У адпаведнасці з графікам падрыхтоўкі і праверкі насення яравых і зернебабовых культур пад веснавую сяўбу 2010 года сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна неабходна было ў тэрмін да 1 лістапада давесці да неабходных кандыцый насенны матэрыял у колькасці 1287 тон.
Аднак па стану на 3 лістапада ў гаспадарках раёна засыпана толькі 1161 тона насення, а ў праверку паступіла яго 849 тон – гэта ўсяго 65 працэнтаў ад неабходнага. Не выклікаюць асаблівага аптымізму і вынікі праверак, бо кандыцыйным прызнана толькі 361 тона (28% ад планавай лічбы).
Наогул не маюць кандыцыйнага насення яравых і зернебабовых культур у агракамбінаце “Віць”, сельгаспрадпрыемствах “Веляцін” і “Велікаборскі”. Не намнога лепшае становішча спраў у іншых гаспадарках раёна, толькі ў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і КСУП “Судкова” ёсць больш паловы кандыцыйнага насення.
Як і ў мінулыя гады, у гаспадарках раёна не ў поўнай меры праводзіцца засыпка насення зернебабовых культур, якога для правядзення веснавой сяўбы 2010 года сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна мець 290 тон. Па стану на пачатак лістапада засыпана 179 тон (61% ад запланаванага). Па выніках праверкі да неабходных кандыцый даведзена толькі 32 тоны насення зернебабовых у сельгаспрадпрыемстве “Судкова” і 20 тон у КУП “Аравічы”. У астатніх жа гаспадарках да засыпкі і ачысткі насення зернебабовых яшчэ толькі прыступаюць.
Між тым, правядзенне ачысткі насення зернебабовых у халодны час года, акрамя нязручнасці для людзей, пагражае і траўміраваннем зародка зерня, што адмоўна адбіваецца на пасяўных якасцях насеннага матэрыялу. Можна зразумець загружанасць гаспадарак, асабліва ў гарачы восеньскі час, аднак той, хто не ўдзяліў належнай увагі ачыстцы насення зернебабовых культур у цёплы час года, рызыкуе панесці страты, якіх можна было б пазбегнуць.
Складанае становішча склалася і з засыпкай насення шматгадовых траў. З неабходных для сяўбы 113 тон у наяўнасці маецца ўсяго 33 тоны – практычна толькі трэцяя частка. Аднак нават і з гэтай колькасці няма ніводнай тоны кандыцыйнага насення, а гэта сведчыць аб тым, што ў вегетацыйны перыяд шматгадовым травам не ўдзялялася належнай увагі. За недастаючую колькасць насення шматгадовых траў гаспадаркам давядзецца плаціць немалыя сумы, улічваючы яго дарагавізну. Куды прасцей і выгадней было б своечасова нарыхтаваць уласнае. Так што пераплачвае не толькі скупы, але і нядбайны гаспадар.
А. ЧЭКАН,
начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.