Выбар: прафесія праваахоўніка

Образование

DSC_0408Мікалай Палуян, выпускнік СШ №1 г. Хойнікі (на здымку), праблему выбару прафесіі вырашаў самастойна. Зараз ён з’яўляецца студэнтам-другакурснікам крымінальна-выканаўчага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «правазнаўства». Мы пацікаваліся ў Мікалая, чаму ён выбраў прафесію праваахоўніка і папрасілі падзяліцца ўражаннямі ад курсанцкага жыцця.

– Гэта была мара майго дзяцінства: вельмі падабаліся фільмы аб ахоўніках правапарадку, з асаблівым трапятаннем адносіўся да людзей у форме, ды і сама міліцэйская прафесія, лічу, для людзей мужных, моцных духам.

Пасля атрымання атэстата сталасці падзяліўся сваімі планамі з бацькамі, якія, як і ўсе ў маёй радні, не маюць ніякага дачынення да службы ў міліцыі. Бацька Аляксандр Мікалаевіч працуе вадзіцелем у філіяле № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс», маці Вера Іванаўна – медсястрой у першай гарадской сярэдняй школе, абодва яны хацелі, каб я выбраў грамадзянскую прафесію, але, бачачы маю настойлівасць, не пярэчылі.

Аб сваім жаданні паступіць у Акадэмію паведаміў у Хойніцкі раённы аддзел унутраных спраў, заняўся афармленнем дакументаў. У ГДУ імя Ф. Скарыны здаў цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы, грамадазнаўству і беларускай мове. Увогуле, жадаючыя атрымаць прафесію праваахоўніка павінны мець не толькі добрыя веды, але і выдатнае здароўе, таму прайшоў медыцынскі агляд у ваенна-ўрачэбнай камісіі ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Пры станоўчых выніках медагляду, псіхалагічнага адбору і праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі я быў залічаны ў міліцэйскую Акадэмію.

Прыкладна праз месяц вучобы на плацу з вынасам Сцяга Акадэміі праводзіўся рытуал прысвячэння ў курсанты. Пасля вымаўлення слоў прысягі мы сталі ў агульны строй. Радуе, што ў гэты дзень прыязджалі і мае бацькі. І мне здаецца, што ў той момант яны ўхвалілі мой прафесійны выбар.
Хачу сказаць, што жыццё курсанта адрозніваецца ад жыцця тых, хто навучаецца ў грамадзянскіх ВНУ. Па-першае, ёсць адрозненне знешняе: мы пастаянна носім ваенную форму, якая ўспрымаецца як адзін з элементаў выхавання. Форма дысцыплінуе, прымушае думаць аб адказнасці, напамінае аб выпраўцы, асанцы. Па-другое, жыццё ў міліцэйскай Акадэмі – гэта кругласутачнае знаходжанне ў яе сценах. Канешне, учарашнім падлеткам прывыкнуць да строга рэгламентаванага курсанцкага рэжыму зусім не проста. Спачатку мне было вельмі складана прачынацца ў шэсць гадзін раніцы, а затым абавязковая зарадка – патрэбна ў любое надвор’е прабегчы 2 кіламетры, выканаць фізічныя практыкаванні. З 8.30 да 13.00 – вучэбныя заняткі, у кожнай групы маецца свая аўдыторыя. Затым даецца вольная гадзіна, пасля чаго страявая падрыхтоўка да 19.00 і яшчэ некалькі гадзін для самападрыхтоўкі: заняткі па інтарэсах, выхаваўчыя мерапрыемствы, прагулкі, абавязковы прагляд інфармацыйнай праграмы «Панарама» на БТ.

Скажу, што вучыцца вельмі цікава. Побач з прадметамі, якія заснаваны на розных галінах права, вывучаюцца асновы воінскай службы, гісторыя беларускай міліцыі, страявая і агнявая падрыхтоўка.

Будучыя праваахоўнікі маюць магчымасць карыснага і змястоўнага адпачынку. Прадастаўляецца магчымасць выйсці ў горад, каб пабываць у тэатры, музеі, на канцэрце або выстаўцы. А паколькі курсанты Акадэміі знаходзяцца на поўным дзяржзабеспячэнні (летняя і зімовая форма адзення, бясплатнае пражыванне, трохразовае харчаванне) і плюс высокая стыпендыя, якая складае сёння 1 750 000 рублёў, то і магчымасцей у нас больш, чым у звычайных студэнтаў.
Кодэксам гонару для курсанта нашай Акадэміі служыць выхаванне лепшых чалавечых якасцей: чэснасці, вернасці, узорных паводзін і вучобы, жадання жыць, ствараць, працаваць у імя славы Радзімы.

Запісала Клаўдзія БОСАК.
Фота Вольгі БЕЛАШ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *