Жыццё працягваецца

Спорт

Прычынай СНІДу з’яўляецца вірус, які паражае клеткі імуннай сістэмы чалавека і робіць іх няздольнымі абараняць арганізм ад захворванняў. Хаця ў чалавечай клетцы ў 100000 разоў болей генетычнай інфармацыі, чым у самім вірусе, ВІЧ атрымлівае перамогу і знішчае клетку. Вірус вызначаецца неверагоднай зменлівасцю. Хуткасць рэгенерацыі ВІЧ настолькі высокая, што ў прыродзе, мабыць, не існуе двух абсалютна ідэнтычных геномаў віруса. Менавіта па гэтай прычыне такім складаным бачыцца стварэнне лякарства. На сённяшні дзень не існуе прэпарата, які забяспечыў бы поўнае вылечванне, удаецца толькі стрымаць развіццё хваробы.

Першыя масавыя выпадкі заражэння ВІЧ-інфекцыяй зарэгістраваны ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Нягледзячы на тое, што з тых часоў ВІЧ быў вывучаны лепш, чым любы іншы вірус, мільёны людзей працягваюць паміраць ад СНІДу і мільёнам ставіцца дыягназ: “ВІЧ-інфекцыя”.

Каб яшчэ раз звярнуць увагу на гэту праблему, напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у рэдакцыі “ХН” адбыўся “круглы стол”, на якім абмяркоўваліся меры прафілактыкі і стан інфіцыруемасці ВІЧ у нашым раёне. Удзел у ім прынялі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Наталля Рыгораўна ЛАГВІНЕЦ, урач-інфекцыяніст Сяргей Аляксандравіч ХАВАНСКІ і урач-дзерматавенеролаг Майя Іосіфаўна ТКАЧЭНКА.

– Як абстаіць сітуацыя з эпідэміяй СНІДу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?

Н.Л.: – Большая колькасць інфіцыраваных – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 год (67,3%). Асноўнай прычынай заражэння з’яўляецца ін’екцыйнае ўвядзенне наркатычных сродкаў. Аднак у апошні час назіраецца павелічэнне колькасці людзей, якія заразіліся ў выпадку сексуальных кантактаў. На 1 лістапада 2009 года ў краіне зарэгістравана 10529 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. За 10 месяцаў гэтага года выяўлена 911 выпадкаў. У Гомельскай вобласці зарэгістравана 5444 выпадкі (гэта самы высокі паказчык па рэспубліцы на 100 тысяч насельніцтва – 371,7). Ад ВІЧ-інфіцыраваных маці ў перыяд з 1987-га па 1.11.2009 г. нарадзілася 1466 дзяцей, за 10 месяцаў гэтага года – 174. 151 нованароджанаму падцверджаны дыягназ “ВІЧ-інфекцыя”, з іх 8 дзяцей памерла.

– Як складваецца сітуацыя з ВІЧ-інфекцыяй у нашым раёне?

С.Х.:
– З 1999 года, калі ў раёне быў зарэгістраваны першы выпадак заражэння ВІЧ, выяўлена 14 інфіцыраваных, 4 з іх – у гэтым годзе. 4 чалавекі за гэты час памерлі. На сённяшні дзень 9 чалавек з ВІЧ-інфекцыяй пражываюць на тэрыторыі раёна, у асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 30 год.

– Чым можа дапамагчы хворым сучасная медыцына?

С.Х.:
– Пакуль што адзіны варыянт  – процівавірусная тэрапія. Яна стрымлівае ВІЧ і развіццё апошняй стадыі захворвання – СНІДу, чым падоўжвае жыццё чалавека на гады. На жаль, самі пацыенты не заўсёды разумеюць неабходнасць лячэння. У нашым раёне з трох чалавек, якім яно паказана, толькі адзін праходзіць курс. Лекі прадастаўляюцца бясплатна, але неабходна вельмі строга прытрымлівацца графіка іх прыёму: пропуск 1 таблеткі зніжае выніковасць на 20-30%, а пропуск 2-3 можа паставіць пад пытанне ўсё лячэнне.

– Значыць, лепш паклапаціцца аб прафілактыцы?

Н.Л.:
– Так, лепшы спосаб перамагчы хваробу – не захварэць. Неабходна памятаць, што шляхоў заражэння ВІЧ не так і шмат. Гэта неабаронены палавы кантакт, ін’екцыя агульным інструментарыем, ад маці дзіцяці пры цяжарнасці, родах альбо кармленні грудным малаком. Іншых шляхоў перадачы віруса не існуе. Ва ўсіх сітуацыях, прадстаўляючых рызыку, кожны чалавек можа абараніць сябе і сваіх блізкіх.

– Заражэнне магчыма толькі пры цесным кантакце з носьбітам віруса?

С.Х.:
– На адкрытым паветры вірус гіне праз некалькі хвілін. Калі б ВІЧ мог жыць не ў арганізме на працягу многіх гадзін і дзён, мы без сумненняў назіралі б выпадкі бытавога заражэння – а іх не бывае. Вірус не перадаецца праз поціск рук, прадметы асабістай гігіены і туалет, у басейне, ванне, лазні, праз укусы насякомых і жывёл, пры пацалунку, у цырульні або пры наведванні стаматолага. Для заражэння ВІЧ неабходна супадзенне некалькіх умоў: вірус павінен знаходзіцца ў біялагічных вадкасцях арганізма чалавека, з якім адбыўся кантакт, і ён павінен трапіць у неабходнае месца (у крываток альбо на слізістую) і ў дастатковай колькасці. Неабходна адзначыць, што не ўсе біялагічныя вадкасці арганізма ўтрымліваюць дастатковую для заражэння колькасць ВІЧ-інфіцыраваных клетак.

Калі гаварыць аб заражэнні праз шпрыц, то тут уплывае шэраг фактараў, у тым ліку колькасць крыві ў іголцы і ўтрыманне віруса ў ёй, і нават тэмпература паветра. Пры супадзенні ўсіх дабратворных для віруса фактараў, шпрыц альбо іголка без стэрылізацыі могуць утрымліваць жывы вірус на працягу некалькіх сутак.

– Асаблівую групу рызыкі складаюць падлеткі і маладыя людзі да 29 год. Якія рэкамендацыі можна даць ім?

Н.Л.:
– Па-першае, не кідацца ў крайнасці. У маладым узросце хочацца шмат паспрабаваць, але неабходна памятаць, што адзін няправільны крок можа разбурыць усё жыццё. Меры перасцярогі самыя простыя: не ўжываць наркатычныя рэчывы (вірус можа трапіць не толькі ў шпрыц, але і ў сам наркотык пры яго гатаванні), абавязкова прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены, не ўступаць у раннія, пабочныя палавыя сувязі, карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны. Згодна з праведзеным анкетаваннем сярод старшакласнікаў Хойніцкага раёна, большасць з іх крайне недасведчаны ў пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя, яны не гатовы вырашаць праблемы, звязаныя з раннім пачаткам палавога жыцця – венерычнымі захворваннямі, ВІЧ, ранняй цяжарнасцю. Не лічаць яны і магчымым звяртацца да дарослых з гэтымі пытаннямі. Просьба да бацькоў – гаварыце са сваімі дзецьмі. Вы можаце аказацца адзіным чалавекам побач, валодаючым неабходнай інфармацыяй.

– У апошні час павялічваецца колькасць людзей, якія заразіліся пры палавым кантакце. Акрамя віруса імунадэфіцыту чалавека, палавым шляхам перадаюцца і іншыя хваробы. Якія ў іх агульныя рысы і якім чынам яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой?

М.Т.:
– Рызыка заражэння ВІЧ для абодвух партнёраў узрастае пры прысутнасці венерычных захворванняў. Хваробы, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ), справядліва называюць “варотамі для віруса”, паколькі яны выклікаюць язвы альбо запаленне слізістай, праз якія вірусу лягчэй пранікнуць у арганізм. Неабходна адзначыць, што верагоднасць заражэння жанчыны ад мужчыны пры палавым кантакце ў тры разы вышэй, чым мужчыны ад жанчыны. 

Акрамя таго, многія ІППШ асабліва небяспечны для ВІЧ-інфіцыраваных, у якіх такія захворванні, як герпес, ганарэя, сіфіліс, могуць прывесці да цяжкіх ускладненняў.

– Якім чынам выяўляюцца людзі з ВІЧ-станоўчым статусам?

С.Х.:
– Аналізы на выяўленне віруса бяруцца ў раённай паліклініцы, у тым ліку і ў выпадках звароту да ўрача са скаргамі, якія не выключаюць ВІЧ-інфекцыю. Лабараторныя даследаванні праводзяцца ў Рэчыцы і Гомелі, для пацверджання дыягназу праводзяцца дадатковыя аналізы і даследаванні, пасля з пацыентамі пачынаюць працаваць спецыялісты.

Абследаванне можна правесці і ананімна. Штогод за гэтай паслугай у райпаліклініку звяртаюцца ў сярэднім 6-7 чалавек. Між іншым, ні ў аднаго з іх не быў выяўлены вірус ВІЧ.

СНІД адносіцца да ліку пяці хвароб-забойцаў, якія забіраюць найбольшую колькасць жыццяў на нашай планеце. Аднак адной з галоўнейшых праблем да гэтага часу застаецца непрыняцце інфіцыраваных грамадствам. Кожны чалавек, які пацярпеў ад ВІЧ-інфекцыі, заслугоўвае нашай спагады і падтрымкі.  Нават з такім страшным дыягназам жыццё працягваецца.


Падрыхтавала Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *