Галоўнае – не страчваць пазітыў

Тэрыторыя моладзі

Петя-Зеленковский…Вясёлае жыццё ў інтэрнаце, патрабавальныя выкладчыкі і надакучлівыя пары, шпаргалкі і апошняя ноч перад экзаменам… Дыплом. Размеркаванне. І вось яна – адпрацоўка!

Летась папаўненне маладымі спецыялістамі на Хойнікшчыне было адчувальнае – 111 чалавек. З іх 28 «прыпісаліся» ў гаспадарках раёна. Сельгаспрадпрыемства «Веляцін» атрымала трох маладых работнікаў, калектыў аравіцкіх аграрыяў прымаў 7 навічкоў, адзін спецыяліст быў размеркаваны ў эксбазу «Стралічава», па два чалавекі працаўладкавана ў КСУП імя Мележа і «Аграсервіс». Самы ж вялікі «дэсант» трапіў у Судкова – у гаспадарку накіравалі аж 13 маладых спецыялістаў.
Жыццё імкліва рухаецца, сельскагаспадарчая вытворчаць дынамічна развіваецца. З’яўляецца новая тэхніка, укараняюцца сучасныя тэхналогіі. Адпаведна ўзнікае запатрабаванасць у новых ведах, ідэях і ініцыятывах, якіх чакаюць у вёсцы ад моладзі. Таму і клапоціцца кіраўніцтва, каб «прыжыліся» маладыя кадры ў гаспадарцы. І тут важна ўсё – як сустрэлі, ці выдзелілі жыллё, ці працягнулі руку дапамогі ў вырашэнні складаных рабочых пытанняў.

Женя-КазаковМаладыя людзі – на ўсіх ключавых пастах: інжынеры, аграномы, заатэхнікі, бухгалтары, ветурачы… Яны імкнуцца ў поўнай меры раскрыць свой патэнцыял, заявіць аб сабе на працоўнай ніве і апраўдаць аказаны давер. Сёння мы і знаёмім з такімі маладымі энтузіястамі.

Оля-ЯрецЮрый Скіданенка нарадзіўся ў Хойніках. Закончыў першую гарадскую школу. Сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымаў у Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Зараз працуе ветэрынарным фельчарам у сельгаспрадпрыемстве «Аравічы». Малады чалавек браў мэтавае накіраванне ў гэтай гаспадарцы, таму размеркаванне для яго не стала сюрпрызам. Работа Юрыю прыносіць задавальненне, як і людзі, з якімі даводзіцца працаваць. Калектыў Храпкаўскай фермы ў сваю чаргу гаворыць аб ім як аб сумленным і граматным спецыялісце.

Юра-СкиданенкоСапраўды прыемна, калі сустракаюцца маладыя людзі, якія цалкам аддаюцца сваёй справе з першага працоўнага дня і ёсць надзея, што ў будучым яны дасягнуць у сваёй галіне найлепшых поспехаў. Такія як Пётр Зелянкоўскі і Мікалай Малянок з сельгаспрадпрыемства «Веляцін». Пётр жыве ў Пудакове. Закончыў былую Веляцінскую школу, а пасля – Калінкавіцкі аграрны каледж. Цяпер працуе брыгадзірам паляводчай брыгады. Мікалай родам са Стралічава. Атрымаў дыплом Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Зараз з’яўляецца інжынерам па механізацыі працаёмкіх працэсаў у жывёлагадоўлі.

Коля-МаленокВольга Ярац пасля заканчэння Калінкавіцкага агракаледжа заняла вакантную пасаду агранома-насеннявода ў эксбазе «Стралічава». У гаспадарцы новага работніка сустрэлі прыязна, адразу выдзелілі новенькі дом з усімі выгодамі. На ўмовы працы і быту наракаць не даводзіцца. Што датычыць жыцця ў сельскай мясцовасці, то дзяўчына да гэтага прывычная – сама з вёскі, нарадзілася і вырасла ў Велеціне. Яна лічыць, што ў аграгарадку Стралічава для людзей створаны добрыя ўмовы, а калі што, можна і ў горад з’ездзіць – недалёка ж.

Саша-СидорокЗадаволены працай і маладыя спецыялісты «Хойніцкага Аграсервіса». Інжынерам Аляксандру Сідарку і Яўгенію Казакову вельмі падабаецца справа, якой займаюцца, ды і добрыя адносіны з боку кіраўніцтва і старэйшых калег уздымаюць настрой. Юнакі ўпэўнены, што з выбарам прафесіі не памыліліся. Яны разам закончылі Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Саша родам са Стралічава. Пайшоў па слядах бацькі, які працуе тут галоўным інжынерам у эксбазе. А Яўгеній – з Хойнік. З дзяцінства захапляўся тэхнікай і марыў стаць інжынерам.

Прыемна ўразіла, што ў час нашай гутаркі ніхто з маладых спецыялістаў не наракаў на напружаны графік работы. Які аграном пакіне палеткі, пакуль на іх працуе тэхніка, і чаго варты заатэхнік, які не наведае ферму ў час вячэрняга даення? Па ўсім відаць, што ўладальнікі дыпломаў аб заканчэнні навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю добра ўяўлялі сабе, чым ім давядзецца займацца. Цяжкасці, вядома, ёсць усюды, але галоўнае – не страчваць пазітыў і аптымізм.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *