Падарылі часцінку сэрцаў

Образование

У ЦКРНіР падрыхтоўка да Міжнароднага дня інвалідаў пачалася задоўга да 3 снежня.


Згодна з планам мерапрыемстваў педагогі правялі з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі спартландыю. Рыхтаваць падзелкі рабятам дапамагала сацыяльны педагог Н.Ю. Лукша. Выстаўку гэтых творчых работ можна было ўбачыць у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. Акрамя таго, выхавальнікі цэнтра наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе больш усяго іх зацікавілі экспанаты пакоя з жывёльным светам. 


*   *   *


Мудры Сенека сказаў: “Калі хочаш жыць для сябе, жыві для другіх”. Гэтыя словы актуальныя і сёння, калі міласэрнасць з’яўляецца найбольш запатрабаванай маральнай катэгорыяй. Увага да хворых – гэта не даніна модзе, а абавязак кожнага, асабліва для безабаронных людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Справіцца з бядой, знайсці часцінку радасці, аблегчыць лёс дапамагаюць ім установы культуры.

Напярэдадні Дня інвалідаў работнікі ГЦКіС і цэнтральнай раённай бібліятэкі правялі акцыю “Ты не адзін”. Яны наведалі на даму інваліда другой групы Кіма Васільевіча Фядотава, які жыве разам з маці – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы З.Г. Гузок. У час сустрэчы панавала атмасфера цеплыні і добразычлівасці. Самадзейныя артысты Л.А. Бачына, Г.М. Далгачова, А.А. Сацура, А.Р. Карповіч  пад акампанемент баяніста Р.М. Лушча выконвалі беларускія народныя песні, прыпеўкі. Па просьбе Кіма Васільевіча праспявалі “Подмосковные вечера”.

Не абышлося без чаяпіцця. Пакідалі гасцінны дом з абяцаннямі сустракацца і надалей.

Затым завіталі да інваліда І групы Уладзіміра Іванавіча Кукса, які ўжо 11 год прыкаваны да інваліднай каляскі. Нядаўна ён страціў жонку, таму сустрэча атрымалася з налётам суму. Госці пагутарылі, падтрымалі гаспадара, падарылі добрую песню і часцінку сваіх сэрцаў.


В. ГУШЧА,
загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *