У мінулую суботу ў цэнтры культуры г. Хойнікі прайшоў раённы адборачны тур рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», аб’яўленага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Паспрабаваць свае вакальныя здольнасці адважыліся 11 канкурсантаў. Сярод іх як знаёмыя жыхарам раёна выканаўцы, так і пачынаючыя спевакі.
Журы, якое ўзначаліла старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Н.М. Малаш, пільна сачыла за тым, як артыст паводзіць сябе на сцэне, а таксама ацэньвала выбар музычнай кампазіцыі, яе выкананне і агульнае ўражанне.
Кожны з канкурсантаў прадэманстраваў свой манер спеву, імкнуўся ўкласці ў тэкст выбранай песні як мага больш эмоцый і праз вакал перадаць іх слухачам і суддзям конкурсу.
Пасля абмеркавання журы выбрала тройку самых запамінальных выступленняў. Фіналістамі конкурсу сталі Ірына Котчанка, Аляксандр Бутэнка і Алена Яромчык. Усім канкурсантам уручылі сертыфікаты за ўдзел, а кожны з пераможцаў, акрамя дыплома, атрымаў падарачны сертыфікат на суму 500000 рублёў, які можна атаварыць у магазінах Хойніцкага райспажыўтаварыства.
Наперадзе ў фіналістаў абласны тур конкурсу «Новыя імёны Беларусі», які пройдзе ў канцы сакавіка.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.