Шанс палепшыць вынікі

Спорт

Да свайго заканчэння падыходзіць круглагадовая спартакіяда раёна сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў і арганізацый. Спаборніцтвы прайшлі па 12 відах спорту. Самай масавай можна назваць лыжню, удзел у якой прынялі 30 каманд. Найменшая ж колькасць удзельнікаў (5 каманд) аказалася ў армрэстлінгу і асеннім турыстычным злёце.

Актыўнасць калектываў фізічнай культуры таксама даволі розная. Калі цэнтральная раённая бальніца, якая, дарэчы, і лідзіруе, прыняла ўдзел у 10 спаборніцтвах, а на мнагаборства “Здароўе” нават выставіла дзве каманды, то прадстаўнікам 21 прадпрыемства раёна хапіла сілы на ўдзел толькі ў адным-двух.

На 1 лістапада першае месца ў спартакіядзе ўпэўнена трымае цэнтральная раённая бальніца, якая набрала 220 ачкоў. На другім месцы – Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (163 ачкі), трэцім – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (150 ачкоў), чацвёртым – раённы выканаўчы камітэт (146 ачкоў). Замыкае пяцёрку лідэраў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, на рахунку якого 141 ачко.

Другая пяцёрка выглядае наступным чынам: райспажыўтаварыства, раённы аддзел адукацыі, ДЭУ-45, дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 183, ПМС.

Каманды, якія займаюць месцы ніжэй 25-га, выставілі сваіх прадстаўнікоў толькі ў адным відзе спорту. Гэта ветэрынарная станцыя, дрэваапрацоўчы камбінат, КСУП імя Мележа, АТУП-14, цэнтральная раённая бальніца (другі састаў), філіял № 326 АСБ “Беларусбанк”, ДЮСШ аддзела ФКСіТ райвыканкома, Хойніцкі цэх газавай гаспадаркі, Хойніцкі філіял КУП “Гомельаблпаліва”. Замыкаюць спіс удзельнікаў чыгуначная станцыя “Хойнікі”, Энергазбыт, КУП “Аравічы” і КСУП “Агракамбінат “Віць”.

Спартакіяда яшчэ не завершана. Наперадзе – спаборніцтвы па настольнаму тэнісу і гіравому спорту. А гэта значыць, што ва ўсіх каманд ёсць шанс палепшыць свой вынік і змяніць расклад у турнірнай табліцы.


М. РАМАНЕНКА,
начальнік аддзела ФКСіТ райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *