І дарогі яму падуладныя

Асобы Хойнікшчыны

DSC_0004Доказам грамадскага прызнання расійскай кампаніі «ТК Лізінг» г. Самара служаць шматлікія ўзнагароды. У сваёй тактыцы «ТК Лізінг» арыентуецца на спалучэнне прынцыпаў надзейнасці і ўзаемаразумення. Кампанія стараецца выконваць абавязацельствы паміж кліентамі і дзяржавай, пастаянна павышаць якасць аказваемых паслуг і пазіцыаніраваць сябе як надзейнага стратэгічнага партнёра з устойлівым фінансавым становішчам. На імідж кампаніі плённа працуе наш зямляк Мікалай Міхайлавіч Мазырэц, які ў 2001 годзе адкрыў сваю справу па продажу беларускай тэхнікі, якую пастаўляе ў Самарскую, Астраханскую, Арэнбургскую вобласці, у Рэспубліку Мардовію і Краснадарскі край.
Цяпер ён з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара «ТК Лізінг».

Карані Мікалая Міхайлавіча Мазырца ў вёсцы Навасёлкі, якая прытулілася ў адзінаццаці кіламетрах ад нашага райцэнтра. Яна працягнулася адной вялікай цэнтральнай вуліцай, якую ў канцы захінаў хвойнік. Яшчэ і цяпер, калі ўсім вуліцам Навасёлак дадзены назвы, у абыходжанні мясцовых жыхароў тыя, што існавалі раней – «чаканы», «западня», «баракі». Вуліца Партызанская, што на «бараках», была вельмі чыстай, перад кожным домам быў кветнік, за дваром – сад. Вясной, у час цвіцення садоў, вёска бялела, быццам нявеста ў шлюбным уборы. Летам і восенню ў паветры вітаў пах груш і яблыкаў. А зімой, калі быў іней, сады апраналіся ў лебядзіны пух. Гэта быў сапраўды райскі куточак. Тут 7 мая 1967 года заявіў аб сабе другі сын Міхаіла Самойлавіча і Кацярыны Фёдараўны Мазырэц – Мікалай. З кожным пражытым днём ён усё больш усведамляе, што радзіма пачынаецца ў сэрцы яго, калі яно напаўняецца лагодным агнём замілавання сваёй вёскай, сваімі роднымі. А яшчэ – пачуццём свята ў час першага выгану кароў на пашу, урачыстага пачатку пары сенакосу. З цягам часу такіх імгненняў маленства ўспамінаецца так многа, што яны зліваюцца ў шчасце адчуваць сябе часцінкай вялікай Радзімы, хаця ўжо больш за тры дзесяткі гадоў жыве ён за многія тысячы кіламетраў адсюль.

Мікалай Мазырэц з простай сям’і, бацькі працавалі ў Навасёлкаўскім лясніцтве. Закончыў мясцовую васьмігодку, затым вучыўся ў Хойніцкім СПТВ на вадзіцеля. Затым юнак працаўладкаваўся па гэтай спецыяльнасці ў Хойніцкі лясгас. Адсюль быў прызваны на службу ў армію, праходзіў яе ў ваенным гарадку Смоліна, што ў Горкаўскай вобласці Расіі. Адслужыў і вярнуўся дамоў, тады ж і пачаўся «расійскі» перыяд у жыцці М.М. Мазырца. Да сябе, у Самару, яго запрасіў родны дзядзька па мацярынскай лініі, які працаваў у аўтабазе начальнікам аддзела забеспячэння. Пляменнік прадоўжыў там сваю працу ў якасці вадзіцеля, менавіта тады і быў закладзены фундамент яго цяперашніх прафесійных вяршынь.

У г. Самара 6 лютага 2001 года была створана група кампаній «Транс-кантракт». Генеральным дырэктарам з пачатку яе заснавання быў Мікалай Міхайлавіч Мазырэц. У тым жа годзе яна стала афіцыйным дылерам РУП «Мінскі аўтамабільны завод», эксклюзіўным афіцыйным дылерам ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» па Самарскай вобласці, праз тры гады – афіцыйны дылер сумеснага прадпрыемства «Аўтамабільны завод МАЗ-МАН». У 2005 годзе атрымана перамога ў тэндары, які быў праведзены «Еўрапейскім Банкам Рэканструкцыі і Развіцця» на пастаўку 100 адзінак беларускіх аўтобусаў у г. Тальяці, выстаўка «Самарскі аўтасалон» удастоена гран-пры «Залатая чайка».
З 2006 года завязалася плённае супрацоўніцтва з ВА «Гомсельмаш» – у Самарскую вобласць былі закуплены партыі высокапрадукцыйнай тэхнікі, вырабленай на прадпрыемстве нашай вобласці. Камбайны, універсальныя комплексы, навясное абсталяванне вытворчасці «Гомсельмаша» дазваляюць з найменшымі затратамі дабіцца найбольшых вынікаў, ствараючы і прадаючы сваю тэхніку, гомельскія машынабудаўнікі садзейнічаюць укараненню самых сучасных агратэхналогій.

У састаў кампаніі «Транс-Кантракт» увайшлі і станцыі тэхнічнага абслугоўвання, якія прапаноўваюць паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню і ўсіх відах рамонту аўтобусаў, аўтамабіляў, прычапной тэхнікі вытворчасці РУП «МАЗ», сельскагаспадарчай тэхнікі «Гомсельмаша» ў гарантыйны і паслягарантыйны перыяды эксплуатацыі, а таксама па капітальнаму рамонту рухавікоў аўтамабіляў.
Пасля аб’яднання кампаніі «Транс-Кантракт» з аналагічнай буйной кампаніяй г. Самара Мікалай Міхайлавіч Мазырэц апошні час з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара ўніверсальнай лізінгавай кампаніі ТДА «ТК Лізінг», якая прапаноўвае ўсім кампаніям на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі лізінг абсталявання, аўтатранспарту і спецтэхнікі. «ТК Лізінг» фінансуе праекты ў рэальным сектары эканомікі ў мэтах садзейнічання абнаўленню, мадэрнізацыі і расшырэнню асноўных фондаў расійскіх прадпрыемстваў. М.М. Мазырэц часта наведвае беларускія прадпрыемствы, з якімі наладжана дзелавое супрацоўніцтва, паасобку і ў саставе расійскіх дэлегацый. Пасажырская тэхніка Мінскага аўтамабільнага завода пастаўлялася ўжо ў Самарскую вобласць і добра зарэкамендавала сябе на гарадскіх і прыгарадных маршрутах. Акрамя таго, Мінскі аўтамабільны завод плануе паўдзельнічаць у тэндары на абнаўленне рухомага саставу Самарскай вобласці ў рамках правядзення чэмпіянату свету па футболу ў 2018 годзе.

Пасажырская тэхніка, працуючая на газе, – яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва. У маі леташняга года ў Самару быў пастаўлены першы аўтобус з газавым рухавіком. У Астрахані адкрылася прадстаўніцтва ТДА «ТК Лізінг» (афіцыйны дылер – ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» у Самары).
Гандлёва-эканамічныя сувязі расійскага рэгіёна з брацкай Рэспублікай Беларусь умацоўваюцца, і прадстаўнікі беларускага аўтазавода спадзяюцца, што іх прадукцыя знойдзе свайго спажыўца і ў Астраханскай вобласці: ААТ «МАЗ» з’яўляецца буйнейшым дзяржаўным прадпрыемствам Рэспублікі Беларусь па выпуску грузавой, пасажырскай і прычапной тэхнікі, якая займае стабільную пазіцыю на міжнародным рынку, канкурыруючы з сусветнымі вытворцамі.
М.М. Мазырэц, ажыццяў-ляючы прэзентацыю гэтай тэхнікі на тэрыторыі ААТ «АстраханьПасажырТранс», расказаў аб перавагах мінскіх аўтобусаў, зазначыў, што яны поўнасцю адпавядаюць еўрапейскім стандартам, бясшумныя, аснашчаны кандыцыянерамі, працуюць выключна на ДТ Еўра 5 і 6. Дарэчы, 255 такіх жа аўтобусаў абслугоўвалі алімпійскі Сочы і атрымалі ацэнку «5» па пяцібальнай шкале.

IMG_2932Большую частку свайго жыцця Мікалай Міхайлавіч Мазырэц праводзіць у дарозе. Службовыя абавязкі патрабуюць частых камандзіровак. На кожны дзень складзены план: дзе пабываць, што зрабіць. Дапамагае яму падтрымліваць сілы вынік працы ўсёй згуртаванай каманды калектыву, у якім і дзве прадстаўніцы сям’і Мазырца: жонка Ірына працуе ў кампаніі юрыстам, дачка Кацярына – эканамістам. У сям’і Мазырца выхоўваюцца два сыны – шасцікласнік Ян і Елісей, якому чатыры гады.

Калі ў Мікалая Міхайлавіча Мазырца выдаецца вольны час або ён знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Беларусі, то абавязкова едзе ў Навасёлкі, да сваіх самых родных і дарагіх людзей. Тут ён можа абстрагавацца ад штодзённай мітусні, тут яго вельмі добра разумеюць.
М.М. Мазырэц ніколі не быў чалавекам, які крочыць па чужых галовах. Ён з простай сям’і і ўсяго прывык дабівацца самастойна. Але да гэтага часу баіцца стаць ганарыстым або фанабэрыстым. Лічыць, што ва ўсіх сітуацыях трэба заставацца чалавекам. Вось чаму сёння ён усім адкрыта глядзіць у вочы.

А яшчэ наш зямляк – мецэнат і дабрачыннік. Аказвае дапамогу Прыходу Храма ў імя прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елісаветы Самарскай і Сызранскай Епархіі (Маскоўскі патрыярхат). Падтрымлівае хакейны клуб ЦСК УВС, з’яўляецца членам папячыцельскага савета шпіталя ветэранаў вайны і працы г. Самара, падарыў трактар для расчысткі тэрыторыі.

Клаўдзія БОСАК.
Фота з сямейнага альбома М.М. Мазырца.

УЗНАГАРОДЫ
За значны асабісты ўклад ва ўмацаванне гандлёва-эканамічных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і рэгіёнамі Паўднёвай Федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі М.М. Мазырэц у снежні 2014 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Званне «Лепшы дылер па продажу пасажырскай тэхнікі» (2013, 2014 гг.).
Падзяка Патрыярха за ўвагу да падвіжніцкай працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС (2011 г.).

ПРА М.М. МАЗЫРЦА ГАВОРАЦЬ

Маці Кацярына Фёдараўна:
– Мікалай з дзяцінства рос вельмі працавітым, мінуткі без справы не сядзеў – што касіць, што араць. Усё ў яго руках гарэла. Такім жа шчырым і адказным ён крочыць па жыцці. Жывучы далёка ад бацькоўскага дома, ён ніколі не забывае пра нас, звоніць амаль штодня. І, канешне ж, не забывае пра родны край, пры першай жа магчымасці прыязджае ў Навасёлкі.

Васілій Арсенцьевіч Пінчук, былы бухгалтар ДЛГУ «Хойніцкі лясгас»:
– Зусім маладым хлопцам прыйшоў у наш калектыў Мікалай Міхайлавіч і працаваў недзе з год, да прызыву ў армію, вадзіцелем грузавой аўтамашыны. Мне ён запомніўся старанным, добрасумленным работнікам, менавіта такімі былі яго бацькі Міхаіл Самойлавіч і Кацярына Фёдараўна, ветэраны нашага прадпрыемства.

Ала Аркадзьеўна Чарнышова, г. Самара:
– Я сама ўраджэнка горада Хойнікі, як землякі, з Мікалаем Міхайлавічам пазнаёмілася, можна сказаць, выпадкова. З таго часу сябруем сем’ямі, часта разам адпачываем на рацэ Волга. Хачу сказаць, што ён вельмі сціплы чалавек, ніколі не бравіруе сваімі заслугамі, добры і сардэчны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *