Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Камешу — 90 гадоў

Да Дня Вялікай Перамогі

камешЧалавечае жыццё… Што гэта? Доўгая дарога ў дзюнах? Іронія лёсу? Дакладна не ведаю. Але ў адным цвёрда пераканана: чалавечае жыццё – гэта падзеі і клопаты, першае каханне, мары і расчараванні, дом і сям’я, родныя і блізкія людзі, паўсядзённая праца, на якой кожны з нас праводзіць большую частку свайго жыцця. Я хачу расказаць аб добрым чалавеку, тым больш, што для гэтага маецца добрая нагода – жыхар нашага горада, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Сцяпанавіч Камеш адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

Толькі з бегам часу, хуткага, як вада ў крыніцы, чалавек можа ацаніць свае жыццёвыя здабыткі, мэтазгоднасць тых ці іншых дзеянняў, зрабіць вывад аб тым, ці ўсё было добра на працягу пражытых гадоў. Нялёгка даводзілася часам Мікалаю Сцяпанавічу. Прыгадвае ён вехі сваёй жыццёвай пуцявіны, і розныя малюнкі паўстаюць перад вачыма ветэрана: і вясёлыя, і горкія…

ПАЧАТАК ПАЧАТКАЎ
Немалая сям’я была ў жыхара вёскі Карчовае Сцяпана Камеша – восем душ разам з гаспадаром і гаспадыняй. Сын Мікалай нарадзіўся тут другім, пасля старэйшай сястры, якраз на Каляды, у 1925 годзе. Хлеба ўсім хапала, бо руплівым працаўніком быў бацька ды і дзяцей з маленства да гаспадарання прывучаў. А сына Міколку ад гармоніка бацька не адганяў, няхай, маўляў, цешыцца хлопец, калі ахвота ёсць, уменне ж за плячыма не насіць.
На ўсё жыццё запомніліся М.С. Камешу ідылічныя карцінкі маленства. Ласкавы ветрык нясе дзівосныя павевы рознатраўя і паспяваючай збажыны, паветра поўніцца водарам сырадою, трапечуць лістотай дрэвы ў садах, і нават звычайны пыл на вясковай вуліцы, цёплы і пульхны, струменіцца ў сонечных праменях і ахінае наваколле своеасаблівым пахам жніўня. Цішыня… І раптам гэту карцінку абуджаюць нейкія не зусім прывычныя да абстаноўкі гукі. Пяшчотныя, яны пачынаюцца ціха-ціха, прымушаюць трапятаць сэрца незвычайнай мелодыяй. Пакрысе набіраючы сілу, вядзе гармонік сваю песню, знаёмую да болю, такую родную, што шчыміць і адначасова радуе душу.

– Міколка грае. Глядзі ж ты, як выводзіць! – адзначалі вяскоўцы, якія, закончыўшы свае гаспадарскія справы, выйшлі пасядзець на лаўках сваіх селішчаў.
Даўно гэта было. Многа гадоў мінула, як кароткая летняя ночка, калі зара з зарой сыходзяцца і раса вячэрняя становіцца расою ранішняй, калі пеўні губляюць пачуццё часу і аглушальна грукаюць на зямлю яблыкі-ападкі. Менавіта тады ў першы раз узяў у рукі карчоўскі хлопец Мікалай Камеш просты музычны інструмент – гармонік. Ледзь вызваліцца ад работы, рукі яшчэ трымцяць ад касы, а ён ужо перабірае лады, новую песню развучвае. Ды так лоўка кладуцца пальцы на чорныя і белыя гузікі гармоніка, што і сам хлопец дзівіцца свайму спрыту. Ведае малады музыка, што, нягледзячы на стому ад работы, збяруцца ў гурт на захадзе сонца за ваколіцай сябрукі і сяброўкі і будуць чакаць яго, завадатара вечаровых забаў. Часам і цяпер Мікалай Сцяпанавіч бярэ ў рукі гармонік – другі з двух, набыты самім, а першы гармонік яму некалі купляў бацька, каб не так сумна было сыну ахоўваць пасеку. Грае цяпер для душы, для сябе.

Дружна і весела жылі ў даваенны час карчоўцы. Калі хату будаваць – дык талакой, калі сена касіць – дык усёй вёскай… Заўсёды побач былі дзеці, якія паспявалі і ў школе вучыцца, і бацькам дапамагаць.
Ды жыць перашкаджала вайна, забрала юнацкія мары. Да пачатку Вялікай Айчыннай Мікалай закончыў сем класаў мясцовай школы.

У ВАСЕМНАЦЦАЦЬ ЮНАЧЫХ ГАДОЎ

Мікалай Сцяпанавіч Камеш да падрабязнасцей памятае кожны дзень, пражыты на вайне. Памяць выдатна захавала твары сяброў і суровыя баявыя дарогі. Ёсць аб чым расказаць старому воіну. І ты, прысеўшы на стары табурэт, заслухоўваешся яго расказам, начыста забыўшыся пра час. У слове, у дрыжачым голасе ветэрана ажывае мінулае. У летапісе жыцця Мікалая Камеша – гісторыя магутнай дзяржавы, у якую стройна ўплёўся лёс аднаго чалавека. А Вялікая Айчынная вайна стала асноўным раздзелам. І ён зноў і зноў яго перапісвае.
Першыя гады вайны. Бацька пайшоў на фронт, пахаванку на яго атрымалі ў 1941-м годзе. Нямецкая акупацыя. Жорсткасць і насілле захопнікаў, пастаянны страх за жыццё, каварная невядомасць, голад, хваробы.

Год 1943-ці. Савецкая Армія наносіць сакрушальныя ўдары заваёўнікам. У душах людзей мацнее надзея на хуткае вызваленне роднай зямлі, у наш раён яно прыйшло 24 лістапада. У той жа год Мікалая Камеша прызвалі ў Чырвоную Армію, і ў васемнаццаць юначых гадоў ён акунуўся ў ваенную віхуру. Быў накіраваны ў Арлоўскія ваенна-вучэбныя лагеры. Там з адзнакай прайшоў курсы маладога пехацінца.

Душа рвалася ў бой, адольвала смага адпомсціць фашыстам, пакараць бязлітасных заваёўнікаў. Ваяваў у саставе 1-га Беларускага фронту, у адным з баёў пад Ковелем на Украіне атрымаў раненне. Падлячыўшыся ў шпіталі, зноў на фронт. Спазнаў да драбніц усю неймаверную цяжкасць ратнай працы. Ваяваць у пехоце, значыць, патрэбна не толькі фізічная сіла і храбрасць, але ўменне прадбачыць, адчуць абстаноўку. Вярцела і круціла яго ў страшнай віхуры крывава-попельных баёў. Смерць часта насілася побач, асабліва пры подступах да ракі Одэр у Польшчы ў саставе 318-й горнастралковай дывізіі.

…Радавы Камеш узняў галаву, глянуў на суровае чорнае неба. Рэдкія зоркі трымцелі на небе, а вочы, зацярушаныя каменным пылам, чырвоныя ад недасыпання і горычы дыму, што слаўся побач, вышуквалі: ці не прамільгнуць паміж хмарамі крылы варожых самалётаў. І калі заціхаў чарговы налёт, разам з таварышамі падаў проста на зямлю, каб хоць на хвіліну забыцца кароткім сном, каб крыху адпачыць перад чарговай атакай жалезных птушак з чорна-жоўтымі крыжамі на крылах. І толькі, здаецца, заплюшчыў вочы, з непрытомнасці вяртаў да жыцця кароткі сігнал трывогі. І ўспыхвалі пражэктары, ловячы ў перакрыжаванні «юнкерса» або «хенкеля», і гулі гранітныя грудзі зямлі, і апякаючыя асколкі, бы град, падалі на пазіцыі савецкіх воінаў. І ад бляску выбухаў зямля здавалася суцэльным агнём. Страчвалася пачуццё часу, жаху смерці, слых і зрок быццам прападалі, і ўсё адбывалася, як у нейкім землятрасенні, ад якога не схавацца.

У адным з баёў тут М.С. Камеша напаткала варожая куля, ён атрымаў цяжкае скразное раненне бядра. Цэлы дзень праляжаў на полі бою, сцякаючы крывёю, потым быў падабраны і змешчаны ў эвакашпіталь 3425, які размяшчаўся ў мястэчку Саскавец, што ля горада Катавіцы. Тут жа яго заспела вестка аб перамозе савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Лячыўся да канца 1945 года, а потым паехаў дамоў. Убачыўшы яго, маці Кацярына Аляксееўна ледзь не страціла прытомнасць: яна ўжо атрымала пахаванку на свайго сына.

Для Мікалая Сцяпанавіча вайна працягвалася з 1943 па 1945 год. Колькі лёсаў перасеклася за гэты час, колькім сябрам ён сказаў апошняе «бывай»! Назаўсёды ў яго памяці аднапалчане, людзі, з якімі дзяліў апошні кавалак хлеба і апошнюю махорку, апошнюю зацяжку. Яны былі радней за родных, аб’яднаныя агульнымі пачуццямі, душэўнымі парывамі і агульнай мэтай.Пехацінец Камеш не хаваўся за чужымі спінамі, хутчэй, наадварот, як кажуць, лез на ражон. Аб гэтым сведчаць і заслужаныя ім баявыя ўзнагароды – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.», а таксама мноства юбілейных узнагарод.

МІРНЫЯ БУДНІ
У пастаяннай напружанай працы прайшло жыццё ветэрана. Большую частку яе займае работа ў леспрамгасах: у Жыткавіцкім адпрацаваў 23 гады. Там, у вёсцы Юркавічы, пачаў віць сваё сямейнае гняздо з каханай дзяўчынай, ураджэнкай вёскі Амелькаўшчына Любоўю Савіцкай. Тут нарадзіліся і выраслі іх дзеці – дачка Валянціна і сын Сцяпан. Яны цяпер жывуць у Маскве, сын – кадравы ваенны, падпалкоўнік у адстаўцы, жонкай ваеннага з’яўляецца і дачка, некаторы час абодва жылі ў Чэхаславакіі. Менавіта яны і сталі ініцыятарамі вяртання бацькоў на радзіму. Мікалай Сцяпанавіч уладкаваўся на працу ў Хойніцкі леспрамгас па ранейшай спецыяльнасці – майстрам падсочкі лесу, тут за старанную і добрасумленную працу ў 1981 годзе быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». На заслужаны адпачынак пайшоў адсюль значна пазней патрэбнага ўзросту, яго вопыт быў вельмі запатрабаваны.

Цяпер Мікалай Сцяпанавіч жыве па вуліцы Будаўнічай райцэнтра, гаспадар доўгія гады з любоўю завіхаўся тут, мацуючы кожную цаглінку, рупіўся над добраўпарадкаваннем селішча, і нават усе цвікі былі забіты ў дошкі яго працавітымі рукамі.

Пасля смерці горача каханай жонкі, з якой у ладзе і згодзе пражыў 43 гады, Мікалай Сцяпанавіч вось ужо 22 гады адзін. Да нядаўняга часу нават абыходзіўся без паслуг сацыяльнага работніка.
Сёння адзіноту старога салдата прыхарошваюць рэдкія сустрэчы з баявымі таварышамі, былымі калегамі-паплечнікамі, яго запрашаюць у школы і ліцэй, дзе ветэран праводзіць ваенна-патрыятычную работу сярод навучэнцаў. Частыя госці ў яго і журналісты, бо ветэрану ім ёсць што расказаць.

Жыццё – дзіўны дар. Мікалай Сцяпанавіч Камеш ведае яго сапраўдную каштоўнасць, і, як бы цяжка ні даводзілася,ён прымае жыццё ва ўсіх яго праяўленнях.
Ганарыцца сваімі дзецьмі, дзвюма ўнучкамі, а таксама праўнучкай і праўнукам. Яны вельмі часта прыязджаюць да свайго роднага чалавека, і хочацца верыць, што нашчадкі М.С. Камеша не дадуць прыйсці ў запусценне маленькай кропачцы на карце нашага раёна, бо ім працягваць справу дзеда і прадзеда, ствараць мір і дабрабыт для сваіх родных. Галоўнае, што перадаў Мікалай Сцяпанавіч ім – гэта сумленнасць, працавітасць, любоў да сваёй Радзімы. А гэта тое, без чаго нельга ісці ў бой і перамагаць у мірным спаборніцтве.

На маё пытанне, ці лічыць Мікалай Сцяпанавіч сябе шчаслівым чалавекам, пачула ў адказ:
– З аднаго боку, калі ўвогуле паглядзець на маё жыццё, то мне пашанцавала: я вярнуўся жывым з той страшнай вайны і заўсёды займаўся той справай, якая мне падабалася. Побач са мной былі і ёсць толькі тыя людзі, якія мне па душы. Калі нават забыць пра мінулае, бо яго ўжо не вернеш, і пра будучае, якога можа і не быць, то і цяперашняга мне цалкам дастаткова, каб адчуваць сябе шчаслівым.

У дзень юбілею М.С. Камеша віншавалі не толькі блізкія людзі, але і старшыня раённага савета ветэранаў В.С. Васькевіч, Мікалай Сцяпанавіч з’яўляецца яго намеснікам, а таксама прадстаўніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т.М. Краўчанка і Т.І. Голуб, якія ўручылі імянінніку сувенір. Гучалі шчырыя словы віншаванняў, і цёпла было на сэрцы ветэрана, бо самае галоўнае на сённяшні дзень для гэтых людзей – памяць людская, чалавечая ўвага і клопат.

Клаўдзія БОСАК.
Фота з сямейнага архіву М.С. Камеша.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *