Вяселле высокай пробы

Людзі і лёсы

IMG_8838Сям’я… Ад гэтага слова вее ўтульнасцю і цяплом. Чым складаней свет вакол, тым цяжэй захаваць у ім сябе, сваю індывідуальнасць і дабрыню, тым мацней цягне нас да прыватнага жыцця, у наш дом, у нашу сям’ю, якая засцеражэ ад напасцяў. І калі ў ёй пануе каханне, узаемаразуменне і давер, цяпло і ўтульнасць, значыць гэта заслуга нашых паважаных юбіляраў, жыхароў вёскі Віць Аляксандра Піліпавіча і Кацярыны Мікалаеўны Рабянкоў, якія змаглі захаваць тыя адносіны, без якіх немагчыма шчасце. Бо сумесна пражытыя гады – гэта сапраўднае багацце, якое вылічваецца зусім не грашыма. Яны побач ужо пяцьдзесят гадоў, а быццам толькі ўчора была першая сустрэча, і вось яны ўжо ў акружэнні дзяцей і ўнукаў пішуць «залатую» старонку свайго шлюбнага жыцця, асноўныя моманты якога яны ўспомнілі.

Гісторыя кахання
Будучую жонку Аляксандр заўважыў на сцэне віцьеўскага клуба. Сярэдняга росту, са зграбнай фігурай і баявым характарам. А які голас! У той вечар Аляксандр праводзіў Кацярыну дамоў, сустракаліся яшчэ два гады да таго часу, пакуль не прыйшоў у сваты. А 2 жніўня 1964 года зарэгістравалі свой шлюб у Барысаўшчанскім сельскім Савеце, тады ж згулялі і вяселле – вясёлае і задорнае, якое традыцыйна для тагачаснай вёскі працягвалася тры дні. За пяцьдзесят гадоў Аляксандр ні разу не пашкадаваў аб зробленым выбары. У хаце заўсёды панаваў бездакорны парадак, дзеці былі дагледжаны і накормлены, агарод і падворак радавалі ўраджаем і шматгалоссем дамашняй жывёлы…

Жыццё ў працы
Аляксандр як прыйшоў пасля арміі на працу ў сельскую гаспадарку, так і пайшоў адсюль на заслужаны адпачынак. І з таго часу не здраджваў ні зямлі, ні хлебу. Хаця яго асноўная спецыяльнасць – вадзіцель, але ў гарачы ўборачны час перасаджваўся за штурвал збожжаўборачнага камбайна. Колькі ж народнагаспадрчых грузаў яму давялося перавезці, колькі кіламетраў «наматаць» на аўтамашыне,падліку не належыць. Заўсёды Аляксадр Піліпавіч лічыўся ў ліку самых старанных і добрасумленных работнікаў. Такой жа шчырай работніцай была і Кацярына Мікалаеўна. Дапамагала ёй даглядаць дзяцей свякроў Ева Захараўна, якая пражыла разам з сям’й сына 45 гадоў.

Род Рабянкоў працягваецца
Аляксандр Піліпавіч і Кацярына Мікалаеўна маюць чацвярых дзяцей. Дачка Люба працуе настаўніцай Паселіцкай сярэдняй школы, сыны Саша і Юра працуюць вадзіцелямі ў райцэнтры, яшчэ адна дачка Наташа з’яўляцца тэхработніцай у трэцяй гарадской сярэдняй школе.
Дзеці, якія з самага дзяцінства выхоўваліся ў любві да працы, чэснымі і прыстойнымі, падарылі бацькам шасцёра ўнукаў, якіх самі выхоўваюць па такіх жа прынцыпах. Як толькі выпадае вольная хвіліна, яны прыязджаюць да бацькоў, каб дапамагчы ім па гаспадарцы.

Звінела залатое вяселле
Менавіта дзеці сталі ініцыятарамі таго, каб адзначыць залаты юбілей сваіх бацькоў. Усю арганізацыю ўрачыстасці ўзялі на сябе.
Як гаварылі дзеці ў сваіх віншаваннях: «Толькі цярпенне і мудрасць, узаемная павага і дабрыня, жаданне ісці на ўступкі і ўменне чуць адзін другога дапамагалі і дапамагаюць нашым бацькам жыць у згодзе і каханні. У бацькоўскі дом мы заўсёды ідзём з радасцю. Ведаем: бацькі нас заўсёды чакаюць, любяць і разумеюць».
Дом па вуліцы Дзедава, што ў вёсцы Віць, напэўна ніколі не чуў столькі віншаванняў і пажаданняў, як у дзень залатога вяселля. Іх дастойны героі свята, сямейныя юбіляры, добрыя і шчырыя людзі Аляксандр Піліпавіч і Кацярына Мікалаеўна Рабянкі.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *