Па-рознаму складваюцца людскія лёсы. Бывае нават, што ўсё вырашае толькі адзін ненаўмысна кінуты позірк. А ў выпадку сям’і Мажэйкаў з г. Хойнікі, Раісы Адамаўны і Віктара Максімавіча (на здымку), менавіта так і атрымалася.
ЛЁС ЗВЁЎ ІХ РАЗАМ
У Раісы і Віктара многа агульнага: абодва з вёсак нашага раёна, дзяцінства, абпаленае вайной, простыя сялянскія сем’і.
Раіса пасля заканчэння Дварышчанскай школы працавала сакратаром прыёмнай у райсельгастэхніцы. Менавіта тут яе ўпершыню пабачыў Віктар, учарашні армеец. Стройная, з выразнымі рысамі твару і прамяністымі вачыма, дзяўчына з першага позірку паланіла сэрца працаваўшага ў гэтай арганізацыі вадзіцеля. Сустракаліся год, кожнае слова, кожны рух былі бясцэнным дарам для двух маладых людзей. Яны былі зачараваны адзін другім, паглынутыя пачуццём чыстага, бязмежнага кахання. На адным са спатканняў Віктар зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй выбранніцы. А потым было вяселле, якое святкавалі два дні – спачатку ў Дворышчы ў доме нявесты, назаўтра – у Паселічах, дзе жыў жаніх.
Сумеснае жыццё паставіла перад сям’ёй, якая стварылася, першыя цяжкасці: не было дзе жыць, таму абаснаваліся ў свякрові. Марылі аб вялікім, прасторным, утульным доме, каб месца ў ім хапіла ўсім: і дзецям, і гасцям, і будучым унукам. Сталі збіраць заробленыя грошы, так і пражылі ў Паселічах пяць гадоў. Муж з раднёй у вольны ад работы час майстравалі новую пабудову на вуліцы Дабравольскага райцэнтра: з лесу цягалі бярвёны, падымалі драўляныя балкі на вышыню, пілавалі, часалі, фарбавалі.
– Ужо 43 гады жывём тут, – Раіса Адамаўна гаворыць аб доме, у прасторных пакоях якога праходзіць наша размова. – Сюды прыязджаюць і прыходзяць нашы дзеці і ўнукі. Любяць гасцяваць і дапамагаюць па гаспадарцы. У маладыя гады побач з домам пасадзілі фруктовыя дрэвы, кожны год стараемся, каб на агародзе было многа ўсяго смачнага і карыснага.
ШЧАСЦЕ Ў ДЗЕЦЯХ
Варта пазайздросціць такому жыццёваму лёсу, як у Раісы Адамаўны і Віктара Максімавіча. У іх цудоўныя дзеці, усе атрымалі адукацыю, знайшлі сябе ў выбраных прафесіях.
Абодва бацькі з мнагадзетных сем’яў, у якіх браты і сёстры жылі дружна, старэйшыя даглядалі малодшых, як кажуць, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. Таму не дзіўна і тое, што Мажэйкі нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей. Першай радаваліся дачцы Зоі, якая жыве і настаўнічае ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. Яе дачка Алёна закончыла Смаленскую медыцынскую акадэмію, працуе ў горадзе Дзеснагорску Смаленскай вобласці намеснікам галоўнага ўрача бальніцы. Унучка падарыла бабулі і дзядулю першага праўнучка – яе сыну Мікалаю тры годзікі споўнілася.
Роўна праз год нарадзілася дачка Ніна, яна закончыла Маскоўскі чыгуначны інстытут, з мужам жыве ў Мінску, працуе бухгалтарам.
Дачка Наталля, 1970 года нараджэння, закончыла кааператыўны тэхнікум у г. Гомелі, са сваёй сям’ёй жыве ў Хойніках, працуе зараз прадаўцом, яе сын Віктар вучыцца ў выпускным класе СШ № 1.
Доўгачаканы сын Андрэй нарадзіўся праз два гады, закончыў Віцебскую ветакадэмію, у яго дзве дачкі – адзіна-ццацікласніца Таццяна і сямікласніца Вікторыя. Сям’я жыве ў Гомелі.
Усе дзеці выхоўваліся Мажэйкамі ў атмасферы цяпла і пяшчоты. З ранніх гадоў бацькі прывівалі ім любоў да працы, пачуццё адказнасці. Вось чаму зусім не дзіўна, што дочкі і сын радавалі і не перастаюць радаваць сваімі дасягненнямі і добрымі ўчынкамі.
САКРЭТ СЯМЕЙНАГА ДАЎГАЛЕЦЦЯ
І праз 49 гадоў у сямейным укладзе сям’і Мажэйкаў нічога не змянілася. У доме ўсё тое ж бязмежнае каханне. Усе праблемы вырашаюць разам, не робячы трагедыі па дробязях і пусцяках.
– Звычайна я старалася ўступаць пасля жыццёвых перыпетый, – дзеліцца Раіса Адамаўна. – Бывала, пасварымся, памаўчым некаторы час. Бачу, што Віцю цяжка, сама пачынаю размову. Так і жылі. Такой жа мудрасці патрэбна вучыцца сучасным маладым людзям, якія ствараюць сем’і, каб захаваць самае дарагое для сэрца і жыцця.
– Ёсць выдатныя словы, што за кожным паспяховым мужчынам стаіць жанчына, – далучаецца да гутаркі Віктар Максімавіч. – Мая Рая таму прыклад, яе дабрыня і адданасць сталі для мяне надзейнай падмогай. Асабліва гэта важна было для мяне тады, калі, працуючы вадзіцелем, перавозіў народнагаспадарчыя грузы ў розныя куткі былога СССР. Кожным сваім працоўным поспехам я абавязаны жонцы, якая ўвесь час перажывала за мяне, не па чутках ведаючы працу вадзіцеля-далёкабойшчыка.
Аб’ядноўвала іх і добрасумленная праца: Раіса Адамаўна пайшла на заслужаны адпачынак з раённай санстанцыі, дзе 28 гадоў адпрацавала дэзінсектарам, Віктар Максімавіч увесь час быў вадзіцелем, апошнія 9 гадоў – у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
Далёкі 1965 год для гэтай пары аказаўся шчаслівым – яны знайшлі адзін аднаго і па сённяшні дзень крочаць па жыцці разам. І хочацца пажадаць ім на гэтай дарозе доўгіх гадоў жыцця, здароўя, сямейнага дабрабыту і ўсяго самага найлепшага.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.