Знаёмства ў цягніку
Золатам клёнаў і чырвонцамі асін дагарала восень 1968-га. Цягнік “Хойнікі-Гомель”, які, лічы, спыняецца каля кожнага слупа, набліжаўся да вёскі Осаў. У вагон, дзе ў адзіноце сядзеў Іван Махнач, маладзенькі лейтэнант, які наведаў бацькоў і вяртаўся ў часць, зайшла дзяўчына. З першага погляду мацней забілася сэрца ў хлопца. Гэта тое, што трэба: гнуткі стан, пышныя каштанавыя валасы, точаныя ножкі ў модных туфельках. Села і, не звяртаючы ўвагі на Івана, стала глядзець у акно.
У Васілевічах Іван вылез з вагона, купіў у буфеце кулёк самых дарагіх цукерак “Мішка на Поўначы”. Сеў насупраць дзяўчыны і прапанаваў:
– Частуйцеся! Мяне завуць Іван. А вас?
– Угадайця, – націскаючы на “я”, абыякава азвалася дзяўчына.
– Наталля!
– Не-а…
– Валянціна!
– Не-а…
– Алена!
– Не-а…
– Тады здаюся. Скажыце хацяб першую і апошнюю літары імя.
– “Лэ” і “А”.
– Люба?
– Не-а…
– Ліза!
– Не-а…
– Тады здаюся… Як жа вас завуць?
– Ляксандра я! – яна какетліва глянула ў вочы Івана, узяла няспешна адну цукерку, разгарнула, накіравала ў рот.
– У госці, напэўна, едзеце?
– Не-а! Я працую ў Гомелі.
– Дык дзе ж, калі не сакрэт?
– Угадайця…
– На “Гомсельмашы”!
– Не-а…
– На “Камінтэрне”!
– Не-а…
Іван развёў рукамі.
– На фэзэкэ. Гэта так называецца фанера-запалкавы камбінат, дзе запалкі робяць.
– І кім жа? Можа кантралёрам АТК?
– Не-а…
– Майстрам?
– Не-а…
– Тады дырэктарам!
– Не-а… Абсяроўшчыца я. Серу на запалкі наношу, каб потым іх аб карабок можна было церці.
– Напэўна, заробкі добрыя? – запытаў Іван. – Колькі ж вы атрымліваеце ў месяц?
– Угадайця…
– Сто рублёў.
– Не-а…
– Сто сорак.
– Не-а…
Да паўтысячы ўгадваў лейтэнант і здаўся.
– Дык колькі ж?
– А колькі абся…
Ен не даў ёй дагаварыць:
– Зразумеў, зразумеў! Значыць ад выпрацоўкі. Колькі памочыце ў серу запалак, столькі і грошай атрымаеце.
– Ага, – згадзілася Аляксандра.
Больш размову працягваць Івану не хацелася. Ен выйшаў у тамбур, быццам пакурыць, і ўжо да канечнага прыпынку не заходзіў у вагон.