Спакой, бубен і закаткі

Вёсачка мая

IMG_2710За вокнамі службовага аўто весела мільгаюць бярозкі ды елачкі. На календары – сярэдзіна лютага, а адчуванне, што ўжо ва ўсю ўладарыць вясна. Прырода імкліва прачынаецца ад зімовага спакою. Свеціць яркае сонейка. Нас чакае чарговае цікавае падарожжа – як і абяцалі, едзем у Осаў.

Вёска, нібы беларуская партызанка, схавалася глыбока ў лесе. Лясныя сцежкі на шляху ды невялікія хаткі, з труб якіх віецца дымок, міжволі пагружаюць вандроўніка ў вясковую атмасферу. Сабакі, як сапраўдныя вартаўнікі, адразу рэагуюць на машыну гучным брэхам, а вось грацыёзныя кошкі не звяртаюць ніякай увагі, павольна гуляючы па платах.

IMG_2701Заязджаем у вёску – тут ціш ды любата. Першае, на што звяртаю ўвагу, – дарожны знак. На ім напісана «Восаў», а многія звыклі пісаць «Осаў». Як жа правільна? Пасля высветліла ў Велікаборскім сельвыканкаме, што ўсё ж трэба без буквы «в» – атрымліваецца памылачка.
«Назвалі вёску так, таму што тут было багата вос, ну тых, што кусаюцца», – тлумачыць мясцовая жыхарка Марыя Іванаўна Навуменка, якую мы заспелі ў двары дома. Яна завіхалася па гаспадарцы.
– Праходзьце, не саромейцеся, – гаворыць бабуля, гасцінна расчыняючы дзверы ў хату і праводзячы ў пакой. – Засталося нас тут, у вёсцы, 27 чалавек. Жывём добра. Галоўнае – без вайны. Гэта ж самае страшнае. І цяпер, быццам учора адбывалася, памятаю ўсе яе жахі. У маці нас было шасцёра. Усіх немцы гналі з аўтаматамі, а потым у вагон пасадзілі і павезлі ў Германію. Былі там рабамі два з паловай гады. Як жывымі засталіся – адзін Бог ведае. А вёску нашу немцы спалілі. Вярнуліся мы на папялішча. І пачалі ўсё будаваць па-новаму. Пайшла я працаваць у калгасную брыгаду. З мужам Васіліем пазнаёміліся на вячорках. У шчасці ды згодзе пражылі сорак гадоў. А потым ён пайшоў з жыцця. Ужо пятнаццаць гадоў як няма з намі.

IMG_2694Вочы гаспадыні ад успамінаў напоўніліся слязьмі. Каб неяк адцягнуць яе ўвагу ад сумных думак, пытаюся: «А што гэта ў вас?».
– Бубен! Ён з Масквы. Дзед мой іграў на гармоні, а я біла ў бубен. Ой, раней ад душы спявалі і скакалі ўсёй вёскай. Нездарма лічыцца, што любы звон ці гучны гук адпужваюць нячыстую сілу і ўсякае зло. Таму песні прысутнічалі на вяселлях, вячорках, яны ж так уздымаюць настрой, натхняюць.

На святы гаспадыні рыхтавалі смачныя стравы: блінцы, бульбачку з печы, свежыну, катлеты, ды ўсё гэта з малачком і марынаванымі агурочкамі. Сёння тутэ-йшыя жанчыны таксама робяць нарыхтоўкі на зіму, хаця і значна менш чым раней. У куфэрку Марыі Іванаўны таксама захоўваецца некалькі слоічкаў закатаных памідорчыкаў і яблыкаў.

IMG_2700Мая субяседніца зазначыла, што сёння магазіны перапоўнены рознымі смачнасцямі. Адных цукерак дзесяткі найменняў. А ў колішнім вясковым дзяцінстве самыя лепшыя былі прыродныя ласункі – агрэст, парэчка, яблыкі, клубніцы. Абрывалі іх яшчэ нават няспелымі.
Мае вочы разбягаліся ад безлічы цікавых дэталяў і прадметаў інтэр’еру ў доме бабулі. Гэта і вышытыя накідкі на падушкі, і юбілейныя медалі, як вязню Вялікай Айчыннай вайны, і кранальныя малюнкі ўнукаў. Дарэчы, у Марыі Іванаўны чацвёра дзяцей і шэсць унукаў. А ўжо выходзячы з хаты, я ўбачыла шыльду з надпісам «Дом узорнага парадку». Вось з каго варта браць прыклад – жыве адна, за трыццаць кіламетраў ад горада: здаецца, хто там убачыць, але ўдастоена такога звання. Бо прывыкла рабіць так, каб вакол былі чысціня і парадак.

IMG_2690Яшчэ адна хата, якая прыцягвае ўвагу, – сям’і Чэрковых. Звонку яна цалкам абабіта сайдынгам і выглядае па-сучаснаму. Жывуць тут вельмі сціплыя людзі – муж і жонка Мікалай Васільевіч і Ніна Аляксандраўна. Ажаніліся яны ў 1966 годзе – праз год залатое вяселле будуць спраўляць.
Многа гадоў сямейная пара пражыла ў Расіі. Ніна Аляксандраўна працавала ў ЖЭКу, а Мікалай Васільевіч – у шахце. На радзіму жонкі, у Осаў, вярнуліся ў 1998 годзе. З тых часоў жывуць тут, атрымліваючы асалоду ад мясцовага спакою. У іх двое дзяцей, пяць унукаў і адзін праўнук. Сямейныя сустрэчы самыя радасныя падзеі для бацькоў. У канцы нашай размовы гаспадары дома пажадалі мне моцнага здароўя і раілі вельмі яго берагчы. Сапраўды, гэта самае каштоўнае, нягледзячы на тое, дзе ты жывеш, у вялікім городзе ці ў маленькай вёсачцы.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *