Цікава і пазнавальна

Образование

Ужо добрай традыцыяй у нашай школе стала арганізацыя ў час канікул экскурсій на розныя прадпрыемствы і ў прыгожыя куточкі роднай Хойнікшчыны. На гэты раз  восеньскія канікулы прайшлі як ніколі цікава  і пазнавальна. Разам з класным кіраўніком Н.С. Смусянок мы завіталі на Лоеўшчыну. Мэтай нашай паездкі было наведванне музея бітвы за Днепр у райцэнтры.

Музей быў адкрыты 9 мая 1985 года як філіял дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў азнаменаванне     40-годдзя Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі.

З 1990 года атрымаў статус самастойнага дзяржаўнага музея. Фонд яго налічвае 3293 экспанаты. Яны раскрываюць тэму фарсіравання Дняпра. Менавіта з Лоеўскага плацдарма ў 1943 годзе пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У музеі прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, лістоўкі, франтавыя пісьмы. Сярод экспанатаў – асабістыя рэчы генерал-лейтэнанта П.І. Батава, начальніка штаба 65-й арміі, генерал-маёра І.С. Глебава, фотаздымкі воінаў-вызваліцеляў, чые імёны назаўсёды застануцца ў памяці лаяўчан. За вызваленне Лоеўскага раёна 279 воінаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Імёны герояў Дняпра ўвекавечаны ў назвах вуліц гарадскога пасёлка.

Інтарэс у наведвальнікаў выклікае таксама калекцыя зброі. На мемарыяльнай пляцоўцы на беразе Дняпра прадстаўлена баявая тэхніка.

З упэўненасцю можна зазначыць, што экскурсія пайшла ўсім нам на карысць.


Анастасія ВЯРГЕЙЧЫК,
вучаніца 10 “А” класа СШ № 1 г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *