У велікаборцаў толькі «экстра»!

Сельское хозяйство

IMG_2603У раённых зводках па вытворчасці малака ў апошні час заўважаецца аптымістычная стабільнасць – КСУП «Велікаборскі» атрымлівае малако выключна гатункам «экстра». Яшчэ нядаўна такія паказчыкі былі, здаецца, недасягальнай марай, цяпер вось рэальнасць. Каб высветліць, як жа велікаборскім жывёлаводам удаецца атрымліваць такі жаданы экстра-клас, ды тым больш у 100% (!), едзем у сельгаспрадпрыемства.

IMG_2614Па дарозе звязваюся па тэлефоне з дырэктарам С.А. Міцурам, каб спачатку атрымаць яго каментарыі наконт гэтага. Ён прадказальна адказаў, што варта выконваць патрабаванні тэхналогіі кармлення, даення і ўтрымання жывёлы. Але ва ўсім тэхналагічным ланцужку на першае месца выходзіць чалавечы фактар, таму заслуга ў высокай якасці прадукцыі, безумоўна, саміх жывёлаводаў.
IMG_2624Калектыў на Велікаборскай ферме за апошні час абнавіўся. Сюды прыйшлі працаваць старанныя, пазітыўна настроеныя даяркі. Іх тут сем, у тым ліку дзве падменныя. Такім чынам, у аператараў машыннага даення ёсць выхадныя дні, што вельмі важна. Абслугоўваюць яны 423 дойныя каровы. У час размовы з імі высветліла, што ўсе цалкам задаволены ўмовамі працы, на сучасным даільна-малочным блоку чыста, цёпла і светла.
IMG_2638Належным чынам на ферме пастаўлена працоўная дысцыпліна, тут ужо забыліся, што такое спазненні і нецвярозыя работнікі. А ўсё таму, што матывацыя добрая ёсць: калі працуеш месяц без парушэнняў – атрымліваеш сто працэнтаў прэміі, а калі правініўся – нуль. Асноўны стымул для высокіх заробкаў – атрымліваць высакаякаснае малако. За літр яго гатункам «экстра» гаспадарцы належыць 4922 рублёў, а самы нізкі, другі гатунак, як вядома, ацэньваецца ўсяго ў 477 рублёў. Адчуйце, што называецца, розніцу. Калі прыбыткі сельгаспрадпрыемства большыя, дык і заработная плата вышэйшая – усё ўзаемазвязана.
IMG_2667Малако – гэта грошы. Калектыву фермы аб гэтым кожны дзень, праводзячы па вечарах «пяцімінуткі», нагадвае загадчыца МТФ Ж.А. Іванюценка і патрабуе ні на крок не адступаць ад тэхналогій. Яна аналізуе накладныя з малочнага завода і расказвае даяркам, колькі складае саматыка, тлустасць, шчыльнасць пастаўленага імі малака і г.д. Тлумачыць, дзе трэба падцягнуцца, што і як выправіць. Трымаць экстра-планку велікаборцам удаецца штодзённа ўжо з 12 студзеня – амаль месяц. Надой на карову ў суткі складае ў сярэднім 9,6 кілаграма, што на 1,6 кг больш мінулагодняга паказчыка. Трэба адзначыць, што важную ролю ў павелічэнні якасці малака адыграла правільнае сартаванне жывёлы.
– У нас усе малайцы! З душой падыходзяць да справы, – гаворыць загадчыца фермы Жанна Аляксандраўна Іванюценка.
IMG_2633Па выказваннях работнікаў, ідэйным натхняльнікам і галоўным кантралёрам з’яўляецца дырэктар гаспадаркі Сяргей Аляксандравіч Міцура. Малады кіраўнік патрабавальны і справядлівы. У аснову асноў ставіць дысцыпліну і парадак. Людзі бачаць яго старанні, імкнуцца падтрымаць і не падвесці.
Я была на ферме ў час абедзеннага даення і прыкмеціла, што даяркі сапраўды выконвалі сваю работу не спяшаючыся, вельмі старанна. Але варта не забываць, што якасць залежыць не толькі ад іх, а яшчэ ад таго, ці своечасова падвезлі кармы, вычысцілі стойлы, ці правільна вылечылі карову і г.д. Карацей кажучы, адказнасць за вынікі працы калектыўная. Велікаборцам удалося ўзняць высокую планку якасці, цяпер застаецца ўтрымлівацца на плыву і атрымліваць ад малака найвышэйшую выгаду.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *