З вышыні пражытых гадоў

Людзі і лёсы

IMG_0004У кожнага чалавека свой лёс. Яўгеніі Цімафееўне Шкут ён прадвызначыў доўгі і складаны шлях. І было на ім усё: і работа, і клопаты, і доўгія гады вайны. Былі радасці і засмучэнні, часам сэрца спявала ад шчасця, а часам сціскалася ад душэўнага болю.

Што ж, кажуць, кожнаму чалавеку Бог дае такі крыж, які ён у сілах несці. І яна нясе яго, не страчваючы здольнасці радавацца кожнаму дню, не скардзячыся на жыццё, якое налічыла ўжо дзевяць дзесяткаў. У такую пару чалавек ужо больш жыве мінулым, чым будучым. І яно трывожыць памяць, высвечваючы далёкія падзеі і твары…

Нарадзілася Жэня Калыхан у 1924 годзе ў вёсцы Лісцвін. Яе дзяцінства нічым не адрознівалася ад большасці равеснікаў з сельскай мясцовасці. Расла ў дружнай сялянскай сям’і, была малодшай з трох сясцёр. Закончыла толькі два класы Лісцвінскай школы, разам са старэйшымі сёстрамі дапамагала бацькам: у іх доме і на прысядзібным участку заўсёды хапала работы, стараннасць і працавітасць была асаблівай рысай іх сям’і з даўніх часоў, а тут было дзе прыкласці свае сілы і здольнасці. Але паміж паўсядзённымі клопатамі заўсёды знаходзіла момант, каб хоць на некаторы час збегчы ў лес, дзе пасля напружанага працоўнага дня моладзь заўсёды ладзіла сабе адпачынак – вёска ж размяшчалася ў жывапіснай мясцовасці.

Усё змянілася незваротна чэрвеньскай раніцай 1941-га, калі па радыё аб’явілі аб пачатку вайны. Здавалася, непрадузяты мужчынскі голас з рэпрадуктара не толькі запоўніў вуліцы Лісцвіна, але і рэхам адбіўся ў навакольнай прыродзе. Пасля страшнай навіны маці з дочкамі (бацька памёр ад хваробы некалькімі гадамі раней) сабраліся ў сваёй хаце. Маці па традыцыі паставіла на стол сняданак – яечню ў вялікай патэльні, іншую сялянскую ежу. Але нікому кавалак не лез у горла.
Застаўшыся на акупіраванай тэрыторыі, давялося выжываць у поўным сэнсе гэтага слова. Немцы бязлітасна рабавалі, разбуралі тое, што стваралася гадамі. Перад вачыма Яўгеніі Цімафееўны і сёння зламаныя галінкі іх сада, па якім праехалі фашысцкія танкі. Да гэтага часу адчувае яна гарачыню агню, у якім ад рук карнікаў згарэлі дамы на яе вуліцы. А яшчэ – дакрананне калючага дроту ў нямецкім горадзе Вязелі, куды была ўгнана ў фашысцкае рабства.
Разам з дзяўчатамі-равесніцамі з Беларусі і Украіны працавала на рыбнай фабрыцы, на работу і з работы вадзілі пад канвоем, пад замком жылі ў бараку на два паверхі. З ежы штодзень быў шпінат, добра выручала рыба, якую вязні ачышчалі: кінеш кавалак рыбы ў кіпяток, успамінае Яўгенія Цімафееўна, схаваешся ў закутку, ды так і падмацуешся.
Праз тры гады вызвалілі амерыканцы, вярнулася дамоў, працавала ў калгасе, прымала актыўны ўдзел у аднаўленні разбуранай гаспадаркі.

Маладосць брала сваё, даглядаючы статак на адгоннай пашы, Яўгенія пазнаёмілася з Мікалаем, які працаваў лесніком. Сустракаліся з год, а потым распісаліся ў сельсавеце. Жыць разам пачалі ў Малішаве, адкуль муж родам. Спачатку кватаравалі, а потым пабудавалі свой дом, абодва працавалі ў калгасе, Мікалай Антонавіч змяніў прафесію, сеўшы за руль грузавой аўтамашыны.
І пайшло, палілося сямейнае жыццё з цяжкасцямі, марамі і радасцямі, галоўная з якіх – дзеці. Іх нарадзілася пяцёра – старэйшыя чатыры дачкі і малодшы сын.

Мікалай Антонавіч і Яўгенія Цімафееўна, як самыя дарагія людзі на свеце, навучылі сваіх дзяцей адрозніваць добрае ад злога, працавітасці, асновам сумлення і чалавечнасці. Разам святкавалі вяселлі і провады ў армію, не адчувалася недагледжанасці або напружання ў адносінах. Калі ўсе разышліся з роднай хаты будаваць свае гнёзды, бацькі жылі іх праблемамі.

Старэйшая дачка Валянціна абаснавалася далей за ўсіх – у горадзе Нафтаюганску, выйшаўшы на пенсію, вярнулася ў Малішаў. У гэты ж горад пераехалі і жывуць там яе сёстры Любоў і Марыя, а яшчэ адна сястра Лідзія жыве ў Гомелі. На вялікі жаль, даўно пайшоў з жыцця муж Яўгеніі Цімафееўны, яшчэ крываточыць свежая рана на сэрцы жанчыны, нанесеная трагічнай смерцю адзінага сына Уладзіміра.

Тут, у доме № 10 па вуліцы Шасейнай г. Хойнікі, праходзіць ціхая старасць Яўгеніі Цімафееўны Шкут. Яе нашчадкі не далі прыйсці ў запусценне маленькай кропачцы на карце нашага раёна, дзе жыве іх дарагі чалавек: дом газіфікаваны, з усімі зручнасцямі, тут вельмі чыста і ўтульна. 25 верасня збяруцца ў ім дочкі са сваімі сем’ямі, 10 унукаў і 7 праўнукаў, каб павіншаваць з 90-годдзем з дня нараджэння – ім працягваць справу бабулі, ствараць мір і дабрабыт для сваіх родных. Ды, напэўна, не так важна, дзе прыкладуць яны свае сілы. Галоўнае, што дзякуючы Яўгеніі Цімафееўне і яе продкам, маладым перадаюцца асноўныя каштоўнасці – сумленнасць, працавітасць, любоў да бліжняга і сваёй Радзімы. Прагучаць цёплыя словы віншаванняў, і стане цёпла на сэрцы Яўгеніі Цімафееўны, бо самае галоўнае для людзей яе пакалення – памяць людская, чалавечая ўвага і клопат.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *