанкі, дзе яна расказвае пра свайго самага важнага дапаможніка і падтрымку – сацыяльную работніцу. Гэта выдатная нагода пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, з чалавекам, адданым сваёй справе – падтрымцы пажылых людзей. Знаёмцеся, Валянціна Сцяпанаўна Карасцялёва.

Ураджэнка Лельчыц, у няпростыя 1990-я яна разам з мужам і двума дзецьмі была вымушана паехаць з Гомеля на яго малую радзіму – у Хойнікі. Пэўны час шукала работу, калі нявестка прапанавала пайсці сацыяльным работнікам – дапамагаць людзям паважанага ўзроста ў побыце. Для Валянціны, якая не цуралася ніякай справы, гэта стала ратаваннем. Ці ведала яна тады, што застанецца ў гэтай сферы на цэлых 25 гадоў! Верагодна, жанчына не думала пра такі тэрмін, галоўнае было – палегчыць людзям побыт, дапамагчы з пакупкамі і лекамі.

Сёння ў Валянціны Сцяпанаўны 13 падапечных ва ўзросце старэй за 65 гадоў. Чатыры разы на тыдзень сацыяльны работнік наведвае ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васілія Сямёнавіча Гардзіенку. З гонарам Валянціна Сцяпанаўна гаворыць пра яго – чалавек ваяваў за нашу свабоду, цяпер жа гонар – дапамагчы яму. Ды і пра астатніх сваіх пенсіянераў жанчына кажа толькі добрыя словы. Сапраўды, усе людзі з няпростымі характарамі, сваімі пажаданнямі. Але да гэтага варта ставіцца з цярпеннем і разуменнем: гэтыя людзі прайшлі праз многія цяжкасці, жылі ў няпросты пасляваенны час, гаравалі на вытворчасці і пераадолелі многія жыццёвыя складанасці. Іх загартаваў час, а таму нельга раўнадушна адносіцца да іх просьбаў. Ім зараз патрэбна разуменне, нават часам дастаткова выслухаць чалавека, правесці разам хаця б нядоўга, тады і на душы лягчэй у абодвух.

Так, згаджаецца Валянціна Сцяпанаўна, у першы час было няпроста. Бывала, не вытрымае, здадуць нервы і захочацца кінуць работу і змяніць занятак. Але пасядзіш, паразважаеш: ну хто маім бабулям і дзядулям дапаможа, як не я. Пакуль звыкнуць да новага чалавека, змогуць яму даверыцца. Не, лепей я застануся. І заставалася.

Вядома, што ў адказ на душэўную цеплыню Валянціны таксама далікатна і ветліва ставяцца да яе падапечныя. Чакаюць з нецярпеннем, каб падзяліцца навінамі і турботамі.

Вось, як гаворыць пра сваю памочніцу Тамара Іванаўна Пярмінава:

«Мы часта чуем: старасць трэба паважаць. Толькі ў жыцці не ўсё так адназначна. Сустракаюцца і жорсткасць, і хамства. Але ёсць сярод людзей такія прамяні дабра, інакш і не скажаш. Да іх адносіцца Валянціна Сцяпанаўна Карасцялёва – сацыяльны работнік з каласальным стажам. Амаль 25 гадоў гэтая дабрадушная і жыццярадасная жанчына дапамагае пенсіянерам у іх побыце. А гэта не самы просты кантынгент.

І адкуль толькі бяруцца сілы ў гэтай самаадданай жанчыны? Заўсёды пазітыўна настроеная, уважлівая да просьбаў падапечных і цярплівая да іх «капрызаў». З ёй людзі адчуваюць сябе здаравейшымі і жаданне жыць толькі ўзмацняецца.

Валечка! Жадаем табе добрага здароўя, доўгіх-доўгіх гадоў жыцця, нязгаснага аптымізму і шчаслівых дзён. Мы цябе вельмі любім. З юбілеем!

А моладзі трэба памятаць: мы ўжо не будзем маладыя, як вы. Але вы станеце такімі ж старымі».

Згадзіцеся, пра чалавека абыякавага такія добрыя словы не скажуць. А яшчэ асабіста ацаніла, наколькі адказны чалавек Валянціна Сцяпанаўна. Дамовіліся пра размову на раніцу, і яна чакала мяне, хаця сама ледзьве дайшла – ноччу паднялася тэмпература і спатрэбілася звярнуцца да ўрача. Але не змагла жанчына падвесці суразмоўніцу і сарваць дамову. Таму і дачакалася насуперак хваробе. З усмешкай і сціпласцю Валянціна Сцяпанаўна падтрымала нашу размову, а пасля нашага знаёмства ў маёй душы засталося цяпло. Сапраўды, ёсць людзі-праменьчыкі, якія адной прысутнасцю робяць іншым дабро. Далучаемся да пажаданняў, усяго Вам самага лепшага, дарагая Валянціна Сцяпанаўна!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *