Апошні бой старшыны Уладзіміра Марчанкі

Да Дня Вялікай Перамогі

PA197479Даных аб Уладзіміру Мікітавічу Марчанку захавалася не так і многа. Нарадзіўся ён у 1916 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Губарэвічы. Скончыў Стралічаўскую сямігодку, потым быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, адкуль і трапіў на фронт. З баямі яму давялося прайсці Паўночны Каўказ, Данбас, Малдавію і Украіну, Польшчу і Германію.

Ваяваў наш зямляк-артылерыст умела і адважна, за што і заслужыў медаль «За адвагу», а потым стаў поўным кавалерам ордэна Славы. Гэта значыць, паслядоўна атрымаў усе тры ступені ордэна вышэйшай франтавой салдацкай доблесці.

Вядома, што апошні бой старшына Марчанка са сваім разлікам прыняў 16 красавіка 1945 года пад горадам Кюстрын. Сёння ён носіць польскую назву Костшын-над-Одрай, і да вайны быў вядомы толькі тым, што размяшчаўся на самой польска-нямецкай граніцы. Аднак менавіта тут у векапомны дзень 16 красавіка 1945 года пачалася знакамітая Берлінская наступальная аперацыя савецкіх войск, якая і прывяла да падзення фашысцкай сталіцы. Адсюль, ад Кюстрына, праз Зелаўскія вышыні адкрываўся самы кароткі і прамы шлях на Берлін. Нездарма ж так доўга – два з лішнім месяцы – нашы войскі вялі кровапралітныя баі за Кюстрынскі плацдарм, які немцы імкнуліся адбіць любой цаной і які стаў сімвалам мужнасці і гераізму савецкага салдата.

16 красавіка савецкія войскі перайшлі ў магутнае наступленне на гэтым стратэгічным участку фронту, і ў гэты дзень наш зямляк унёс свой уклад у летапіс франтавой доблесці. Пад яго камандаваннем воіны-артылерысты прамой наводкай знішчылі 6 агнявых кропак праціўніка, больш за 30 гітлераўцаў і ўзарвалі два бронетранспарцёры разам з экіпажамі.
У гэтым сваім апошнім баі Уладзімір Марчанка атрымаў цяжкія раненні, ад якіх памёр 17 красавіка ў шпіталі (так сведчыць усёведаючая «Вікіпедыя»), так і не дажыўшы да светлага Дня Перамогі. Пахаваны герой на могілках савецкіх воінаў пад Костшынам, дзе пакоіцца прах больш чым 400 нашых салдат і афіцэраў. Было яму ўсяго 29 год…
Ужо пасля заканчэння вайны, у маі 1946 года, за гэты подзвіг Уладзімір Мікітавіч Марчанка Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў узнагароджаны ордэнам Славы самай высокай – І ступені.

У архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі засталося і яшчэ адно сведчанне аб гераізме нашага земляка. Яно таксама датычыць баёў за Одру (палякі настойваюць менавіта на такой назве, якая па-нямецку гучыць Одэр), і адбылося гэта ў лютым усё таго ж пераможнага 1945 года. У ходзе абарончых баёў пад горадам Ортвіч артылерыйскі разлік пад камандаваннем Уладзіміра Марчанкі за 3 дні падбіў 3 нямецкія танкі «Тыгр» і падавіў столькі ж кулямётных кропак гітлераўцаў. За гэты подзвіг старшына У.М. Марчанка па прадстаўленню камандзіра 1054 палка 301 стралковай Сталінскай, ордэна Суворава дывізіі быў удастоены ордэна Славы ІІ ступені.
На жаль, не захавалася сведчанняў аб тым, за што канкрэтна наш зямляк атрымаў медаль «За адвагу». Але сам факт узнагароды ўжо ў першыя дні вайны – 6 ліпеня 1941 года –сведчыць аб многім.

А першы свой ордэн Славы ІІІ ступені ён атрымаў пры вызваленні Малдовы, калі 25 жніўня 1944 года ў баі каля вёскі Альбіна артылерыйскі разлік яго 76-міліметровай гарматы ліквідаваў спробу ворага вырвацца з акружэння і знішчыў 3 нямецкія гарматы, кулямёт і да 20 салдат праціўніка.

Вучні і настаўнікі Стралічаўскай СШ не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і маюць намер аднавіць гістарычную справядлівасць, запоўніўшы ўсе белыя плямы ў біяграфіі чалавека, чыё прозвішча носіць школа. Аб гэтым мне расказала ў час сустрэчы бібліятэкар школы Г.У. Васюк (на здымку). Дарэчы, яе бабуля з’яўляецца роднай сястрой героя, і Ганна Уладзіміраўна многае зрабіла для ўвекавечвання памяці гэтага чалавека.

– Справа зусім не ў нашым радстве, – гаворыць жанчына, – хаця наўрад ці хто адмовіцца ад такога ганаровага дзядулі… Проста рабяты павінны ведаць і заўсёды памятаць аб тым, якіх людзей дала свету наша зямля. Мне хочацца, каб яны ведалі аб гэтым як мага больш. І ніколі не забывалі іх светлыя імёны.

У тым, што Стралічаўская сярэдняя школа носіць імя Уладзіміра Марчанкі (а прысвоена яно было гэтай установе адукацыі ў 2004 годзе), як расказала Г.У. Васюк, вялікая заслуга былога дырэктара раённага краязнаўчага музея М.С. Скрыпчанкі. Ён жа пасадзейнічаў вырашэнню гэтага пытання і па лініі раённага савета ветэранаў. А цяперашні старшыня раённай ветэранскай арганізацыі В.С. Васькевіч з’яўляецца ініцыятарам напісання гэтай публікацыі. Такая вось атрымліваецца сувязь пакаленняў.

Тэматычныя вечары памяці і іншыя мерапрыемствы на ваенна-патрыятычную тэматыку праводзяцца тут рэгулярна.

Угэтыя дні вучні і настаўнікі Стралічаўскай СШ імя У.М. Марчанкі рыхтуюцца да 71-й гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У дні святкавання расказ аб сваім гераічным земляку па традыцыі паслухаюць самыя маленькія школьнікі. Хочацца верыць у тое, што потым, калі і яны падрастуць, то таксама перададуць гэты расказ новым першаклашкам. Такім чынам будзе жыць вечна ў пакаленнях нашчадкаў памяць аб мужным і адважным чалавеку, які аддаў сваё маладое жыццё за нас з вамі.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *