З В.Д. Сацура пазнаёмілася, можна сказаць, выпадкова. Ён як пераможца ў розыгрышы сярод падпісчыкаў раённай газеты прыходзіў у рэдакцыю атрымаць галоўны прыз – кававарку. Віктар Дзмітрыевіч расказаў, што з раёнкай сябруе амаль 7 дзесяцігоддзяў, і, як толькі пачынаецца чарговая падпісная кампанія, афармляе падпіску адразу на шэсць месяцаў. Сёння ён, чалавек паважанага ўзросту, лічыць «Хойніцкія навіны» галоўным мастком сувязі са знешнім светам. Пры далейшай размове аказалася, што асабісты лёс нашага пераможцы вельмі цікавы, такім чынам з’явілася тэма для публікацыі.
Яго карані ў вёсцы Навасёлкі, дзе нарадзіўся ў 1930 годзе ў мнагадзетнай сялянскай сям’і, быў сярэднім з сямі братоў і сясцёр. У 1940 годзе і да гэтай маленькай палескай вёсачкі дакаціўся заклік партыі на засяленне Сібіры. Адольваемыя патрыятычнымі ідэямі, туды паехалі многія жыхары рэспублікі, сярод якіх у ліку іншых навасёлкаўцаў была і сям’я Сацура.
Жылі ў вёсцы Карганцава Купінскага раёна Навасібірскай вобласці, працавалі ў калгасе. Але паклікала радзіма, і першымі паехалі адсюль сёстры, затым бацька, а Віктар са старэйшым братам Яўгеніем, які працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, быў камуністам, змаглі зрабіць гэта толькі ў 1951 годзе.
На радзіме Віктар прадоўжыў асвоеную ў Сібіры механізатарскую справу, спачатку працаваў на машынна-трактарнай станцыі ў Клівах, а пазней, калі тэхніка была перададзена ў гаспадаркі, стаў брыгадзірам трактарнай брыгады ў сваім калгасе «КІМ» (пазней імя ХХІ з’езда КПСС). Працаваў шчыра і самааддана, за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, удастоены высокіх урадавых узнагарод – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і медаля «За працоўную доблесць». Будучы звеннявым па вырошчванню кукурузы, з’яўляўся ўдзельнікам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, прывёз адтуль бронзавы медаль.
І з асабістым лёсам усё складвалася добра. У 1953 годзе ажаніўся са сваёй зямлячкай Аляксандрай Піменаўнай, выхавалі трох дзяцей, дачакаліся ўнукаў. У 1981 годзе ў іх дом прыйшло страшнае гора: спраўлялі хрэсьбіны ўнучкі, пасля выйшлі праводзіць дачку, і на вуліцы, каля двара, жонку насмерць збіў аўтобус.
Цяжка перажываў гора Віктар Дзмітрыевіч, але жыццё працягвалася, і ён звязаў свой лёс з сяброўкай жонкі, сваёй зямлячкай. Надзежда Сямёнаўна на той час была ўдавой амаль 30 гадоў, яе муж таксама загінуў трагічна – у сваім доме, ад маланкі ў час навальніцы, на вачах дзяцей і жонкі.
Перад катастрофай на ЧАЭС гаспадар перайшоў у ПМК «Сельгастэхнікі», на пасадзе інжынера па забеспячэнню знаходзіўся 25 гадоў. А потым пераехалі ў райцэнтр, купілі дом па вуліцы Жыляка. Маючы бесперапынны 55-гадовы працоўны стаж, Віктар Дзмітрыевіч пайшоў на пенсію ў 2000 годзе ва ўзросце 70 гадоў.
Гэтую сям’ю без асаблівых перабольшванняў можна лічыць унікальнай. І ў першую чаргу – па адносінах да жыцця. Віктар Дзмітрыевіч і Надзежда Сямёнаўна нічога не чакаюць, нічога не патрабуюць ад дзяржавы, а сваё «заўтра» яны будавалі асабістай нялёгкай працай, якая не кожнаму пад сілу. Для гэтага патрэбен моцны характар, воля, паўсядзённая ўпэўненасць у тым, што тое, чым займаешся, неабходна не толькі табе асабіста, але і людзям, якія побач, грамадству.
Як бацькі жывуць у ладзе і згодзе, такія ж дружныя і іх дзеці, лічаць сябе роднымі, а не зводнымі братамі і сёстрамі. Усе яны даўно на самастойным хлебе, жывуць у Гомелі, Смалявічах, Івацэвічах і Віцебску. Можна сказаць, што ўвесь свет пабачыла дачка Віктара Дзмітрыевіча Антаніна. Яна лічыцца адной з самых маленькіх жанчын у Беларусі (яе рост крыху больш аднаго метра), атрымаўшы адукацыю, некаторы час працавала ў Хойніцкім райспажыўтаварыстве, а потым яе запрасілі на працу ў цырк. З гастролямі пабывала ў Японіі, Карэі, іншых замежных краінах, цяпер адпрацоўвае двухгадовы кантракт у Канадзе. Уражаннямі ад кожнай паездкі дзеліцца з бацькамі, асабліва запомнілася пяцігадовая праца ў італьянскім цырку, у той час яна пабывала нават у Ватыкане на прыёме ў Папы Рымскага.
Муж і жонка Сацура на дваіх маюць 13 унукаў, 17 праўнукаў і 2 прапраўнукі, радуюцца іх поспехам і дасягненням, заўсёды чакаюць іх у сябе дома.
Слухаючы свайго субяседніка, падумала, што калі сярод нас было б пабольш вось такіх людзей, дык і жылося б нам намнога прасцей і лягчэй. Бо трымаецца наша зямля ў першую чаргу на сапраўдных гаспадарах – такіх, як Віктар Дзмітрыевіч і Надзежда Сямёнаўна Сацура, якія ў свае гады і агарод апрацоўваюць, і тэрыторыю каля дома ўпрыгожваюць.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Вольгі БЕЛАШ.