У гэтыя зімовыя дні адной з самых галоўных і надзённых задач, якія стаяць перад працаўнікамі вёскі, з’яўляецца падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенніх і летніх палявых работ. Аб тым, як вядзецца яна ў гаспадарках раёна, расказвае галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Арцём Аляксандравіч ДРОЗД.
– Якімі бы сучаснымі і надзейнымі не былі сельскагаспадарчыя агрэгаты і механізмы, але яны, як дарэчы і любая тэхніка, патрабуюць ашчадных і клапатлівых да сябе адносін, самага якаснага догляду, асабліва ў час вялікіх перапынкаў у рабоце. У сельгасвытворчасці такім часам з’яўляецца перыяд зімовага міжсезоння, а падрыхтоўка тэхнікі да эксплуатацыі ў час вясенне-палявых работ пачынаецца з яе пастаноўкі на зімовае захоўванне. З гэтай першай стадыяй падрыхтоўкі тэхнікі сельгаспрадпрыемствы раёна ў цэлым справіліся паспяхова. Зараз пачаўся другі этап падрыхтоўкі – рамонтныя работы.
Для іх правядзення ў гаспадарках адпаведнымі загадамі кіраўнікоў былі створаны спецыялізаваныя звенні ў складзе зваршчыка, слесара і механізатара, якія прыступілі да работы ўжо ў канцы мінулай восені. Зразумела, што сіламі гэтых падраздзяленняў не выканаць складаныя рамонты, але, тым не меней, уласнымі сіламі ў гаспадарках сёння рамантуюцца вузлы і механізмы трактараў, глебаапрацоўчай тэхнікі – камбінаваных пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў, дыскавых боран і дыскатараў, машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў.
Больш складаныя рамонты сельскагаспадарчай тэхнікі выконваюць спецыялізаваныя рамонтныя арганізацыі за межамі раёна. І тут ужо многае залежыць ад работнікаў інжынерных служб сельгаспрадпрыемстваў, іх аператыўнасці і ўважлівасці ў падрыхтоўцы дэфектыўных ведамасцей, разваротлівасці ў рабоце з прадстаўнікамі гэтых арганізацый. У апошнія дні прайшоўшага года і ў першыя дні года надышоўшага ў гэтым плане лепш за астатніх спрацавалі вопытныя і дасведчаныя спецыялісты – галоўныя інжынеры сельгаспрадпрыемстваў імя Мележа (К.М. Суржэнка) і «Стралічава» (У.У. Сідарок). Напрыклад, у першай гаспадарцы ў рамонце на Гомельскім маторарамонтным заводзе на пачатак года ўжо знаходзіліся рухавікі трактараў МТЗ-82, МТЗ-1221 і МТЗ-1523, закончаны рамонт энерганасычанага трактара МТЗ-3022. А стралічаўцы на днях павінны забраць адрамантаваны рухавік трактара Д-240 з аб’яднання «МазырТэхСервіс».
Не дзіўна, што ў гэтых гаспадарках першымі прыступілі і да рамонту глебаапрацоўчай тэхнікі. У сельгаспрадпрыемстве імя Мележа завяршылі рамонт дыскавых боран БДТ-7, а ў эксбазе «Стралічава» ўжо гатовы да работы дыскатар АПД-7,5.
Дзеля аб’ектыўнасці адзначу, што сітуацыя з рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках раёна магла б выглядаць больш аптымістычнай, калі б не фінансавыя цяжкасці сельгаспрадпрыемстваў. Цэны на запчасткі і паслугі спецыялізаваных рамонтных арганізацый пастаянна ўзрастаюць, і адным гаспадаркам няпроста справіцца з гэтымі ўсё ўзрастаючымі затратамі. Тым болей, што пры рамонце вузлоў і агрэгатаў энерганасычанай тэхнікі рамонтнікі ў абавязковым парадку патрабуюць перадаплату. У гэтай сітуацыі многія сельгаспрадпрыемствы вялікія надзеі ўскладаюць на прыняцце рашэння аб удзешаўленні рамонтных работ за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Прынамсі, так было ва ўсе папярэднія гады, і дапамога дзяржавы надавала адчувальны імпульс рабоце па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенне-палявых работ.
Але, як кажуць, на Бога спадзявайся, а сам не спі. Многае ў гэтай справе залежыць ад арганізацыі работ, прынцыповасці і патрабавальнасці галоўных інжынераў гаспадарак, эфектыўнасці іх сістэмы кантролю. У гэтым плане хочацца адзначыць пазітыўныя змены, якія адбыліся ў сельгаспрадпрыемстве «Судкова» з прыходам на гэтую пасаду М.І. Аўдзеенкі: і парадак належны на мехдвары навялі, і пастаянная работа для людзей знайшлася, і да тэхнікі сталі ставіцца больш ашчадна і клапатліва. Дасягнута гэта дзякуючы толькі аднаму – належным адносінам гэтага чалавека да сваіх службовых абавязкаў. Усё проста і нічога звышмудронага для навядзення парадку прыдумваць не давялося.
Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, зазначу так. У справе падрыхтоўкі тэхнікі да работы ў вясенне-летнім перыядзе пакуль што робім усё магчымае ўласнымі сіламі. Аднак якой бы складанай сітуацыя з рамонтам не была сёння, упэўнены, што вясну мы сустрэнем з поўнай гатоўнасцю трактараў, сеялак, пасяўных агрэгатаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.