Перамога дасталася мацнейшым

Сельское хозяйство

У мінулую суботу раённы конкурс маладых механізатараў-аратых “Лепшы малады араты-2009” сабраў у эксперыментальнай базе “Стралічава” восем галоўных дзеючых асоб – маладых, але ўжо даволі вопытных механізатараў з пяці сельгаспрадпрыемстваў раёна (агракамбінат “Віць”, “Хойніцкі Аграсервіс”, КСУПаў “Веляцін” і “Судкова”, эксперыментальнай базы “Стралічава”), аграномаў гэтых гаспадарак для дакладнага выканання конкурснага задання.

Тэарэтычная частка конкурсу праходзіла ў глядзельнай зале Стралічаўскага сельскага Дома культуры. А само адкрыццё мерапрыемства адбывалася ва ўрачыстай абстаноўцы. Вядучыя в.а. начальніка аддзела райвыканкома па рабоце з моладдзю Іна Панчанка і другі сакратар РК ГА “БРСМ”  Юрый Буйневіч прадставілі судзейскую калегію і ўдзельнікаў спаборніцтваў, высокім стылем акрэслілі важнасць хлебаробскай працы. Выступаючы перад прысутнымі, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта В.М. Шаўчэнка адзначыў, што вельмі добра, што адраджаецца ў нашым раёне традыцыя правядзення падобных мерапрыемстваў, пажадаў яго ўдзельнікам поспехаў і ўдачы.

Затым адзін за другім выходзілі на сцэну ўдзельнікі конкурсу і прадстаўлялі сваю візітную картку. Пасля гэтага ўсім ім былі раздадзены заданні тэарэтычнай часткі, на падрыхтоўку якіх адводзілася пятнаццаць мінут. Экзамен выявіў найбольш ведаючых сельгастэхніку і азы агратэхнікі.

Яшчэ большы напал страсцей быў у полі, дзе не так лёгка было паказаць вышэйшы пілатаж на невялічкім участку зямлі ў залежнасці ад класа трактара на плошчы ад 40 да 18 сотак па галіноваму рэгламенту ўпоперак папярэдняга ворыва, як і прадугледжвалася ўмовамі конкурсу.

Ворыва – важны аграпрыём агратэхнічнай апрацоўкі глебы і таму не дзіўна, што яно ляжыць у аснове конкурсу прафесійнага майстэрства. Прычым, улічваліся ўсе паказчыкі ворыва, пачынаючы ад прамалінейнасці, глыбіні ўзаранага поля да правільнай выемкі плуга і заканчэння ўчастка ворыва. Пад увагу браліся контурнасць атрыманага ўчастка і раўненне сценкі раллі. Ход практычнай часткі конкурсу знаходзіўся пад пільнай увагай членаў судзейскай калегіі пад кіраўніцтвам галоўнага агранома райсельгасхарчу В.М. Тарасенкі, у якую ўваходзілі начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду Л.І. Заяц і інжынер па ахове працы, тэхніцы бяспекі, пажарнай бяспецы і грамадзянскай абароне ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання С.С. Казак, выкладчык вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу У.В. Марозаў і майстар вытворчага навучання ДПТВ-183 Л.А. Шпак.

Падвядзенне вынікаў конкурсу адбывалася ў Стралічаўскім СДК. Член судзейскай камісіі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская абвясціла асабістыя вынікі канкурсантаў  па ўсіх намінацыях – за візітную картку, тэхнічны стан трактара, тэхнічны стан плуга, якасць ворыва, адзначыла волю і імкненне кожнага да перамогі, пажадала новых працоўных поспехаў.

Для ўручэння ўзнагарод на сцэну была запрошана намеснік старшыні райвыканкома, начальнік райсельгасхарчу Н.А. Слесарэнка. Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе маладых аратых і заахвочвальныя прызы атрымалі трактарысты: Дзмітрый Сяргеевіч Стольнікаў (КСУП “Судкова”), Дзяніс Віктаравіч Пугач (“Хойніцкі Аграсервіс”), Вадзім Іванавіч Паўлючэнка і Васілій Аляксандравіч Півавар (КСУП “Веляцін”), Уладзімір Уладзіміравіч Бельскі (агракамбінат “Віць”).

Галоўная інтрыга ўзнагароджвання захоўвалася да самага ўрачыстага моманту. Трэцяе месца заняў механізатар агракамбіната “Віць” Міхаіл Васільевіч Кірычэнка. Чырвоную стужку пераможцы конкурсу павязала, уручыла Дыплом адпаведнай ступені і падарунак яму першы сакратар РК ГА “БРСМ” Л.А. Гаркуша. На другім месцы – трактарыст эксперыментальнай базы “Стралічава” Сяргей Іванавіч Шамянок, які атрымаў узнагароды з рук старшыні райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.В. Харошка. І вось ён – самы адказны і хвалюючы момант: называецца пераможца конкурсу аратых. Ім па праву стаў механізатар “Хойніцкага Аграсервісу” Юрый Мікалаевіч Калыхан. Узнагароды лідэру ўручыла в.а. начальніка аддзела райвыканкома па рабоце з моладдзю І.С. Панчанка.

Моманты ўзнагароджвання адбываліся пад бурныя апладысменты залы, у якой знаходзіліся запрошаныя на мерапрыемства вучні другой і трэцяй гарадскіх сярэдніх школ са сваімі настаўнікамі, для якіх яно стала добрым урокам прафарыентацыйнай работы. І, магчыма, хтосьці з цяперашніх выпускнікоў захоча прысвяціць сваю будучую прафесію служэнню зямлі.

Выдатную канцэртную праграму да мерапрыемства падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці гарадскога цэнтра культуры і спорту і Стралічаўскага СДК. І юныя, і сталыя артысты падаравалі ўсім прысутным зарад добрага настрою.




На заканчэнне мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкома, начальнік райсельгасхарчу Н.А. Слесарэнка падзякавала кіраўніцтву эксбазы “Стралічава” за прадастаўленыя ўмовы для правядзення конкурсу.

 Дасягнуты галоўныя мэты мерапрыемства, арганізатарамі якога з’явіліся аддзел па справах моладзі райвыканкома, райком прафсаюза работнікаў АПК, райсельгасхарч, РК ГА “БРСМ”, – стварэнне ўмоў для прафесіянальнай і асабовай самарэалізацыі маладых механізатараў-аратых;  павышэнне культуры земляробства; выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту працы; павышэнне прэстыжу прафесіі механізатара.  Без клапатлівых і ўмелых рук земляробаў развіццё вёскі немагчыма. Значыць, за маладымі механізатарамі будучае.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: моманты конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы малады араты-2009”.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *