Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, шаленства штогод забірае з жыцця 55000 чалавек.
Характэрнай асаблівасцю 2009 года з’яўляецца рост колькасці захворванняў сярод дамашніх і сельскагаспадарчых жывёл. Сёлета захварэлі і памёрлі ад шаленства 2 чалавекі – жыхары Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці (укусіла ліса) і Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці (укусіў сабака), раней, у 2006 годзе, таксама два чалавекі – жыхары Сенненскага раёна Віцебскай вобласці (укусіў янотападобны сабака) і Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці (укусіла дамашняя кошка), якія своечасова не звярнуліся за медыцынскай дапамогай.
За 2008 год у лячэбна-прафілактычныя ўстановы нашага раёна наконт кантакту з жывёлай (укусы, драпіны, іншыя пашкоджанні) звярнуліся 92 чалавекі, 28 з якіх атрымалі лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі. За 10 месяцаў сёлета – 83 чалавекі, у тым ліку 5 пасля кантактаў з хворымі шаленствам жывёламі. 6 чалавек катэгарычна адмовіліся ад вакцынацыі супраць шаленства.
Гэтае смяротнае захворванне можна папярэдзіць. У арсенале медработнікаў ёсць дастаткова эфектыўныя лекавыя сродкі (вакцына і імунаглабулін), аднак яны гарантуюць абарону ад шаленства пры своечасовым звяртанні пацярпеўшага да ўрача (хірурга, траўматолага).
Шаленства можна папярэдзіць, для гэтага патрэбна:
– захоўваць устаноўленыя правілы ўтрымання дамашніх жывёл (сабак, кошак) і штогод у абавязковым парадку прадстаўляць іх у ветэрынарную станцыю па месцу жыхарства для правядзення прафілактычных прышчэпак;
– у выпадках змяненняў у паводзінах дамашніх жывёл, атрымання імі пашкоджанняў ад іншых жывёл, смерці без бачных прычын, неабходна абавязкова звярнуцца да ветспецыяліста, каб устанавіць назіранне або высветліць прычыну смерці;
– пазбягаць любых кантактаў з дзікімі жывёламі, безнагляднымі сабакамі і кошкамі, трупамі жывёл і навучыць гэтаму сваіх дзяцей;
– небяспечныя для чалавека не толькі ўкусы, драпіны, але і асліненне пашкоджаных скурных покрываў і слізістых абалонак, нанесенае хворай шаленствам жывёлай.
Як правіла, здаровыя дзікія жывёліны пазбягаюць сустрэчы з чалавекам. І калі яны не рэагуюць на з’яўленне чалавека ў прыродных умовах, а тым больш заходзяць у населеныя пункты, можна не сумнявацца, што гэта хворыя, патрэбна прыняць усе меры асабістай перасцярогі і забеспечыць бяспеку блізкіх.
Калі кантакту пазбегнуць не ўдалося, адбылося пашкоджанне скурных покрываў і слізістых нават здаровай знешне жывёлай, неабходна:
– зрабіць пярвічную апрацоўку раны – старанна прамыць параненую паверхню на працягу 15 мінут струменем вады з мылам;
– апрацаваць краі раны 5% настойкай ёду;
– накласці стэрыльную павязку;
– неадкладна звярнуцца ў медустанову.
Толькі ўрач можа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і назначыць пры неабходнасці прышчэпачны курс. Ні ў якім разе нельга адмаўляцца або перапыняць назначаны курс лячэння. Гэта можа прывесці да трагічных вынікаў.
Цяпер поўны прышчэпачны курс складаецца з 6 ін’екцый вакцыны, а з улікам вынікаў назірання за дамашняй жывёлай (сабакам, кошкай) можа быць па рашэнню ўрача скарочаны.
Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.