Грып — не асабістая праблема

Медыцына і здароўе

Адным з надзейных сродкаў барацьбы з эпідэміямі грыпу былі і застаюцца вакцыны. Прышчэпка зніжае рызыку захворвання да 90%. З 26 кастрычніка ў раёне пачалі праводзіць імунізацыю насельніцтва супраць грыпу.

У першую чаргу будуць прышчэплены асобы з групы высокай рызыкі – якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі, а таксама работнікі прафесій, якія маюць пастаянныя і частыя кантакты з насельніцтвам (урачы, работнікі транспарту, сферы абслугоўвання, міліцыі і г.д.).

Бясплатна прышчэпліваюцца медработнікі, дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, а таксама асобы старэй за 65 год (усяго для раёна за кошт рэспубліканскага бюджэту выдзелена 430 доз грыпознай вакцыны). Астатнія групы рызыкі (вучні, работнікі транспарту і гандлю і г.д.) будуць прышчэплены за кошт абласнога бюджэту. З гэтай мэтай упраўленнем аховы здароўя Гомельскага аблвыканкома закуплена 90 тысяч доз грыпознай вакцыны; для нашага раёна выдзелена 1500 доз, больш чым 700 чалавек ужо прышчэплены.

Некалькі прадпрыемстваў нашага раёна  знайшлі магчымасць выдзеліць сродкі для закупкі некалькіх дзесяткаў доз вакцыны для сваіх работнікаў, што з’яўляецца станоўчым вопытам, бо чым больш людзей прышчэплена, тым меншая верагоднасць узнікнення масавых захворванняў грыпам на канкрэтным прадпрыемстве.

У цяперашні час у раёне назіраецца сезонны ўздым захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, прычым у гэтым годзе даволі ранні. Трэба памятаць, што пры першых сімптомах грыпу неабходна звяртацца да ўчастковага ўрача, не займацца самалячэннем.


Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.


У ЛІКУ ПРАФІЛАКТЫЧНЫХ МЕР РЭКАМЕНДУЕЦЦА:


– па магчымасці пазбягаць вялікага скаплення людзей;

– выходзячы на вуліцу, карыстацца аксалінавай маззю або вазелінам (змазваць насавыя хады);

– вярнуўшыся з вуліцы, мыць з мылам не толькі рукі, але і твар;

– рабіць штодзённа вільготную ўборку і рэгулярна праветрываць памяшканне;

– выкарыстоўваць інтэрферон (2-3 кроплі ў нос);

– пасля кансультацыі ўрача – антывірусныя прэпараты (рэмантадзін, анаферон, арпетол);

– вітамінна-мінеральныя комплексы (тэравіт, алігавіт, рэвіт, ундэвіт, гексавіт, антыаксікапс, пікавіт і інш.);

– цыбуля, часнок, эфірнае масла (лаванда, эўкаліпт);

– выкарыстоўваць рэчывы, якія павышаюць агульную супраціўляльнасць арганізма (алоэ, мёд, шыпшына, абляпіха, настойкі жэньшэня, эхінацэі, элеутэракока, лімонніка);

– важная зброя ў барацьбе з вірусамі грыпу і вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі – загартоўка, прагулкі на свежым паветры.


Прадастаўлена цэнтральнай раённай бальніцай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *