Шчаслівая мнагадзетная сям’я Літвінка

Людзі і лёсы

мамаЦяпло рук, пяшчотны, добры погляд, ласкавы голас. Мама. Як шмат у гэтым слове. Любоў, дабрыня, клопат… Заўтра мы будзем віншаваць сваіх непаўторных, абаяльных і самых дарагіх матуль з цудоўным вясеннім святам – Днём жанчын. Да прыемнай падзеі рыхтуецца і вялікая, надзвычай дружная сям’я Літвінка. Дзеці і муж Васілій абавязкова парадуюць сваю любімую маці і жонку.

Марыя Літвінка – вельмі добразы-члівая, спагадлівая жанчына і клапатлівая гаспадыня. Яна вельмі цудоўна гатуе. Якія ў яе атрымліваюцца торты, піражкі, бліны, пернікі, аладкі, сырнікі, пірагі – смаката! Кулінарныя шэдэўры мне паказалі на шматлікіх фотаздымках, якія захоўваюцца на камп’ютары ў папцы «Маміна захапленне». Цікавыя задумы, розныя памеры, формы, колеры салодкіх тварэнняў – вочы проста разбягаюцца! Марыя Рыгораўна любіць песціць родных смачнасцямі. Для сваёй вялікай сям’і гатуе ўсё ў падвоеным памеры.
Многія лічаць, што мнагадзетная мама – гэта чалавек, які вымушана «прапісаны» на кухні. Сапраўды, каб штосьці смачненькае прыгатаваць, трэба правесці там многа часу. Але падраслі ўжо маміны памочніцы, дочкі Таццяна і Вікторыя, «даганяе» ўжо і Наталля. Яны і з печывам дапамагаюць, і посуд памыюць, і парадак навядуць – нават размеркавалі паміж сабой, калі чыя чарга. Так, ёсць сапраўдны графік.

Працавітымі растуць і сыны – іх таксама трое – Вадзім, Антон і Мікіта. Жыве сям’я Літвінка ў кватэры па вуліцы Камсамольскай, а дакладней – у дзвюх суседніх. Запаветныя квадратныя метры атрымалі восем гадоў назад. Кватэры паміж сабой не злучаны, але яны ўжо прывыклі да пераходаў па агульнаму калідору.

Ва ўсіх хатніх клопатах жанчыне дапамагае і муж Васілій. Ён працуе на Палескім вытворчым участку ААТ «Малочныя прадукты». У шлюбе яны жывуць ужо васемнаццаць гадоў.
Марыя працуе дваццаць два гады эканамістам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У рабоце яна вельмі адказная. Як мнагадзетнай маці ёй належыць дадатковы выхадны, яна абрала сераду. Вольны день прысвячае звычайным справам па дому – прыбіранню, прасаванню, гатаванню.
Дарэчы, яна і сама нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і, у якой было сямёра дзяцей – усе дзяўчынкі. Паміж сёстрамі заўсёды існавалі цёплыя сяброўскія адносіны, усе клапаціліся, дапамагалі адна адной. Гэтую традыцыю падтрымліваюць і цяпер, нягледзячы на адлегласці, якія праляглі між імі. А родам Марыя Літвінка з Брагіншчыны. Стараюцца збірацца разам на святы – Новы год, Вялікдзень, вяселлі і дні нараджэння сваякоў.

Пабываўшы ў гасцінным доме сям’і Літвінка, адразу заўважаеш, наколькі ветлівыя і культурныя ўсе дзеці. Адразу адчуваецца добрае выхаванне. Старэйшы сын Вадзім працуе вадзіцелем у ветлячэбніцы. Антон – навучэнец Хойніцкага прафесійнага ліцэя. Таня – дзесяцікласніца гімназіі. Астатнія вучацца ў другой гарадской школе: Мікіта – у восьмым класе, Віка – у сёмым, а Наташа – у чацвёртым. Апошнія трое займаюцца ў розных класах дзіцячай школы мастацтваў. Старэйшая дачка яе ўжо закончыла, але працягвае наведваць ансамбль народных інструментаў. Вось такая музычная сям’я.

У 2004 годзе Марыі Літвінка быў уручаны Ордэн Маці. Нагадаю, што гэта адзіная беларуская ўзнагарода, якой удастойваюць жанчын-маці, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей.

Жанчыну часта запрашаюць на розныя раённыя мерапрыемствы, а ў кастрычніку мінулага года яна была на ўрачыстым прыёме ў губернатара вобласці У.А. Дворніка, які быў прымеркаваны да Дня маці. Прайшло чатыры месяцы, а Марыя Рыгораўна і зараз знаходзіцца пад вялікім уражаннем ад таго мерапрыемства. Па яе словах, усё было арганізавана на вышэйшым узроўні, і кожная з удзельніц свята адчула сябе не толькі мамай, але і сапраўднай жанчынай.

Калі ўнутры ў жанчыны сонца, у промнях немагчыма не сагрэцца. Яна становіцца прыгожай проста таму, што свеціцца знутры. Ззяйце, дарагія нашы жанчыны!

Тэкст і фотаНаталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *